Пагрузка ваеннай тэхнікі на плятформу ў рамках раптоўнай праверкі сіл рэагаваньня. Беларусь. 4 траўня, 2022 года.
Міністэрства абароны Вялікабрытаніі прысьвяціла сваю чарговую справаздачу раптоўнай праверцы сіл рэагаваньня ў Беларусі, якую абвясьцілі 4 траўня.
Галоўная выснова брытанскай выведкі: нічога незвычайнага пакуль не адбываецца. Беларускія войскі выходзяць з гарнізонаў, але гэта адпавядае сэзоннай норме; кульмінацыя зімовага цыклу вучэньняў у Беларусі якраз надыходзіць у траўні. Адхіленьняў ад звычайнай актыўнасьці, якая б уяўляла пагрозу, у бліжэйшы час не чакаецца.
Аднак, як паведамляе Мінабароны Вялікабрытаніі, вялікая верагоднасьць, што Расея паспрабуе разьдзіуць пагрозу, якая ствараецца для Украіны гэтымі вучэньнямі для таго, каб скаваць украінскія сілы на поўначы.
У сваю чаргу Генштаб Узброеных сіл Украіны ў апэратыўнай зводцы за 4 траўня паведаміў, што на тэрыторыі Гомельскай вобласьці адбываецца нарошчваньне сыстэмы супрацьпаветранай абароны, праведзена трэніроўка падразьдзяленьняў радыёэлектроннай барацьбы.
Пагрузка ваеннай тэхнікі на плятформу ў рамках раптоўнай праверкі сіл рэагаваньня. Беларусь. 4 траўня, 2022 года.
Акрамя таго, адзначае ведамства, ваеннае камандаваньне Ўкраіны не выключае правядзеньня дэманстрацыйных і правакацыйных дзеяньняў у беларуска-ўкраінскім памежжы.
Паводле зьвестак Генштаба УСУ, «пэўныя» беларускія падразьдзяленьні «працягваюць выконваць» задачы па ўмацаваньні мяжы ў Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях.
Пагрузка ваеннай тэхнікі на плятформу ў рамках раптоўнай праверкі сіл рэагаваньня. Беларусь. 4 траўня, 2022 года.
4 траўня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла, што ва Ўзброеных сілах Беларусі пачалася раптоўная праверка сіл рэагаваньня, мэтай якой зьяўляецца «ацэнка гатоўнасьці і здольнасьці асабовага складу да апэратыўнага рэагаваньня на магчымае ўзьнікненьне крызісных сытуацый». У паведамленьні адзначалася, што гэтыя дзеяньні «не нясуць ніякай пагрозы ні для эўрапейскай супольнасьці ў цэлым, ні для суседніх краін у прыватнасьці».