Украінскія вайскоўцы цалкам вызвалілі населеныя пункты Кіеўскай вобласьці. Сьвет у шоку ад соцень здымкаў, якія паказваюць Бучу пасьля адыходу расейскіх войскаў. На фатаздымках відаць трупы мірных грамадзян, забітых падчас акупацыі.
«Калі мы заходзілі ў Бучу, то частку трупаў з вуліц ужо прыбралі — працавала адмысловая служба. Аднак даводзілася бачыць уздоўж дарогі шмат парэшткаў людзей, якія ўжо выцеклі, пачарнелі, — расказвае Аляксандар «Барсук». — Але трупы — гэта ня самае страшнае, што мы там бачылі. Самае страшнае — гэта твары людзей, якія перажылі акупацыю, а цяпер там блукаюць і ня ведаюць, што будзе далей, як жыць. Там, дзе мы займалі пазыцыю, жылі пераважна пажылыя людзі. Стараліся дапамагчы ім, чым маглі».
Па словах суразмоўцы, усе салдаты маральна гатовыя да вайны, да трупаў, да зьнішчаных будынкаў, але непасрэдны кантакт зь людзьмі, якія перажылі больш як месяц акупацыі, моцна ўражвае.
«Яны зусім па-іншаму пачынаюць успрымаць сьвет пасьля таго, што адбылося зь імі. На момант нашага прыезду між суседнімі дамамі быў арганізаваны такі куточак на вуліцы, дзе людзі гатавалі ежу. Усе былі вельмі рады нас бачыць, але яны вельмі разгубленыя, і гэта моцна палохае.
Людзі шмат дзён жылі ў падвалах. Казалі, што расейцы марадэрствавалі. У нейкіх раёнах Бучы адбываліся расстрэлы. Мясцовыя кажуць, што забівалі ўсіх, хто аказваў хоць нейкі супраціў акупанатам: хоць словам, хоць дзеяньнем. Маўляў, тых, хто сядзелі ціха, не чапалі. Я ня ведаю, наколькі гэта праўда».
Добраахвотнік кажа, што вайскоўцы стараліся не пытацца ў людзей пра падзеі, успаміны пра якія маглі іх траўмаваць яшчэ болей, прымусіць зноў перажываць цяжкія моманты.
«Нават нам (хоць мы цудоўна ўяўлялі, што там рабілася) становіцца непамысна, калі лішні раз гэта пракручваць. Вельмі складаны эмацыйны фон, горад амаль цалкам разбураны, увесь чорны, пахне порахам, серай, паўсюль попел. Вельмі цяжка ўявіць, як там усё можна аднавіць і працягваць жыць.
Побач з нашай пазыцыяй быў шматпавярховы дом, у які трапіла ракета. Будынак быў амаль цалкам разбураны, але там працягваў жыць адзін мужчына. Гэта вельмі ўражвала, як пры такіх жудасьцях чалавек імкнецца захаваць для сябе нейкі мінімальны камфорт і бясьпеку. Магчыма, думаў, што двойчы снарад у адно месца ня падае».
Аляксандар «Барсук» быў у пошукавай групе на месцы, дзе загінуў беларускі добраахвотнік Ільля «Літвін» Хрэнаў. Гэта адбылося ў гатэлі Villa San Marino на мяжы Бучы і Ворзэля.
«Яшчэ да нас на тое месца, што засталося ад гатэля, прыехалі людзі з „Азова“, якія і знайшлі парэшткі Ільлі „Літвіна“, а мы ўжо шукалі ягоныя рэчы. У гатэлі было зьнішчана амаль усё. Мы знайшлі ягоны тэлефон, абвугленыя рэшткі бронекамізэлькі, нож. Перадамо мабільнік ягонай жонцы, каб паспрабавала ўзнавіць. Неўзабаве будзе пахаваньне», — кажа «Барсук».
Па словах беларуса, Буча ўжо паціху спрабуе вяртацца да жыцьця, хоць гэта няпроста.
«Калі мы былі там, то ўжо працавала гуманітарная дапамога. Людзям прывезьлі харчы, ваду, правялі нейкую электрычнасьць, трошкі зьявіўся інтэрнэт, каб маглі зьвязацца са сваімі роднымі. Усе працуюць хутка, каб аднавіць інфраструктуру», — кажа Аляксандар.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.