Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паважаны фюрэр, мы вырашылі вас зрынуць...» Як правадыроў, якія цярпелі няўдачы ў вайне, спрабавалі адхіліць ад улады


Учора яны лісьліва зазіралі ў вочы, гучна ўслаўлялі ягоныя перамогі, падтрымлівалі любыя ініцыятывы, называлі геніяльным і непераўзыдзеным палкаводцам. А сёньня, калі ваенная ўдача адвярнулася ад яго, плятуць таемныя змовы, інтрыгі, рыхтуюць выбухоўку ці арышт і адхіленьне ад улады.

Гэта ў дэмакратычных рэжымах у выпадку ваеннай няўдачы вярхоўны галоўнакамандуючы ці прэзыдэнт падае ў адстаўку, абвяшчаюць новыя выбары, фармуецца новы ўрад. Пры дыктатуры ў распальшчыка вайны іншая доля. Тут ужо альбо маршальскія пагоны, бронзавыя статуі ды пажыцьцёвая слава вялікага правадыра і военачальніка, альбо ампула з цыяністым каліем у бункеры, ці шыбеніца на плошчы, ці расстрэльная каманда ля сьценаў турмы.

Зрэшты, яшчэ задоўга да таго, як надыходзіць момант поўнай паразы і капітуляцыі, толькі пры першых прыкметах будучай катастрофы, што набліжаецца, амаль усе такія дыктатуры праходзяць яшчэ праз адно выпрабаваньне. І выпрабаваньне гэтае — змова ў блізкім атачэньні, здрада прыдворных. Прынамсі, менавіта так здарылася падчас Другой сусьветнай вайны, калі дыктатарскія рэжымы краінаў «восі» апынуліся перад рэальнай пагрозай блізкай капітуляцыі.

Мусаліні і Гітлер, 1938 год
Мусаліні і Гітлер, 1938 год

Змова супраць Мусаліні ў Італіі 25 ліпеня 1943 года

Да лета 1943 года, пасьля разгрому нямецка-італьянскіх войскаў у Паўночнай Афрыцы і Сталінградзе, Італія была пазбаўлена ўсіх сваіх калёніяў і страціла экспэдыцыйны корпус на Ўсходнім фронце. Мара пра абяцаную Мусаліні італьянцам новую «Рымскую імпэрыю» зьнікала на вачах. Ды і сам дучэ, пакутуючы ад дэпрэсіі, з усё меншым імпэтам займаўся дзяржаўнымі справамі. Незадаволеныя гэтымі паразамі фашысцкія функцыянэры ў атачэньні Мусаліні сфармавалі некалькі апазыцыйных груповак і запатрабавалі скліканьня Вялікай фашысцкай рады. Адна зь іх пры падтрымцы караля Віктара Эмануіла ІІІ правяла праз Раду рэзалюцыю аб перадачы вярхоўнай улады і галоўнакамандаваньня каралю і аб роспуску фашысцкіх інстытутаў улады. 25 ліпеня дучэ выклікалі на аўдыенцыю да караля і там жа арыштавалі.

Разгневаны Гітлер тут жа паслаў у Італію свае войскі. Мусаліні пасьля месяца арышту вызвалілі, і ён нават абвесьціў на поўначы краіны марыянэтачную, цалкам залежную ад немцаў Італьянскую сацыяльную рэспубліку — у супрацьвагу каралеўскаму ўраду, які перайшоў на бок саюзьнікаў. Пратрымалася новая «рэспубліка» нядоўга: у красавіку 1945 года нямецкія і ляяльныя Мусаліні войскі ў Італіі былі канчаткова разгромленыя, а сам дучэ захоплены і расстраляны італьянскімі партызанамі за два дні да сьмерці Гітлера. Мёртвыя целы Дучэ і ягонай каханкі падвесілі за ногі на плошчы ў Міляне.

Трупы італьянскага дыктатара Бэніта Мусаліні (зьлева) і яго каханкі Клярэты Петачы павешаныя ў Мілане 29 красавіка 1945 году
Трупы італьянскага дыктатара Бэніта Мусаліні (зьлева) і яго каханкі Клярэты Петачы павешаныя ў Мілане 29 красавіка 1945 году

Замах на Гітлера 20 ліпеня 1944 года: апэрацыя «Валькірыя»

Лета 1944-га. Час вялікіх паразаў гітлераўскай арміі. На захадзе саюзьнікі адкрылі другі фронт. На ўсходзе Чырвоная армія імкліва наступае, вызваляючы Беларусь і Ўкраіну, і вось-вось выйдзе на рубеж даваенных межаў СССР.

Удзельнікі змовы — група старшых афіцэраў і генэралаў вэрмахту, якія былі перакананы, што Гітлер вядзе Нямеччыну да катастрофы. Летам 1944-га ўжо было відавочна, што параза гітлераўскай Нямеччыны ў вайне немінучая. Мэтай змоўшчыкаў было фізычна зьнішчыць Гітлера, пасьля чаго спыніць вайну, хутка заключыць мірную дамову і такім чынам уратаваць Нямеччыну ад канчатковага разгрому.

Фатаграфіі Кляўса Штаўфэнбэрга ў яго былым офісе, які цяпер зьяўляецца часткай Мэмарыяльнага цэнтру Нямецкага Супраціву ў Бэрліне
Фатаграфіі Кляўса Штаўфэнбэрга ў яго былым офісе, які цяпер зьяўляецца часткай Мэмарыяльнага цэнтру Нямецкага Супраціву ў Бэрліне

Знакавая фігура змовы — палкоўнік вэрмахту Кляўс Штаўфэнбэрг. Гэта ён 20 ліпеня 1944 года пранёс партфэль з выбуховым прыстасаваньнем у памяшканьне ў стаўцы фюрэра «Воўчае логава» ва Ўсходняй Прусіі, дзе Гітлер праводзіў нараду. Аднак за лічаныя сэкунды да выбуху палкоўнік Гайнц Брант пераставіў партфэль. Гэта, а таксама масіўны дубовы стол, выратавала Гітлера. З 24 асобаў, якія былі ў памяшканьні, чацьвёра загінулі, 17 былі параненыя. А Гітлер атрымаў толькі лёгкую кантузію.

Вынікам правалу сталі пакараньне сьмерцю большасьці змоўшчыкаў і ўзмацненьне рэпрэсій супраць іншых удзельнікаў нямецкага Супраціву. На загад Гітлера большасьць асуджаных на сьмерць не расстрэльвалі, а вешалі на раяльных струнах, прымацаваных да крука мясьніка на столі, у турме Плёцэнзээ. Адрозна ад звычайнага павешаньня, сьмерць надыходзіла не ад пералому шыі і не ад параўнальна хуткага ўдушша, а ад пакутлівага расьцягваньня шыі і маруднага задушэньня. Пакараньне сьмерцю адмыслова для Гітлера здымалі на кінаплёнку. Сярод асуджаных на сьмерць 200 чалавек былі: адзін фэльдмаршал (Эрвін фон Віцлебэн), 19 генэралаў, 26 палкоўнікаў.

Адзін з апошніх дзёньнікавых запісаў Кляўса Штаўфэнбэрга перад замахам:

«Хто знойдзе ў сабе мужнасьць зрабіць гэта, увойдзе ў гісторыю як здраднік, але калі ён адмовіцца гэта зрабіць, то будзе здраднікам перад сваім сумленьнем».

У сёньняшняй дэмакратычнай Нямеччыне Кляўс Штаўфэнбэрг і іншыя ўдзельнікі змовы супраць Гітлера лічацца нацыянальнымі героямі, якія аддалі жыцьцё дзеля свабоды сваёй Радзімы.

Канадзкія вайскоўцы сьвяткуюць перамогу над Гітлерам, Нямечына 20 траўня 1945 году
Канадзкія вайскоўцы сьвяткуюць перамогу над Гітлерам, Нямечына 20 траўня 1945 году

Змова супраць румынскага дыктатара Антанэску 23 жніўня 1944 года

У канцы жніўня 1944 года баі ішлі ўжо ў Малдове і на паўночным усходзе Румыніі. Разгром нямецка-румынскіх сілаў у Яска-Кішынёўскай апэрацыі быў відавочны. Юны румынскі кароль Міхай І, змовіўшыся са сваімі прыхільнікамі зь ліку генэралітэту і антыфашысцкіх палітычных сілаў, задумалі адхіліць «кандукэтара» ад улады. 23 жніўня 1944 года Антанэску быў запрошаны да караля. Міхай І быў па-каралеўску галянтны (цытата з афіцыйнага пратакола):

«Паважаны маршал, улічваючы жаданьне майго народу, выказанае прадстаўнікамі большасьці, лідэрамі дэмакратычных партый — выйсьці неадкладна з вайны, каб уратаваць краіну ад катастрофы — мы вырашылі зрынуць вас сёньня».

Гітлер і Антанэску, 1943 год
Гітлер і Антанэску, 1943 год

Калі «кандукэтар» пачаў абурацца і пярэчыць, яго тут жа арыштавала каралеўская ахова. У хуткім часе былы румынскі фюрэр трапіў у засьценкі НКВД. Пасьля вайны Масква перадала яго для суду новай камуністычнай уладзе Румыніі. 17 траўня 1946 года Антанэску быў асуджаны на расстрэл як ваенны злачынца. Першага чэрвеня 1946 года ў лесе недалёка ад Жылаўскай турмы яго расстралялі.

Пакараньне сьмерцю румынскага дыктатара Антанэску, 1 чэрвеня 1946 года
Пакараньне сьмерцю румынскага дыктатара Антанэску, 1 чэрвеня 1946 года

Гэта былі розныя рэжымы, розныя гістарычныя традыцыі і розныя асобы дыктатараў. Але заканамернасьць адна. Заўсёды знаходзіліся сілы, якія на этапе пералому ў вайне спрабавалі спыніць ашалелага фюрэра. Матывы змоўшчыкаў бывалі рознымі. Нехта абгрунтоўваў свой удзел у спробе перавароту тым, што дбаў пра выратаваньне няшчаснай Айчыны. Хтосьці клапаціўся пра ўласныя мільярды, страчаныя праз авантурнасьць правадыра, і задумваўся пра ўласны лёс у будучым пасьляваенным сьвеце. І ўсе разам не хацелі ісьці на дно разам з галоўнакамандуючым, які ўсё больш відавочна страчваў адэкватнае ўспрыманьне рэальнасьці.

Прычым змовы сьпелі гадамі. Але вырашальная фаза надыходзіла тады, калі варожая кананада ўжо была чуваць удалечыні, калі прывід капітуляцыі стукаўся ў дзьверы. Залежнасьць тут непасрэдная: чым бліжэйшая параза, тым большая пагроза для трона з боку прыдворных.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG