Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз закрыў мяжу для фураў зь Беларусі і Расеі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

Фуры, якія зьбіраліся ўехаць у Эўразьвяз зь Беларусі і Расеі, зь сёньняшняга дня ўжо ня змогуць гэтага зрабіць.

Да 16 красавіка забарона не прымяняецца ў дачыненьні да перавозкі грузаў, якая пачалася да 9 красавіка: беларускія фуры, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Эўразьвязу, могуць вярнуцца ў Беларусь, а таксама фуры, якім неабходны транзытны праезд праз ЭЗ, каб вярнуцца ў Беларусь, могуць уехаць у Эўразьвяз. З 16 красавіка ўводзіцца поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ.

Выключэньні:

  1. забарона не распаўсюджваецца на грузавы транспарт, які перавозіць пошту
  2. кампэтэнтныя органы дзяржавы-чальца ЭЗ могуць дазволіць перавозку грузаў зь Беларусі, калі гэтая перавозка неабходная для:
  • пакупкі, імпарту або транзыту ў ЭЗ прыроднага газу і нафты, у тым ліку нафтапрадуктаў, а таксама тытанавай, алюмініевай, меднай, нікелевай, паладыевай і жалезнай руды.
  • пакупкі, імпарту або транзыту ў ЭЗ фармацэўтычных, мэдычных, сельскагаспадарчых і харчовых прадуктаў, уключаючы пшаніцу і ўгнаеньні.
  • гуманітарных мэтаў,
  • дыпляматычных і консульскіх прадстаўніцтваў ЭЗ і дзяржаваў ЭЗ у Беларусі, у тым ліку дэлегацый, амбасадаў і місій, або міжнародных арганізацый у Беларусі, якія карыстаюцца імунітэтамі ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.

У рашэньні сказана, што краіна-чалец Эўразьвязу павінна інфармаваць іншыя краіны ЭЗ і Эўракамісію аб любым рашэньні датычна дазволу на ўезд фураў зь Беларусі і Расеі на працягу двух тыдняў з моманту дазволу.


8 красавіка Рада Эўразьвязу заявіла аб ўвядзеньні пятага пакету санкцый супраць Расеі, якія закранаюць і Беларусь: забараняюцца любыя расейскія і беларускія аўтатранспартныя перавозкі тавараў на тэрыторыі ЭЗ, у тым ліку транзытам, а таксама ўводзіцца забарона на дэпазыты, крыпта-кашалькі і продаж банкнот і каштоўных папер, намінаваных у любой з валют дзяржаў-чальцоў ЭЗ, у Расею і Беларусь або любой фізычнай або юрыдычнай асобе, арганізацыі або органу ў Расеі і Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG