Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забарона грузаперавозак з ЭЗ: Колькі беларусаў пацярпіць і што страціць Беларусь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Толькі на аказаньні грузавых паслуг Беларусь штогод зарабляла 2,5 мільярда даляраў.

Літва, Латвія, Эстонія і Польшча заклікаюць ЭЗ цалкам заблякаваць перавозку грузаў з Расеі і Беларусі.

«Забарона на перавозку грузаў расейскім і беларускім аўтатранспартам і заход суднаў дзьвюх краін у парты будзе мець найбольшы эфэкт, калі будзе прыняты на ўзроўні ЭЗ», — заявіў міністар транспарту і камунікацый Літвы Марыюс Скуодзіс.

Такую меру могуць прыняць у адказ на ўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Глядзім, колькі такое рашэньне будзе каштаваць Беларусі.

За год Беларусь экспартуе ў ЭЗ тавараў на 10,5 мільярда даляраў

ЭЗ — другі пасьля Расеі гандлёвы партнэр Беларусі. Экспарт у краіны ЭЗ у мінулым годзе склаў 10,5 мільярда даляраў, імпарт — 8,3 мільярда даляраў, таваразварот — 18,8 мільярда даляраў.

На ЭЗ прыпадае пятая частка зьнешняга таваразвароту.

Закрыцьцё межаў для грузаў з боку ЭЗ, вядома, не азначае поўнага эмбарга на беларускія тавары, але экспартаваць тавараў на 10,5 мільярда даляраў праз абходныя шляхі ўсё адно не атрымаецца. Пра гэта кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.

«Гэта яшчэ ня поўнае эмбарга, у гэтым выпадку гэта эмбарга для паловы межаў. Усё яшчэ можна будзе гандляваць праз Казахстан, шукаць нейкія шэрыя каналы. У цэлым аб’ём санкцый цяпер высокі, калі не закрыюць межы, то ўсё адно будзе цяжка, з закрытымі межамі будзе яшчэ цяжэй. Паставак на 10 мільярдаў за год усё адно ня будзе ўжо. Абходныя шляхі складана шукаць, цяпер санкцыі накладаюцца нават прыватнымі кампаніямі, якія праз таксычнасьць ня хочуць мець справу зь беларускімі вытворцамі», — кажа Леў Львоўскі.

Найбольш пацярпіць сфэра транспартных паслуг

Летась Беларусь аказала іншым краінам транспартных паслуг на 4,3 мільярда даляраў. Вялікую долю ў гэтым займаюць транспартныя паслугі для краін ЭЗ, пра гэта кажа Леў Львоўскі.

«Пад галоўнай пагрозай — экспарт паслуг. Экспарт транспартных паслуг раней складаў каля 7% ВУП. Для гэтага нічога ня трэба было рабіць: Кітай плаціў за тое, што пастаўляе грузы ў Эўропу, а Эўропа плаціла за тое, што нешта адпраўляе ў Расею. Закрыцьцё межаў ударыць па транспартнай індустрыі, якая і так ужо пад ударам. Авіяперавозкі закрытыя, чыгуначныя перавозкі ня ў лепшым стане, чыгунка выкарыстоўваецца для перавалкі расейскіх вайскоўцаў, закрытая мяжа з Украінай. Перавозкі іншым транспартам таксама пад ударам, бо моцна зьніжана прапускная здольнасьць мяжы нават без закрыцьця межаў», — кажа Леў Львоўскі.

На некаторых памежных пунктах пратэстуюць актывісты, якія не прапускаюць беларускія фуры, прыгадвае Леў Львоўскі.

Колькіх беларусаў закране закрыцьцё грузаперавозак з ЭЗ

У сфэры транспарту ў Беларусі працуе 293,3 тысячы чалавек, гэта 6,8% ад усіх занятых у эканоміцы. Гэта прыбытковая сфэра. Чысты прыбытак ад працы транспарту за 2020 год — 645 мільёнаў рублёў, рэнтабэльнасьць — 7,6%.

Як расказаў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці прадстаўнік адной зь беларускіх кампаній, якая займаецца перавозкамі, праблемы для сфэры ўжо пачаліся.

«Раней, яшчэ да палітычнага крызісу, фура праходзіла мяжу з ЭЗ за паўдня. Цяпер на гэта патрабуецца 5–6 сутак, што на літоўскай мяжы, што на польскай. Што да закрыцьця мяжы, то абыходы будуць: Турэччына, паромы па Чорным моры. Але гэта значнае ўздаражэньне. Таксама закрыцьцё мяжы не скасоўвае кантрактаў паміж бізнэсамі, то бок абавязаньні застаюцца. Нейкім чынам давядзецца езьдзіць, але незразумела, якім чынам. Невядома, чаго чакаць», — кажа суразмоўца.

Мінус грошы ад карыстаньня платнымі дарогамі

Яшчэ адна крыніца прыбытку ад грузаперавозак — сетка платных дарог, якая аплачваецца праз сыстэму BelToll. За праезд плацяць як уладальнікі грузавікоў, так і замежнікі на легкавіках.

Напрыклад, у 2019 годзе паступленьні ў бюджэт ад аплаты руху па платных дарогах склалі 241,3 мільёна рублёў. Пры закрыцьці мяжы і гэтая крыніца даходу пацярпіць.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG