«Рознагалосьсі ў мінулым»: прэзыдэнты Ўкраіны і Нямеччыны пагаварылі праз тэлефон

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер
Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер выказаў прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму сваю салідарнасьць і падтрымку «мужнай барацьбы ўкраінскага народу супраць расейскіх агрэсараў».

Як паведамляецца на афіцыйным сайце прэзыдэнта Нямеччыны, 5 траўня адбылася тэлефонная размова Штайнмаера і Зяленскага.

«Нямеччына ад пачатку падтрымлівае Ўкраіну фінансава, эканамічна і вайскова ў яе абарончай барацьбе і салідарная з Украінай», — адзначаецца ў паведамленьні.

Асобна ўдакладняецца, што абодва прэзыдэнты ахарактарызавалі размову як «вельмі важную і вельмі добрую», а ўсе рознагалосьсі засталіся ў мінулым.

«Абодва прэзыдэнты дамовіліся заставацца ў цесным кантакце», — адзначаецца на сайце.

Раней прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер выказваў гатоўнасьць наведаць Украіну, аднак кіраўніцтва ў Кіеве адхіліла яго візыт з прычыны яго ранейшай палітыкі збліжэньня з Расеяй і дало зразумець, што чакае хутчэй візыту канцлера ФРН Оляфа Шольца.

​
XS
SM
MD
LG