Целы пяцёх мужчын, знойдзеныя ў падвале дзіцячага санаторыю пасьля таго, як расейскія вайскоўцы пакінулі горад. Буча, Кіеўская вобласьць, 4 красавіка 2022 году
64-я брыгада дысьлякуецца ў Хабараўскам краі. Расейская служба Радыё Свабода піша, што ў вывучаных адкрытых крыніцах ёсьць ускосныя пацьверджаньні таго, што вайскоўцы брыгады сапраўды былі ў Бучы.
У Расеі 64-й асобнай мотастралковай брыгадзе Сухапутных войскаў прысвоена званьне «гвардзейская». Такі загад падпісаў Уладзімер Пуцін.
У дакумэнце зазначаецца, што званьне дадзена «за масавы гераізм і адвагу, стойкасьць і мужнасьць, праяўленыя асабовым складам брыгады ў баявых дзеяньнях па абароне Айчыны і дзяржаўных інтарэсаў ва ўмовах узброеных канфліктаў».
64-я брыгада дысьлякуецца ў Хабараўскам краі. Міністэрства абароны Ўкраіны абвінавачвала вайскоўцаў гэтай брыгады «ў зьдзяйсьненьні масавых забойстваў і катаваньняў мірнага насельніцтва ў Бучы».
Расейская служба Радыё Свабода піша, што ў вывучаных адкрытых крыніцах ёсьць ускосныя пацьверджаньні таго, што вайскоўцы гэтай брыгады сапраўды былі ў горадзе Бучы.
На пачатку красавіка журналісты і ўкраінскія ўлады паведамілі аб дзясятках загінулых людзей на вуліцах гораду Бучы на паўночны захад ад Кіева. Фатаздымкі загінулых у цывільным адзеньні, часам са зьвязанымі рукамі апублікавалі Reuters, УНІАН, AFP. Украінскія вайскоўцы тады зайшлі ў горад пасьля таго, як адтуль сышлі расейскія войскі.
The New York Times сьцьвярджае, што яе карэспандэнты вызначылі месца і час гібелі некалькіх дзясяткаў чалавек, а таксама паразмаўлялі са сьведкамі, якія пацьвердзілі, што жыхары Бучы сталі ахвярамі расейскіх вайскоўцаў.
Міністэрства абароны Расеі назвала фатаграфіі і відэаматэрыялы з забітымі мірнымі жыхарамі ў Бучы пад Кіевам «чарговай правакацыяй» і «пастаноўкай кіеўскага рэжыму для заходніх СМІ».