Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зубры сыходзяць — пушча апусьцела. Трыюмф і драма Станіслава Шушкевіча


Зьлева направа ў першым шэрагу: прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. 8 сьнежня 1991 году
Зьлева направа ў першым шэрагу: прэзыдэнт Украіны Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч і прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын. 8 сьнежня 1991 году

Станіслаў Шушкевіч увасобіў сабой вобраз палітыка пачатку 1990-х гадоў, пэрыяду першых крокаў беларускай дзяржаўнасьці.

Сьцісла:

  • Імідж Шушкевіча, здавалася б, найбольш дакладна пасаваў мэнталітэту беларускага народу.
  • Ягоны вобраз палітычнага цэнтрыста, які ўвесь час шукае кампрамісу, згоды, ня вытрымаў выпрабаваньня крызісам.
  • Віна за эканамічныя катаклізмы пачатку 1990-х гадоў упала найперш на Шушкевіча, хоць ён ня быў кіраўніком выканаўчай улады.
  • У пэўным сэнсе да самага канца Шушкевіч заставаўся палітычным ідэалістам. І напамінам аб магчымай гістарычнай альтэрнатыве.

Зь лёгкай рукі Віктара Ганчара вобраз «белавескага зубра» трывала замацаваўся за Станіславам Шушкевічам. Ня толькі таму, што ён падпісаў гістарычныя Белавескія пагадненьні, якія ліквідавалі СССР, але і ў шырэйшым сэнсе. Як вобраз палітыка, які адлюстраваў эпоху пачатку 1990-х гадоў, краху камуністычнай сыстэмы, першых крокаў беларускай дзяржаўнасьці. І як нейкую магчымую альтэрнатыву таму адыёзнаму рэжыму, які захапіў Беларусь.

Імідж Шушкевіча, здавалася б, найбольш пасаваў мэнталітэту беларускага народу. Узважанасьць, абачлівасьць, разважлівасьць, прыхільнасьць закону, талерантнасьць, імкненьне да кампрамісу, адукаванасьць доўгі час імпанавалі людзям і дазвалялі яму ў 1991–1992 гадах быць бясспрэчным лідэрам ва ўсіх сацыялягічных апытаньнях.

Тут перад намі паўстае інтэлігент у чыстым выглядзе: сын пісьменьніка, прафэсар, які ўмее добра і пераканаўча гаварыць (асабліва на тле ягонага папярэдніка, «красамоўнага» Мікалая Дземянцея), свабодна пераходзіць паміж беларускай і расейскай мовамі. Глыбокая ўнутраная інтэлігентнасьць была бачная ў самой манеры паводзін Шушкевіча. Ён унёс гэтую інтэлігентнасьць у палітыку, стварыў своеасаблівы палітычны стыль, падобны да стылю эўрапейскіх палітыкаў. Шушкевіч узьняў плянку паводзінаў палітычнага дзеяча ў Беларусі. Калі ў красавіку 1991 г. абураныя працоўныя выйшлі на плошчу, Шушкевіч адзіны з кіраўніцтва рэспублікі ўступіў зь імі ў сур’ёзныя перамовы.

Шушкевіч спрабаваў вырашыць невырашальную, па сутнасьці, задачу: утрымацца на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету пры дамінаваньні ў парлямэнце старой савецкай намэнклятуры і захаваць пры гэтым аблічча дэмакрата. Самае дзіўнае, што гэта яму ў значнай меры ўдавалася.

Непераадольным для ягонага палітычнага лёсу сталі два падводныя камяні.

Першы быў наўпрост зьвязаны зь ягоным іміджам палітычнага цэнтрыста, які ўвесь час шукае кампрамісу, згоды. А на пачатку 1990-х гадоў краіна ўступіла ў пэрыяд вострага крызісу, які стаў наступствам распаду СССР, краху савецкай сыстэмы зь яе плянавай эканомікай, разрывам гаспадарчых сувязяў і інш. Па меры абвастрэньня сацыяльна-эканамічных праблем грамадзтва палярызуецца, палітычны цэнтар размываецца. Сацыяльная база цэнтрыстаў рэзка звужаецца, і ўзьнікае момант, калі яны павісаюць у паветры. І тады дастаткова невялікага штуршка, каб іх зрынуць. Калі браць гістарычныя аналёгіі, то Шушкевіча напаткаў лёс клясычных цэнтрыстаў — Аляксандра Керанскага ў 1917 годзе, Міхаіла Гарбачова падчас «перабудовы»: вялізная папулярнасьць на пачатку кіраваньня і мінімальная падтрымка напрыканцы. Любімае ягонае слова — «згода» — пачало раздражняць людзей. У грамадзтве дамінавала ўяўленьне пра яго як пра палітыка недастаткова рашучага, залішне кампраміснага.

Другім непераадольным бар’ерам стаў разрыў паміж ягоным фармальным і фактычным статусам. Справа ў тым, што, займаючы пасаду старшыні Вярхоўнага Савету і будучы паводле Канстытуцыі найвышэйшай службовай асобай у дзяржаве, Станіслаў Шушкевіч у грамадзкай сьвядомасьці выступаў як галоўная фігура ўсёй дзяржаўнай улады. Людзі кожны дзень бачылі яго па тэлебачаньні (а праца Вярхоўнага Савету тады трансьлявалася ўжывую) за сталом сьпікера, які вядзе паседжаньне, і ўяўлялі яго як самага важнага начальніка ў краіне. Насамрэч выканаўчая ўлада была ў Саўміна, які кантраляваў і парлямэнт. Шушкевіч нават у межах сваіх невялікіх паўнамоцтваў аказаўся нібыта са зьвязанымі рукамі. Аднак віна за эканамічныя катаклізмы пачатку 1990-х гадоў упала найперш на яго. Гэтая супярэчнасьць адыграла фатальную ролю ў стаўленьні насельніцтва да Шушкевіча.

На пачатку 1994 году каманда кіраўніка ўраду Вячаслава Кебіча менавіта ў Шушкевічу (а не ў Лукашэнку) бачыла галоўнага канкурэнта на пасаду прэзыдэнта, і з пасады старшыні Вярхоўнага Савету ён быў адпраўлены ў адстаўку.

Прэзыдэнцкія выбары 1994 году Шушкевіч прайграў. Аднак з палітыкі не сышоў. Да самага апошняга часу ён быў у апазыцыі, выразна дэманстраваў сваю нязгоду зь існым рэжымам. У пэўным сэнсе да самага канца ён застаўся палітычным ідэалістам. І напамінам аб магчымай гістарычнай альтэрнатыве — калі б, напрыклад, прэзыдэнцкія выбары адбыліся ў 1992 годзе.

Сыход з жыцьця Станіслава Шушкевіча азначае канец цэлай эпохі. Калі адыходзяць палітычныя зубры, хто застаецца ў пушчы?

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG