Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто пасьля забойстваў у Бучы будзе разьбірацца з жахамі Акрэсьціна? Шчасьліўчыку Лукашэнку зноў шанцуе?


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Лукашэнку часта шанцуе. Ён здаўна вядомы невытлумачальнай удачай, якая за мінулыя тры дзесяцігодзьдзі ня раз спадарожнічала яму ў самых крытычных абставінах.

Вось і цяпер на тле ваенных злачынстваў расейскай арміі ва Ўкраіне палітычныя рэпрэсіі, якія не спыняюцца ў Беларусі, ня так ужо кідаюцца ў вочы і зьніклі з фокусу ўвагі міжнароднай супольнасьці. Лукашэнку зноў удасца выйсьці сухім з вады?

У верасьні 2001 году ў Беларусі адбыліся першыя незаконныя «перавыбары» Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта. З парушэньнем Канстытуцыі яны былі перанесеныя на два гады, бо мелі першапачаткова адбыцца ў 1999 годзе. Тэрор, прапаганда, хлусьня і татальныя фальсыфікацыі як рысы любога плебісцыту часоў Лукашэнкі — для нас цяпер гэта звыкла, а тады тэхніка ўсяго гэтага толькі выпрацоўвалася. Завяршэньне «выбараў» было пераходам рэжыму ў якасна новы стан. Рэакцыя міжнароднай супольнасьці мела быць жорсткай. Беларусь ператваралася ў важную праблему эўрапейскага маштабу.

Але рэч у тым, што тыя «выбары» адбыліся 9 верасьня 2001 году. Праз два дні здарыліся тыя самыя тэрарыстычныя атакі на вежы-блізьняты ў Нью-Ёрку. Беларусь у адзін дзень зрабілася пэрыфэрыйным пытаньнем, нікому не цікавым на фоне падзеяў, якія распачалі цэлую новую эпоху ў міжнароднай палітыцы. Лукашэнку пашанцавала.

Далей магло быць толькі горш

Прайшло амаль дваццаць гадоў. Аляксандар Лукашэнка ўсё яшчэ займае пасаду прэзыдэнта Беларусі. 2020 год, чарговыя незаконныя і сфальсыфікаваныя прэзыдэнцкія «выбары». Прапаганда, рэпрэсіі, асноўных канкурэнтаў загадзя пасадзілі ў турму або выгналі за мяжу.

І вось у Беларусі адбываюцца самыя масавыя ў гісторыі агульнанацыянальныя пратэсты — сьветлыя, мірныя, узьнёслыя. Увесь сьвет сочыць за імі і пад уражаньнем ад іх. І пад яшчэ большым уражаньнем ён ад жорсткасьці і гвалту, зь якімі рэжым Лукашэнкі пратэсты зьнішчае. Чорна-сінія целы зьбітых да паўсьмерці людзей, гісторыі пра масавыя катаваньні, згвалтаваньні, садысцкія зьнявагі — як у кнігах пра ГУЛАГ. Тысячы палітвязьняў і палітуцекачоў. Дзяржаўнага тэрору такой сілы і маштабу, пагатоў так дэталёва задакумэнтаванага, Эўропа ня бачыла дзесяцігодзьдзямі.

Сьвет рэагуе. Ідзе калясальная падтрымка беларускаму супраціву. Сьвятлану Ціханоўскую, якая па ўсіх прыкметах перамагла Лукашэнку на выбарах, сустракаюць самыя галоўныя міжнародныя лідэры.

Лукашэнка пераходзіць у статус безумоўнага сусьветнага парыі. Пасьля захопу пасажырскага самалёта з апазыцыйным журналістам на борце і пасьля справакаванага беларускім рэжымам крызісу зь мігрантамі на мяжы ЭЗ ён мае статус ледзь не міжнароднага тэрарыста.

Далей магло быць толькі горш. Але яму зноў па-сатанінску пашанцавала. І вы ўжо ведаеце, як.

Красавік 2022 году. Лукашэнкаўская Беларусь у вачах сьвету — «усяго толькі» саўдзельнік паўнавартаснай вайны, разьвязанай Расеяй. І Менску вельмі нескладана пасылаць на Захад сыгналы пра нядобраахвотнасьць і пасіўнасьць гэтага саўдзелу. Бо так яно, верагодна, і ёсьць: саўдзел у вайне — плата за тое, што Расея падтрымала Лукашэнку ў 2020 годзе. Бяз гэтай падтрымкі ягоны рэжым ужо не існаваў бы.

Ваенныя злачынствы, учыненыя расейцамі ва Ўкраіне, важаць нашмат больш, чым усё зробленае лукашэнкаўскімі мясьнікамі ў 2020–2021 гадах. Пры ўсіх жахах турмы на Акрэсьціна, нават іх засланяюць Буча і Марыюпаль.

А тым часам беларускія палітуцекачы на Захадзе раптоўна сутыкаюцца з абмежаваньнямі як грамадзяне краіны-агрэсара. У Кіеве невядомыя вандалы зламалі крыж у памяць пра ахвяраў рэжыму Лукашэнкі. Праблемы Беларусі цалкам зьніклі з радараў. Якая Беларусь і якія палітвязьні, калі ідзе сапраўдная вайна?

Выйсьці з гульні за хвіліну да паразы

Лукашэнка ў момант перастаў быць галоўным злачынцам і галоўнай пагрозай стабільнасьці на эўрапейскім кантынэнце. І нават набыў перамоўную вагу ў вачах што Захаду, што нават Украіны. І вось мы ўжо бачым, як Макей гнеўна кажа пра немагчымасьць «уцягнуць» Беларусь у актыўную вайну. І вось ужо Беларусь шчодрым жэстам раптам касуе візы для грамадзянаў Літвы і Латвіі (праўда, пакуль толькі часова). Што далей?

З 2014 году Беларусь была перавалачным пунктам для кантрабанды ў Расею тавараў, забароненых Крамлём у рамках санкцыйнай вайны супраць Захаду. Цяперашняя сытуацыя стварае вялікую прастору для маніпуляцый і нядобрасумленнага гандлю ў розных сэнсах гэтага слова. Займацца ім у Менску ўмеюць.

Можна ўявіць сабе, што аднойчы надыдзе той момант, калі Лукашэнка ўвогуле паспрабуе акуратна выйсьці з гульні. Перасядзець на сваёй незаконна займанай пасадзе Пуціна. Ды яшчэ і, чаго там, зарабіць міжнародную ўдзячнасьць як-небудзь, у правільны момант, не зрабіўшы чагосьці зусім жахлівага. Далібог, чуцьця яму для гэтага хопіць. Як і шанцаваньня. А пра Акрэсьціна — ці будзе хтосьці пра яго тады памятаць, акрамя нас?

Калі толькі самі не дазволім забыць пра гэта.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG