Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая эвакуацыя з «Азоўсталі», актыўныя баі на Данбасе і абстрэлы Харкава. 72-і дзень вайны Расеі супраць Украіны


Абстрэл металюргічнага камбінату «Азоўсталь» у Марыюпалі 5 траўня
Абстрэл металюргічнага камбінату «Азоўсталь» у Марыюпалі 5 траўня

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Ва ўкраінскіх партах Чорнага і Азоўскага мора Расея заблякавала 70 гандлёвых суднаў.
  • Войска Ўкраіны пайшло ў контранаступ на поўнач ад Харкава.
  • Расейскія войскі прарваліся на тэрыторыю «Азоўсталі», там ідуць цяжкія баі.
  • Полк «Азоў», які абараняецца на пляцоўцы «Азоўсталі» ў Марыюпалі ў няроўным баі з расейцамі, заклікаў сьвет і кіраўніцтва Ўкраіны дапамагчы эвакуаваць параненых жаўнераў.
  • 6 траўня пачалася трэцяя з пачатку месяца апэрацыя эвакуацыі мірных жыхароў з тэрыторыі «Азоўсталі».
  • UNICEF заявіла, што кожная шостая школа ва Ўкраіне разбураная. Сама меней 631 дзіця пацярпела з пачатку вайны ва Ўкраіне: загінулі 223 дзіцяці, 408 атрымалі раненьні, паводле зьвестак Генпракуратуры Ўкраіны на 5 траўня.
  • 5 траўня ўкраінцы вярнулі сабе кантроль над некалькімі паселішчамі на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласьцей.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 6 траўня

«Азоў»: Расейцы абстралялі аўтамабіль, які ехаў эвакуаваць мірных грамадзян з «Азоўсталі»

Падчас рэжыму прыпыненьня агню расейскія войскі падбілі на тэрыторыі заводу «Азоўсталь» аўтамабіль, які ехаў эвакуаваць мірных жыхароў, паведамляе 6 траўня ўкраінскі полк «Азоў», што трымае абарону Марыюпалю.

Паводле «Азову», аўтамабіль быў падбіты з дапамогай супрацьтанкавай кіраванай ракеты. У выніку абстрэлу 1 баец загінуў і 6 параненыя.

«Вораг працягвае парушаць усе дамоўленасьці і не выконваць гарантыі бясьпекі пры эвакуацыі цывільнага насельніцтва», — адзначаюць прадстаўнікі палку «Азоў».

4 траўня Расея паабяцала адкрыць гуманітарны калідор для мірных жыхароў, якія знаходзяцца на «Азоўсталі», з 08:00 да 18:00 (па маскоўскім часе) 5, 6 і 7 траўня для эвакуацыі «з тэрыторыі мэталюргічнага камбінату „Азоўсталь“ цывільных жанчын і дзяцей».

Кіраўнікі МЗС Літвы, Латвіі і Эстоніі знаходзяцца з працоўным візытам у Кіеве

З украінскім бокам абмяркоўваюцца пытаньні аднаўленьня пацярпелых тэрыторый, а таксама наданьне статусу кандыдата на ўступленне ў ЭЗ, паведаміў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Расейскія войскі абстралялі хімічнае прадпрыемства «Азот» у Севераданецку

Пра гэта расказаў 6 траўня кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай. Па ягоных словах, абстрэл адбыўся ўвечары 5 траўня. Снарады трапілі ў адну з апошніх АЗС у Луганскай вобласьці і ў разьмешчаную побач чыгуначную гаспадарку «Азоту».

Ратавальнікам удалося прадухіліць пагрозу ўзгараньня цыстэрнаў. Таксама ў горадзе абстрэламі пашкоджана 12 будынкаў, загінулі два чалавекі.

Акрамя Севераданецку, пад удар трапілі Лісічанск, Арэхавае, Горскае і Папасная.

У эфіры інфармацыйнага тэлемаратону 6 траўня Сяргей Гайдай заявіў, што Расея рыхтуе буйны наступ у Луганскай вобласьці.

«Мы рыхтуемся да больш магутных наступаў у бліжэйшыя тры-чатыры дні. Яны прыкладуць усе намаганьні, каб прарвацца ў Севераданецк або Папасную», — сказаў ён.

Начныя абстрэлы ў Днепрапятроўскай вобласьці

Уначы з «Градаў» абстралялі Днепрапятроўскую вобласьць — Крывароскі і Сінельнікаўскі раёны. Ахвяраў і пацярпелых, паводле папярэдніх зьвестак, няма, паведаміў раніцай 6 траўня кіраўнік абласной адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка. Ён апублікаваў фота аскепка ракеты, якая трапіла ў поле ў Пакроўскай грамадзе.

Пачалася трэцяя з пачатку траўня апэрацыя па эвакуацыі мірных жыхароў з тэрыторыі «Азоўсталі»

Пра гэта паведаміў увечары 5 траўня намесьнік генэральнага сакратара ААН у гуманітарных пытаньнях Марцін Грыфітс на паседжаньні Рады Бясьпекі ААН.

Віцэ-прэм’ер Украіны Ірына Верашчук абвясьціла эвакуацыю з Марыюпалю 6 траўня ў 12:00.

Раней паведамлялася, што Міністэрства абароны РФ абяцала аднабаковае спыненьне агню з мэтай вывазу цывільных з «Азоўсталі». У ходзе папярэдніх двух этапаў эвакуацыі гуманітарнымі канвоямі ААН з зоны баявых дзеяньняў у Марыюпалі, а менавіта з тэрыторыі камбінату «Азоўсталь», было вывезена каля 500 чалавек, паводле зьвестак ААН.

З заводу «Азоўсталь», Марыюпалю і прылеглых раёнаў ужо ўдалося эвакуаваць каля 500 чалавек

Пра гэта расказаў Генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.

«Я спадзяюся, што працяг каардынацыі з Масквой і Кіевам прывядзе да дадатковых гуманітарных паўзаў, каб дазволіць мірным жыхарам бясьпечны праход», — напісаў ён у Twitter.

Працягваецца штурм «Азоўсталі»

У Марыюпалі працягваецца блякада Ўзброеных сіл у раёне заводу «Азоўсталь». У некаторых раёнах пры падтрымцы авіяцыі расейцы аднавілі штурм, спрабуючы ўзяць завод пад кантроль, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы 6 траўня.

Увечары 5 траўня полк «Азоў» паведаміў, што расейскае войска для штурму выкарыстоўвае авіяцыю, артылерыю і пяхоту, і публікуе відэа штурму:

Паводле прэс-сакратара Пэнтагону Джона Кірбі, цяпер у Марыюпалі і яго навакольлях засталася «пара батальённых тактычных груп» Расеі.

«У цэлым, паводле нашых ацэнак, большасьць расейскіх войскаў — сухапутных войскаў, якія былі накіраваныя ў Марыюпаль, адышлі і рушылі на поўнач», — заявіў Кірбі.

Ва ўкраінскіх партах Чорнага і Азоўскага мораў Расея заблякавала 70 гандлёвых суднаў

Намесьнік міністра інфраструктуры Ўкраіны Юры Васкоў заявіў, што з прычыны ваенных дзеяньняў Расеі на тэрыторыі Ўкраіны заблякавана каля 70 гандлёвых караблёў. Экіпажы часткі іх удалося эвакуаваць. Паводле яго, цяпер Украіна адпраўляе і атрымлівае свае грузы праз адзіны Дунайскі порт. Марыюпальскі порт амаль цалкам зьнішчаны.

У той жа час Міністэрства абароны Расеі абвінавачвае Ўкраіну ў блякаваньні ў сямі партах (Херсон, Мікалаеў, Чарнаморск, Ачакаў, Адэса, Паўднёвы і Марыюпаль) 75 замежных суднаў з 17 дзяржаў. Расейскія вайскоўцы абвінавачваюць украінскія ўлады ў стварэньні пагрозаў абстрэлаў і мінаваньні ўнутраных і тэрытарыяльных водаў Украіны.

Працягваюцца актыўныя баявыя дзеяньні на Данбасе, абстрэлы Харкава

Паводле апэратыўнай інфармацыі Генштабу Ўзброеных сіл Украіны па стане на 6 гадзіну раніцы 6 траўня:

  • Расейскія войскі працягваюць наступ на ўсходзе для ўстанаўленьня поўнага кантролю над тэрыторыяй Данецкай і Луганскай абласьцей і ўтрыманьня сухапутнага калідора паміж Данбасам і Крымам.
  • На Данецкім і Таўрыйскім кірунках расейскія войскі працягваюць весьці актыўныя баявыя дзеяньні. У Луганскай вобласьці асноўныя намаганьні расейскія войскі засяродзілі на ўстанаўленьні поўнага кантролю над горадам Папасная, у Данецкай вобласьці — аднавілі наступ на Ліман і Северск.
  • На тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей Ўзброеныя сілы Ўкраіны за мінулы дзень адбілі 11 атак ворага, зьнішчылі 8 танкаў, 11 адзінак баявой браняванай тэхнікі і 5 адзінак аўтамабільнай тэхнікі расейцаў.
  • Працягваюцца абстрэлы з рэактыўнай і ствольнай артылерыі жылых кварталаў Харкава і прыгараду.
  • У Марыюпалі працягваецца блякада Ўзброеных сіл у раёне заводу «Азоўсталь». У некаторых раёнах пры падтрымцы авіяцыі расейцы аднавілі штурм, спрабуючы ўзяць завод пад кантроль.
  • На поўначы Херсоншчыны і Мікалаеўшчыны расейцы стралялі па пакінутых населеных пунктах.
  • Расейскія войскі працягваюць нарошчваць сыстэму супрацьпаветранай абароны, матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня і агнявога паражэньня, праводзяць перагрупоўку і аднаўленьне баяздольнасьці падразьдзяленьняў.

Генпракуратура Ўкраіны апублікавала падазрэньні і выклікі на допыт грамадзянам Расеі

Сярод іх — міністар абароны РФ Сяргей Шайгу, сьпікер Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін, кіраўнік Расгвардыі Віктар Золатаў, старшыня Савету Фэдэрацыі РФ Валянціна Мацьвіенка і інш.

Падазрэньні прад’яўленыя наконт «злачынстваў, учыненых на часова акупаваных тэрыторыях у Данецкай і Луганскай абласьцях», гаворыцца ў дакумэнце.

З пачатку вайны ва Ўкраіне пацярпела сама меней 631 дзіця

З пачатку вайны Расеі супраць Украіны ў краіне загінулі 223 дзіцяці, параненыя — каля 408 дзяцей, паводле зьвестак Генэральнай пракуратуры Ўкраіны на 6 траўня. Больш за ўсё пацярпела дзяцей у Данецкай (139), Кіеўскай (116) і Харкаўскай (95) абласьцях.

Брытанская выведка: штурм «Азоўсталі» каштуе Расеі вялікіх страт і зрывае пляны на поўдні Данбасу

Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі апублікавала штодзённую справаздачу на аснове дадзеных выведкі. Гэтым разам яна прысьвечаная сытуацыі на «Азоўсталі», дзе, па паведамленьнях украінскага боку, ужо два дні працягваецца штурм, хоць у Расеі кажуць толькі пра «блякаваньне» заводу.

Як паведамляе брытанская выведка, спробы авалодаць «Азоўстальлю» і завяршыць захоп Марыюпалю, верагодна, зьвязаныя з надыходзячым 9 траўня і жаданьнем Пуціна дамагчыся сымбалічнага посьпеху. Але пакуль гэтыя намаганьні суправаджаюцца толькі стратамі асабовага складу, тэхнікі і боепрыпасаў. Украінскі супраціў прыводзіць толькі да росту гэтых страт і зрывае апэратыўныя пляны Расеі на поўдні Данбасу, гаворыцца ў паведамленьні выведкі.

Пэнтагон: няма ніякіх прыкметаў, што Беларусь плянуе ўзяць актыўны ўдзел у вайне ва Ўкраіне

На пытаньне — «Ці фіксуе Пэнтагон якія-небудзь прыкметы таго, што беларускія вучэньні выклікаюць занепакоенасьць і Беларусь гатовая да больш актыўнага ўдзелу ў вайне?» — прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі на брыфінгу 5 траўня адказаў адмоўна.

«Няма ніякіх прыкметаў таго, што Беларусь мае намер узяць актыўны ўдзел у вайне ва Ўкраіне. Няхай сабе яны гавораць пра свае вучэньні. Але мы не адсочваем ніякіх прыкмет таго, што яны плянуюць або маюць намер непасрэдна ўдзельнічаць у вайне ва Ўкраіне», — сказаў Кірбі.

Швайцарскія юрысты дапамагаюць расейцам хаваць актывы — Хэльсынская камісія

Камісія па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (Хэльсынская камісія) заявіла, што Швайцарыя дапамагае расейскім алігархам хаваць свае актывы, якія карыстаюцца шчылінамі ў заканадаўстве.

«Пуцін і яго алігархі выкарыстоўваюць швайцарскія законы аб банкаўскай таямніцы, каб схаваць і абараніць даходы ад сваіх злачынстваў», — заявілі ў камісіі.

Па словах швайцарскага экспэрта па барацьбе з карупцыяй Марка Піта, які даваў паказаньні камісіі, у Швайцарыі існуе цэлы пасярэдніцкі сэктар. Такія структуры не дазваляюць банкам і ўраду вызначыць бэнэфіцыярных уладальнікаў актываў.

У Пэнтагоне пракамэнтавалі паведамленьні СМІ, што ЗША перадалі Кіеву каардынаты крэйсэра «Масква»

Па словах Кірбі, ЗША не давалі «канкрэтнай інфармацыі для ўказаньня цэлі» на «Маскву», і рашэньне аб абстрэле расейскага крэйсэра ўкраінскія вайскоўцы прынялі самі. Зрэшты, ягоныя словы не зьяўляюцца абвяржэньнем публікацый СМІ.

Зяленскі: Расея выпусьціла па Ўкраіне больш за 2 тысячы ракет, зьнішчана ці пашкоджана амаль 400 мэдустановаў

«Усяго за час гэтай вайны расейскае войска выкарыстала супраць Украіны ўжо 2014 ракет. Зафіксавана 2682 зьяўленьні расейскіх баявых самалётаў у нашым небе. Кожны з такіх „прылётаў“ — гэта гібель нашых людзей, гэта разбурэньне нашай інфраструктуры. Калі ўзяць толькі мэдычную інфраструктуру, то на сёньня расейскія войскі зьнішчылі або пашкодзілі ўжо амаль 400 установаў аховы здароўя», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце.

Паводле яго, у часова акупаваных раёнах Украіны на ўсходзе і поўдні катастрафічная сытуацыя з доступам да мэдычных паслуг і лекаў. У прыватнасьці, Зяленскі адзначыў, што на названых тэрыторыях фактычна цалкам адсутнічае лячэньне анкахворых, ускладнены або цалкам адсутнічае доступ да інсуліну для хворых на цукровы дыябэт, немагчыма правесьці хірургічныя апэрацыі.

На «гарачую лінію» МУС Украіны паступіла больш за 12 тысяч званкоў ад родных расейскіх салдат

На тэлефон «гарачай лініі» МУС Украіны праз тэлеграм-боты ўжо паступіла больш за 20 тысяч неафіцыйных зваротаў і каля 12 тысяч званкоў ад родных расейскіх салдат, якія шукаюць сваіх блізкіх, паведаміў дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Віктар Андрусаў у эфіры Ўсеўкраінскага інфармацыйнага тэлемаратону. Таксама, паводле яго, прыходзяць і афіцыйныя запыты ад расейскага амбудсмэна.

Першая лэдзі ЗША сустрэнецца ў Славаччыне з украінцамі

Першая лэдзі ЗША Джыл Байдэн наведае Славаччыну, дзе мае намер сустрэцца з украінскімі ўцекачамі, паведамляецца на сайце Белага дома. Адзначаецца, што візыт Джыл Байдэн пачаўся 5 траўня і працягнецца чатыры дні. У прыватнасьці, 6 траўня яна зьбіраецца адсьвяткаваць Дзень маці ў Кошыцах, дзе наведае цэнтар для ўцекачоў і дзьве спэцыяльныя школы. Таксама першая лэдзі ЗША правядзе сустрэчу з прэзыдэнтам Славаччыны Зузанай Чапутавай.

Са Славаччыны яна накіруецца ў Румынію, дзе сустрэнецца зь першай лэдзі гэтай краіны Кармэн Ёханіс і наведае амэрыканскіх вайскоўцаў на авіябазе.

Google выдаткуе 10 мільёнаў даляраў на барацьбу з фэйкамі пра вайну ва Ўкраіне

Кампанія Google вылучыла 10 мільёнаў даляраў для супрацьдзеяньня распаўсюджваньню ілжывай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне, паведаміў кіраўнік падразьдзяленьня Google у рэгіёне Эўропа, Блізкі Ўсход і Афрыка на Канфэрэнцыі донараў для дапамогі Ўкраіне ў Варшаве, перадае «Укрінформ».

Паводле ягоных зьвестак, кампанія ўжо выдзеліла Ўкраіне дапамогу ў 55 мільёнаў даляраў. Зь іх 35 мільёнаў даляраў было накіравана на гуманітарныя патрэбы, яшчэ 10 мільёнаў даляраў атрымалі польскія арганізацыі, якія працуюць з часова перамешчанымі асобамі.

«Учора мы анансавалі 1,5 млн гранту для Міжнароднага камітэту ратаваньня, каб пашырыць доступ да важнай інфармацыі пацярпелым ад вайны», — паведаміў ён. Паводле яго, Google да ўжо аказанай дапамогі дадасьць яшчэ 10 мільёнаў даляраў на гуманітарныя патрэбы людзей ва Ўкраіне і яшчэ 10 мільёнаў — на супрацьдзеяньне распаўсюджваньню непраўдзівай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне.

Расейскія войскі з пачатку вайны зьнішчылі больш за 20 аб'ектаў тэле- і радыёвяшчальнай інфраструктуры Ўкраіны

Расейскія акупанты наўмысна зьнішчаюць тэле- і радыёвяшчальную інфраструктуру Ўкраіны, каб пазбавіць украінцаў магчымасьці атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра вайну і сытуацыю ва Ўкраіне, заявіў падчас брыфінгу 5 траўня кіраўнік Дзяржаўнай службы спэцыяльнай сувязі і абароны інфармацыі Ўкраіны Юры Шчыгаль.

«З пачатку баявых дзеяньняў пашкоджана больш за 20 аб’ектаў Канцэрну радыёвяшчаньня, радыёсувязі і тэлебачаньня. У выніку абстрэлу 3 траўня ў Львове зьнішчаны дзьве трансфарматарныя падстанцыі, якія сілкавалі абʼект вяшчаньня КРРТ у Львове», — заявіў ён.

У Запарожжы ўвялі камэнданцкую гадзіну з 8-10 траўня, у Івана-Франкоўску просяць не выходзіць з дома 7-9 траўня

У Запарожжы ўвялі працяглую камэнданцкую гадзіну: яна будзе доўжыцца з 19.00 8 траўня да 5.00 10 траўня. У гэты час трэба заставацца дома. Выходзіць можна толькі ў сховішчы ў выпадку паветранай трывогі.

Жыхароў Івана-Франкоўску просяць заставацца дома або пакінуць горад 7–9 траўня з прычыны пагрозы ракетных удараў з боку Расеі. У гэтыя даты ў горадзе былі адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы.

У Луганскай вобласьці — ніводнай ацалелай АЗС

У Луганскай вобласьці з прычыны дзеяньняў расейскіх вайскоўцаў не засталося ніводнай ацалелай АЗС, існуе сьмяротная пагроза пры транспартаваньні паліва, паведаміў кіраўнік Луганскага аблсавету Сяргей Гайдай. У той жа час ужо ёсьць дамоўленасьці з новымі пастаўшчыкамі. Гайдай заклікаў кіроўцаў быць больш уважлівымі да расходу паліва, устрымлівацца ад непатрэбных паездак.

З пачатку вайны ва Ўкраіну вярнулі 324 палонных

У СБУ паведамілі, што з пачатку вайны Расеі супраць Украіны 324 палонныя вярнуліся ва Ўкраіну. Расея колькасьць вернутых палонных не называе.

Ва Ўкраіне стварылі карту Russian War Criminals

Антыкарупцыйны штаб разам зь незалежным агенцтвам журналісцкіх расьсьледаваньняў Слідство.Інфо стварылі онлайн-мапу Russian War Criminals, на якой кожны ахвотны можа знайсьці расейскіх вайскоўцаў, сярод якіх ёсьць датычныя да вайны ва Ўкраіне. Мэта праекту — ідэнтыфікацыя ўсіх вайскоўцаў РФ, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у вайне Расеі супраць Украіны або маюць да яе дачыненьне, для далейшага выкарыстаньня гэтых зьвестак ва ўкраінскіх судах і ў Міжнародным крымінальным судзе.

«У нас ужо ёсьць зьвесткі пра 138 тысяч расейскіх вайскоўцаў, 20 тысяч 100% датычных да вайны ва Ўкраіне, 485 палонных і 1996 вайскоўцаў, забітых на вайне ва Ўкраіне. Гэта пацьверджана доказамі, атрыманымі з адкрытых крыніц», — гаворыцца ў паведамленьні.

Расейскую літаратуру будуць канфіскоўваць з украінскіх бібліятэк на карысьць украінскай

Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі абвясьціла 5 траўня пра канфіскацыю з украінскіх бібліятэк расейскай прапагандысцкай літаратуры. Плянуецца, што замест расейскіх кніг бібліятэчныя паліцы будуць запаўняцца ўкраінскамоўнай літаратурай і кнігамі ўкраінскіх выдавецтваў.

CIT: Сур'ёзных прыкмет падрыхтоўкі да мабілізацыі ў Расеі няма

Нягледзячы на тое, што ў Расеі паведамляюць пра атрыманьне позваў з прапановай аб падпісаньні кароткатэрміновых кантрактаў, сурʼёзных прыкмет мабілізацыі насельніцтва пакуль не назіраецца, паведаміла 5 траўня аналітычная група Conflict Intelligence Team.

Аналітыкі адзначаюць, што пра падрыхтоўку да мабілізацыі можна было б меркаваць па наступных прыкметах:

  • перавозка тэхнікі з мабілізацыйных складоў на рамонтныя прадпрыемствы для яе раскансэрваваньня (цяпер адбываецца ў малых маштабах);
  • вывад часткі афіцэраў з зоны баявых дзеяньняў для падрыхтоўкі мабілізаваных (гэтага няма);
  • падрыхтоўка палігонаў да вучэньняў (гэтага не назіраецца);
  • падрыхтоўка ваенкаматаў у РФ да наплыву людзей (гэтага таксама няма).

Reuters: да забойстваў у Бучы маюць дачыненьне байцы Расгвардыі і чачэнскія войскі

Інфармацыйнае агенцтва Reuters правяло маштабнае расьсьледаваньне масавых забойстваў у Бучы і ўстанавіла, якія вайсковыя часткі Расеі знаходзіліся ў горадзе падчас акупацыі.

У прыватнасьці, да ваенных злачынстваў у Кіеўскай вобласьці, паводле апытаньня мясцовых жыхароў і знойдзеных дакумэнтаў, датычныя падразьдзяленьне Расгвардыі «Віцязь», 76-я парашутна-дэсантная дывізія з Пскова і вайскоўцы з Чачні.

Украінскія вайскоўцы адваявалі некалькі населеных пунктаў на Херсоншчыне і Мікалаеўшчыне

5 траўня войска Расеі страціла кантроль над некалькімі населенымі пунктамі на мяжы Мікалаеўскай і Херсонскай абласьцей. Пра гэта паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў Facebook.

Паводле апэратыўнай інфармацыі, па стане на 6:00 5 траўня дзякуючы пасьпяховым дзеяньням украінскіх абаронцаў праціўнік страціў кантроль над некалькімі населенымі пунктамі на мяжы названых абласьцей.

Генпракуратура Ўкраіны наклала арышт на 33 тысячы тон мінэральных угнаеньняў беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў

Як паведамляе Офіс Генпракурора Ўкраіны, арышт быў накладзены ў рамках расьсьледаваньня па факце наўмыснага ўхіленьня ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Сьледчыя ўстанавілі, што з парушэньнем мытнага заканадаўства ва Ўкраіну ўвезены хлёрысты калій на суму 650 мільёнаў грыўняў. Зараз вырашаецца пытаньне аб канфіскацыі маёмасьці на карысьць дзяржавы.

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,563 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.

Паводле дадзеных Офісу, больш за 3 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 826 000 чалавек — у Румынію, больш за 530 тысяч — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 681 тысячу чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 5 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

У Белгародзкай вобласьці Расеі зноў выбухі

Губэрнатар Белгародзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў пацьвердзіў, што ў вобласьці былі чуваць два моцныя «хлапкі». Пра гэта ён паведаміў у Telegram.

«Прачнуўся ад двух моцных разрываў. Па дадзеных апэратыўнага штабу, пашкоджаньняў і руйнаваньняў няма. Пацярпелых няма. У сацыяльных сетках ужо зьявіліся кадры ўспышкі ў небе. Самае галоўнае, што без ахвяр і разбурэньняў. Астатнюю інфармацыю ўдакладнім ранкам».

Пуцін папрасіў прабачэньня ў прэм'ера Ізраілю Нафталі Бэнэта за словы Лаўрова пра габрэяў

Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэньня ў прэм'ера Ізраілю Нафталі Бэнэта за словы Лаўрова пра габрэяў і антысэмітызм, паведамляе канцылярыя Бэнэта. На сайце Крамля ў паведамленьні пра размову з Бэнэтам пра гэта не сказана.

1 траўня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў параўнаў Зяленскага з Гітлерам, сказаў, што ў Гітлера была яўрэйская кроў, а самыя заўзятыя антысэміты — самі габрэі.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Кіеў: прыкмет новага наступу зь Беларусі няма

«На Валынскім, Палескім і Северскім кірунках расейскі праціўнік актыўных дзеяньняў не рабіў, прыкмет фармаваньня наступальных груповак ня знойдзена», — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага вайсковага камандаваньня на 6 гадзіну раніцы 3 траўня.

30 красавіка ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што не выключаюць зьдзяйсьненьня Расеяй правакацый на беларуска-ўкраінскім памежжы. Таксама было адзначана, што «захоўваецца пагроза зьдзяйсьненьня праціўнікам ракетна-бомбавых удараў па аб’ектах вайсковай і цывільнай інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны».

Як рэагуе сьвет

Нафтагазавая кампанія Shell прадае свой заправачны бізнэс у Расеі

Пагадненьне яшчэ не падпісанае, бакі ў працэсе перамоваў, удакладніў суразмоўца Forbes. Сярод патэнцыйных пакупнікоў — «Лукойл». Раней кампанія спыніла ўсе свае апэрацыі ў Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.

Варшаўская канфэрэнцыя донараў сабрала для Ўкраіны каля $6,5 млрд

У чацьвер у Варшаве адбылася міжнародная канфэрэнцыя донараў па зборы сродкаў для Ўкраіны, на якой было сабрана каля 6,5 мільярда даляраў, паведаміў прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.

Японія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі

Пад новыя санкцыі, уведзеныя 5 траўня, падпалі 140 фізычных і юрыдычных асобаў, зьвязаных з вайскова-прамысловым комплексам. Таксама ў сьпіс увайшлі некаторыя расейскія банкі.

Кампанія-распрацоўшчык папулярнага аддаленага працоўнага стала TeamViewer аб’явіла пра сыход з Расеі і Беларусі

Дамовы з кліентамі, якія ня трапілі пад санкцыі, будуць выкананыя ў поўным аб’ёме, але ня будуць падоўжаныя.

«Акрамя таго, TeamViewer заблякаваў усе неліцэнзійныя падключэньні ў Расеі і Беларусі і зь іх, каб пазьбегнуць далейшага выкарыстаньня нашага праграмнага забесьпячэньня», — гаворыцца ў паведамленьні на афіцыйным сайце кампаніі 5 траўня.

ЗША і Нямеччына заявілі, што ня будуць прызнаваць спробы РФ легітымізаваць захоп тэрыторый

Прэзыдэнт ЗША Байдэн увечары 5 траўня правёў тэлефонную размову з канцлерам Нямеччыны Олафам Шольцам. Бакі паведамілі, што ні ЗША, ні Нямеччына «ня будуць прызнаваць ніякіх крокаў, якія супярэчаць тэрытарыяльнаму сувэрэнітэту і цэласнасьці Ўкраіны, і будуць лічыць іх нелегітымнымі».

Bloomberg: ЭЗ разглядае магчымасьць увядзеньня санкцый супраць Аліны Кабаевай

Крыніцы Bloomberg сьцьвярджаюць, што Эўразьвяз прапрацоўвае магчымасьць увядзеньня санкцый супраць Аліны Кабаевай. Паводле непацьверджаных дадзеных, у Пуціна і былой гімнасткі Кабаевай ёсьць агульныя дзеці.

У красавіку крыніцы газэты The Wall Street Journal казалі, што ЗША разглядалі ўвядзеньне санкцый супраць Кабаевай, але «ў апошнюю хвіліну» адмовіліся ад гэтай ідэі, каб не раззлаваць Пуціна.

Вялікая Брытанія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі

Міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас 4 траўня абвясьціла пра санкцыі супраць 63 фізычных асоб і кампаній, многія зь якіх закранаюць работнікаў асноўных расейскіх мэдыякампаній, замарожваюць актывы і забараняюць ім паездкі ў краіну.

У санкцыйны сьпіс трапілі шэраг супрацоўнікаў расейскага «Первого канала», сярод іх — ваенныя карэспандэнты Яўген Паддубны (ВГТРК), Аляксандар Коц («Комсомольская правда»), Дзьмітры Сьцешын («Комсомольская правда»). Сярод іншых «стратэгічных прапагандысцкіх арганізацый», якія трапілі пад санкцыі, названыя Ўсерасейскае дзяржаўнае тэлебачаньне і радыёвяшчаньне, найбуйнейшая дзяржаўная вяшчальная кампанія (ВГТРК), агенцтва «ИнфоРос», SouthFront, Фонд стратэгічнай культуры.

Таксама санкцыі закранулі вядоўцу праграмы «Однако» на «Первом канале», віцэ-прэзыдэнта «Раснафты» Міхаіла Лявонцьева, вядучай і аўтара праграм на ВГТРК Наілі Аскер-задэ, былога міністра фінансаў, старшыню праўленьня банку «Адкрыцьцё» Міхаіла Задорнава, дырэктара Цэнтральнага музэю ВАВ Аляксандра Школьніка. Акрамя таго, санкцыі ўведзеныя супраць вытворцы грузавых аўтамабіляў КАМАЗ.

Вялікая Брытанія накіруе ва Ўкраіну 13 адзінак бранятэхнікі для эвакуацыі людзей з усходу

Таксама машыны будуць выкарыстоўвацца для перавозкі чыноўнікаў з украінскіх міністэрстваў на часовыя камандныя пункты. Яны вытрымліваюць хуткасныя кулі, супрацьпяхотныя міны і самаробныя выбуховыя прыстасаваньні. Гэтая апошняя перадача бранятэхнікі дапаможа абараніць мірных жыхароў, якія спрабуюць уцячы ад расейскіх абстрэлаў, і падтрымае ўкраінскіх чыноўнікаў у іх жыцьцёва важнай працы, заявіла 3 траўня міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас.

NATO дапаможа Ўкраіне перайсьці ад зброі савецкіх часоў да сучаснай

Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс гатовы падтрымаць Украіну ў вайне супраць Расеі, нават калі вайна зацягнецца на гады. Паводле яго, NATO дапаможа Кіеву мадэрнізаваць узбраеньне савецкіх часоў да ўзроўню заходняй вайсковай тэхнікі.

Злучаныя Штаты, найбуйнейшы сябра NATO, ужо перадалі Ўкраіне зброю на 3 мільярды даляраў з пачатку маштабнага ўварваньня Расеі.

Амэрыканскія вайскоўцы навучаюць украінскіх у Нямеччыне

Навучаньне праводзіць Нацыянальная гвардыя Флорыды, што ўваходзіла ў склад Аб'яднанай шматнацыянальнай навучальнай групы на захадзе Ўкраіны і была вымушана пакінуць краіну з прычыны росту пагрозы расейскага ўварваньня ў лютым.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG