Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла
Івонка Сурвіла, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, ў сваім звароце падкрэсьліла, што перамога Ўкраіны неабходная для нацыянальнай перамогі Беларусі і для яе вызваленьня.
«Дарагія беларускія добраахвотнікі — абаронцы Ўкраіны! Я ўзрушаная вітаць беларусаў батальёну імя Каліноўскага, якія трымаюць у руках зброю пад нашымі нацыянальнымі сымбалямі — бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй», — сказалаІвонка Сурвіла. — У першы дзень расейскай агрэсіі супраць Украіны Рада БНР, як гістарычнае дзяржаўнае кіраўніцтва Беларусі на Выгнаньні, абвясьціла, што «разглядае любую падтрымку, якую беларусы ў Беларусі і ўсім сьвеце будуць аказваюць украінскаму народу і дзяржаве ў справе абароны сувэрэнітэту Украіны ад вонкавай агрэсіі, а таксама такую падтрымку трэцім бакам, якія б дзейнічалі ў названых мэтах, як адпаведную доўгатэрміновым інтарэсам нацыянальнай бясьпекі Беларусі».
Старшыня Рады БНР таксама зьвярнулася і да цывільных валянтэраў. Яна зазначыла, што абарона Ўкраіны ці дапамога абароне Ўкраіны — сьвятая справа для кожнага ва ўсім цывілізаваным сьвеце, тым больш для найбліжэйшага суседняга народу — беларусаў.
«Для беларусаў дадатковая важнасьць ёсьць у тым, што перамога Ўкраіны неабходная і для нашай нацыянальнай перамогі, для вызваленьня Беларусі».
Івонка Сурвіла таксама падкрэсьліла, што беларускі збройны дабраахвотнік, баронячы Ўкраіну, сваёй крывёю і жыцьцём ратуе гонар беларускага імя перад украінцамі і народамі цывілізаванага сьвету — «у той час, калі Лукашэнка ўвайшоў у злачынную змову з Пуціным супраць перш беларускага народу, а пасьля й супраць Украіны».
«Я маю гонар вітаць усіх беларусаў, якія робяць гэтыя сьвятыя справы ў шэрагах Збройных сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, Інтэрнацыянальнага легіёну абароны Ўкраіны, у тэрытарыяльнай абароне Украіны ў многіх месцах. Пачэсную справу робяць таксама беларускія цывільныя валянтэры, якія падтрымліваюць беларускіх і ўкраінскіх ваяроў ва Ўкраіне і ў дыяспары: у Канадзе, ЗША, Польшчы, Чэхіі, Вялікай Брытаніі і паўсюль. Вялікі гонар належыцца безумоўна ўсім беларусам, якія знаходзяць спосабы дапамагчы перамозе Ўкраіны з самой Беларусі ва ўмовах палітычнага тэрору і таксама часта з рызыкай для жыцьця.
Так здаралася ў гісторыі нашых суседзяў, — як Чэхаславаччыны і Польшчы, — што асноваю для іх нацыянальнага войска сталіся іх нацыянальныя легіёны ў складзе войскаў іншых дзяржаваў.
Беларускае нацыянальнае войска, якое б ня здрадзіла беларускаму народу — ані як найміт нутранога захопніка ўлады, ані як калябарант Крамля, — яшчэ мае зьявіцца. Гэта тое, чаго не хапіла для абароны незалежнасьці БНР у 1918 годзе, і тое, што неабходна для незалежнасьці і вызваленьня Беларусі цяпер.
Я дзякую ўладам Ўкраіны за стварэньне магчымасьці беларусам змагацца за Ўкраіну пад уласным нацыянальным сьцягам.
Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!», — сказала Івонка Сурвіла.