«Гэта кідалава», — Галоўчанка расказаў аб праблемах з пастаўкамі мэдабсталяваньня ў сувязі з санкцыямі

Раман Галоўчанка
Раман Галоўчанка

Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка падчас рабочай паездкі ў Мядзельскі раён 22 красавіка назваў складанай сытуацыю з імпартам мэдыцынскага абсталяваньня з Захаду, паведамляе прэс-служба ўрада.

«Вы ведаеце, што ў адным з крайніх пакетаў [санкцый], уведзеных у дачыненьні да нашай краіны, былі зробленыя так званыя гуманітарныя выключэньні: нібыта яны не датычацца паставак харчаваньня, мэдыцынскага абсталяваньня, мэдыкамэнтаў і гэтак далей. Але гэта прадэкляравана, а цяпер, калі мы ставім пытаньне аб закупах новага мэдыцынскага абсталяваньня, напрыклад, для цэнтраў, якія рэканструююцца, то пакуль атрымліваем адказы, мякка кажучы, няпэўныя», — заявіў прэмʼер-міністар.

Тое ж самае, паводле Галоўчанкі, тычыцца і паставак запасных частак да высокатэхналягічных апаратаў:

«Гэта паказвае, наколькі двудушная і непасьлядоўная пазыцыя [Захаду]. Гэта нават не бандытызм, а — можна жаргоннае слова ўжыць — „кідалава“», — заявіў ён.

Тым ня менш Галоўчанка спадзяецца вырашыць праблему «ў тым ці іншым выглядзе».

У рамках чарговага пакету санкцыяў супраць Расеі і Беларусі 9 сакавіка Эўразьвяз забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, у тым ліку транзытныя, для беларускіх і расейскіх кампаніяў. Абмежаваньні былі прынятыя «ў сувязі з сытуацыяй у Беларусі і датычнасьцю Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны». Выключэньне зрабілі для перавозкі пошты і гуманітарных грузаў.

Грузаперавозчыкам, якія знаходзіліся на тэрыторыі ЭЗ да 9 красавіка, дазволілі даставіць грузы і вярнуцца на тэрыторыю Беларусі да 16 красавіка.

​
XS
SM
MD
LG