Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ЭЗ адказаў на прапанову Макея? Меркаваньне Юрыя Дракахруста


Уладзімір Макей і Аляксандар Лукашэнка
Уладзімір Макей і Аляксандар Лукашэнка

14 красавіка брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк апублікаваў у сваім Твітэры скан ліста міністра замежных справаў Беларусі Ўладзімера Макея. Ліст быў накіраваны 6 красавіка ў Эўразьвяз і кіраўнікам МЗС некаторых дзяржаваў ЭЗ.

У сваім звароце Макей заклікаў ЭЗ да аднаўленьня дыялёгу зь Беларусьсю. Вось некаторыя цытаты зь ліста:

«Несуцяшальны шэраг падзеяў, якія адбыліся пасьля 2020 году, вярнуў Беларусь і ЭЗ амаль у „ледавіковы пэрыяд“... Калі санкцыйная палітыка ЭЗ закліканая „зьмяніць паводзіны Беларусі“, вынікам гэтага стане толькі „менш ЭЗ у Беларусі“. Хіба гэта ў інтарэсах кагосьці ў Эўропе?... Мы катэгарычна адкідаем любыя інсінуацыі наконт таго, што Беларусь нейкім чынам ангажаваная ў баявыя дзеяньні ва Ўкраіне. Беларусь ня будзе ўцягнутая ў вайну».

У сваім лісьце беларускі міністар заклікаў адмовіцца ад «абвінавачаньняў і ярлыкоў, запальнай рыторыкі і аднабаковых абмежавальных мер ды пераасэнсаваць парадыгму будучых адносін Беларусі і ЭЗ».

Тон ліста моцна кантрастуе з агрэсіўнай антызаходняй і антыэўрапейскай рыторыкай як Аляксандра Лукашэнкі, так і беларускіх дзяржаўных прапагандыстаў. Зь іншага боку, беларускія ўлады зрабілі некалькі асьцярожных жэстаў, якія павінны былі дэманстраваць, што зварот Макея — не толькі словы. Размова ідзе аб пераводзе пад дамашні арышт некалькіх палітзьняволеных і аб велікодным бязьвізе для грамадзян Літвы і Латвіі. Акрамя таго, беларускае войска па-ранейшаму не ўдзельнічае ў вайне.

Як жа адкажа Эўразьвяз на зандаж Макея? А ўжо адказаў насамрэч — формай абнародаваньня пасланьня кіраўніка МЗС Беларусі.

Макей не апублікаваў свой зварот у «Беларусь сегодня», не накіраваў у заходнія СМІ, ён паслаў яго па дыпляматычных каналах, што прадугледжвае пэўную канфідэнцыйнасьць. Адрасаты ў дадзеным выпадку дыпляматычны этыкет праігнаравалі, паведаміўшы журналісту Юзьвяку ня толькі зьмест пасланьня, але і дазволіўшы апублікаваць яго скан.

У дыпляматычнай практыцы так звычайна не робяць. Але, відаць па ўсім, дыпляматы ЭЗ ужо не лічаць Уладзіміра Макея сваім калегам.

У Брусэлі ня сталі гадаць, ці зьяўляецца прапанова Макея насамрэч гульнёй Масквы або спробай Менску, Аляксандра Лукашэнкі, дыстанцыявацца ад агрэсіўнай палітыкі Расеі. Калі мела месца другое, то зьмест ліста беларускага міністра відавочна не спадабаецца ў Крамлі, у ім могуць убачыць двудушнасьць і нават здраду. Фармулёўкі наконт незаангажаванасьці Беларусі ў ваенныя дзеяньні і яе намеры не ангажавацца ў іх надалей могуць выклікаць у Маскве сумневы ў вернасьці саюзьніка.

Але ў цяперашняй сытуацыі ў ЭЗ нават ня сталі спрабаваць разгадаць загадку «менскага сфінкса». Яе проста праігнаравалі. Калі Лукашэнка — поўная марыянэтка Пуціна і менавіта толькі Пуцін вырашае, ці патрэбныя яму на фронце беларускія войскі, то з Лукашэнкам Эўропе наагул няма сэнсу размаўляць.

Калі ж Лукашэнка захоўвае нейкую аўтаномію ў рашэньнях, то, на думку ЭЗ, ён, зыходзячы са сваіх уласных інтарэсаў, будзе ў любым выпадку ўсяляк пярэчыць глыбейшаму ўцягваньню Беларусі ў вайну. І ніякае спрыяньне з боку Эўразьвязу яму ў гэтым не патрэбнае.

І нават калі абнародаваньне пасланьня Макея пацягне за сабой абвінавачаньне Лукашэнкі з боку Пуціна ў падвойнай гульні — у Брусэлі гатовыя пайсьці на такую рызыку.

Зрэшты, калі б Лукашэнка дамогся вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі, калі б ён вызваліў значную частку з сотняў палітвязьняў, тады, магчыма, адказ быў бы і іншым.

А так яму, а фармальна — Макею, адказалі ў Твітэры журналіста Юзьвяка.

Пра тое, што гэта быў менавіта адказ і што Лукашэнка гэта так зразумеў, сьведчаць ягоныя абвінавачаньні на адрас заходніх дыпляматаў, якія прагучалі 16 красавіка: «Гэта ўжо ня нацыкі нават, гэта ўжо падобна на фашызм — тое, што яны тут робяць у Беларусі. Гэта бачна ў выглядзе гэтых санкцый і ціску на Беларусь».

Што да сутнасьці абвінавачаньняў, то яны, прынамсі, дзіўныя. Заходнія дыпляматы ўжо дакладна не займаюцца масавымі забойствамі, чым вызначыліся ў Беларусі нацысты. Санкцыі ў любым выпадку — ня тое самае, што забойствы, дый рашэньні аб санкцыях прымаюць не дыпляматы, акрэдытаваныя ў Беларусі, а ўрады іх краінаў.

Але нападкі на заходніх дыпляматаў — гэта рэакцыя на адказ ЭЗ на ліст Макея.

Перадрук з парталу Zerkalo.io

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG