Пра складанасьці ў паразуменьні паміж сваякамі Свабода размаўляла з украінкай і беларусамі.
«У першыя дні мне пісалі: „Зрабіце хоць што-небудзь!“ Гэта быў крык роспачы»
Беларуска Марыя (імя зьмененае. — РС) пасьля падзей 2020–2021 году пераехала жыць у грузінскі Батумі. Яна дыстанцыйна займаецца выкладаньнем. Сярод яе вучняў былі і ўкраінцы.
«Мая маці — украінка, адпаведна, ва Ўкраіне шмат сваякоў, у Львове і вобласьці. Ад пачатку вайны мне пісалі некаторыя вучні і сваякі: «Ну зрабіце вы што-небудзь! Зрабіце, каб не пайшло беларускае войска!» Але гэта была не нянавісьць — крык роспачы. Сваякі са Львова і вобласьці цяпер хто ў тэрытарыяльнай абароне, хто ў валянтэрскім руху. Мы зь імі нармальныя маем стасункі. Мяне трохі супакоіла ў перапісках, калі знаёмыя ўкраінцы пыталіся не «вашы ўвойдуць?», а «лукашысты ўвойдуць?» — кажа Марыя.
«Беларусы проста паказалі ўкраінцам ролікі за 9 жніўня»
Марыя кажа, што першыя акцыі на знак салідарнасьці з Украінай у Батумі ладзілі беларусы. Потым туды прыйшлі грузіны і ўкраінцы, якія з 2014 году жывуць у Батумі.
«Была суцэльная ганьба для нас. Сыпаліся папрокі: „Што вы тут робіце? Вы мусіце быць там і пераварочваць рэжым! Вы двух удараў дубінкай спалохаліся“. Ну, большасьць пакрыўдзілася, канечне, на такое стаўленьне. Тым больш там былі беларусы, якія ці ўцяклі ад турмы, ці іх блізкія цяпер у турмах. Але пазьней я заўважыла, што на акцыях лунае-такі наш бел-чырвона-белы сьцяг. Аказалася, нашы беларусы, адна сямейная пара, не пакрыўдзіліся, а патлумачылі сытуацыю, паказалі відэа за 9 жніўня 2020 году. Украінцы вельмі былі ўражаныя. Потым яны пачалі сябраваць», — расказала Марыя.
Яна лічыць, што беларусам варта спакойна і пасьлядоўна расказваць пра сытуацыю ў краіне, арганізоўвацца ў «сеткі і ланцужкі», не губляць маральны дух, рабіць працу на карысьць Беларусі.
«Сытуацыя са сваякамі — гэта проста рана, якая крывавіць»
Беларус Мікалай (імя зьмененае. — РС) мае шмат сваякоў ва Ўкраіне, у Чарнігаўскай вобласьці.
«У 2020 годзе, калі мы ў Менску выходзілі на пратэсты, мае блізкія сваякі з Чарнігаўскай вобласьці паставіліся да мяне рэзка нэгатыўна. Яны спынілі стасункі са мной. Бо казалі: „Што вы там робіце? Лукашэнка — мудры бацька, нам бы такога прэзыдэнта, вас там амэрыканцы накручваюць, вы проста сьляпыя“. Яны пакрыўдзіліся на мяне за тое, што мы хочам прыбраць „мудрага бацьку“. Іншыя сваякі ў нас у Расеі. І ў нас ёсьць такі сваяцкі чат. Пасьля вайны мяне там назвалі правакатарам, бо я казаў, што вайна — злачынная, а яны — што яна правільная. Тыя ж сваякі-ўкраінцы, ужо калі ішла вайна ў іх, сказалі, што вінаватая ў вайне Амэрыка і NATO. І што NATO сутыкнула Расею з Украінай. Цяпер я зь імі асабліва не кантактую, але месяц таму ад іх такі быў пасыл. У іх мясцовасьці шчыльнай бамбёжкі і такіх жахаў, як у іншых месцах, не было», — кажа Мікалай.
Яшчэ адна ягоная сястра, украінка, трапіла пад абстрэлы, хавалася ў падвале і цудам выехала. «Мы зь ёю цяпер нармальныя маем стасункі, размаўляем. Раней яна была апалітычная, цяпер жа такі час, што „каменьне закрычыць“. Таму яна зьмяніла погляд на многія рэчы», — дадаў беларус.
Ён заўважае, што з украінцамі — аднаклясьнікамі, знаёмымі — у яго цяпер нармальныя стасункі.
«Пасьля вайны ня ведаю, як яно будзе. Немцы неяк вырашылі гэтае пытаньне. Давядзецца і нам. Бо я лічу, што мы маем усё-ткі калектыўную віну, вінаватыя, на жаль. Цяпер вельмі шмат эмоцый, і людзі шмат гавораць лішняга», — кажа Мікалай.
«Чакаю з 24 лютага — можа, прыедзе да нас на сваім танку?»
Сваю гісторыю стасункаў з раднёй расказала Свабодзе ўкраінка Натальля. Яе тата — украінец, маці — беларуска.
«Продкі таты пазналі пакуты праз Галадамор і „закон пра тры каласкі“. Дзядуля часам як выпіваў, дык праклінаў папоў і камуністаў. Сваякі маці-беларускі былі з Альшанскіх балот. Іх гвалтам выселілі з хутара, калі там будавалі вайсковую базу. З мамінага боку ў мяне шмат сваякоў у Беларусі і Расеі. Практычна з усімі імі я спыніла стасункі ў 2014 годзе. Бо пачула ад стрыечнага брата-беларуса, што яму будзе за гонар „служыць вялікай Расеі“. Для мяне гэта было абразьліва. Ён вайсковец, цяпер, можа, і былы. Чакаю з 24 лютага — можа, прыедзе да нас на сваім танку?» — кажа Натальля.
У 2014 годзе яе муж пайшоў добраахвотнікам на Данбас, брат быў ва ўзброеных сілах.
«Адна наша сваячка з глыбінкі Беларусі казала маёй цётцы — беларусцы з Гомля: „Бачыш, іх дзеці пайшлі абараняць сваю Бацькаўшчыну. А твае пойдуць, калі трэба будзе ратаваць Беларусь?“ У мінулым годзе мой муж цяжка хварэў. Яго звольнілі па стане здароўя. Але зранку 24 лютага ён паляцеў абараняць Чарнігаў. Мяне адправіў у белы сьвет з заданьнем, каб была ў бясьпецы і не адцягвала яго ад спраў», — кажа ўкраінка.
«Цётка жадае нам трымацца і міру»
Зь беларускімі цёткамі яна адмовілася размаўляць.
«Выдаліла іх нумары тэлефонаў. Цётка з Гомля гаворыць шаблёнамі з тэлевізара. Мая маці намагаецца расказаць ёй нейкія факты, заклікае да розуму — што ня можам мы самі сябе бамбіць! Тая псыхуе, што ёй расказваюць „непрыемнае“, і кажа, што мы, украінцы, падманутыя, а па беларускім тэлебачаньні кажуць праўду. У канцы яна жадае нам трымацца і міру. Я так разумею, мір — гэта такая форма капітуляцыі перад Расеяй? Скарыцца так, як скарылася Беларусь?» — разважае Натальля.
Разам з тым яшчэ з часоў Майдану праз інтэрнэт яна знайшла іншую, далёкую сваячку ў Беларусі.
«Яе сям’я падтрымлівае нас. Яны нас разумеюць. Пасьля 24 лютага, калі на нас паляцелі бомбы з боку Беларусі, яна прасіла прабачэньня за сваіх цёмных землякоў. Але цётка ня хоча пакідаць сваю краіну, бо яна любіць Беларусь. Яна захапляецца, што ўкраінцы так згуртаваліся і дапамагаюць адзін аднаму, і ледзьве ня плакала, калі казала, што беларусы на такое ня здатныя. Яна хадзіла на пратэсты. Інтэлігентная жанчына, а не чалавек тэлевізара і грошай», — кажа ўкраінка.
«Цётка з Адэсы зь сёстрамі зь Беларусі размаўляе толькі пра надвор’е»
Беларуска Ганна (імя зьмененае. — РС) падтрымлівае сваю цётку ў Адэсе.
«Бо калі пачалася вайна, дзьве яе сястры ў Беларусі пачалі пераконваць яе праз тэлефон, што „Добры Пуцін і Лукашэнка ратуюць вас ад нацыстаў“. Цётка з Адэсы адказала ім, што ня трэба яе ратаваць. Але яны нічога не разумеюць. Таму я стала тэлефанаваць ёй і падтрымліваць, заадно расказала пра падзеі ў Беларусі за апошнія гады — бо яна мала што ведала. Я цётцы ў Адэсе расказваю, што нармальныя беларусы ня хочуць вайны і падтрымліваюць Украіну. Я ёй нават паказала некаторыя сюжэты зь беларускага тэлебачаньня. Цётка была проста ў шоку ад таго, што ў нас такое ідзе па тэлебачаньні, людзі глядзяць і вераць гэтаму», — кажа Ганна.
Цяпер, паводле яе словаў, сёстры з Украіны і Беларусі размаўляюць, але выключна пра надвор’е і агароды.
«Яны, беларускія цёткі, нават ня могуць уявіць сытуацыю ва Ўкраіне — так, як яна ёсьць, а не ў тэлевізары. Яны кажуць цётцы ў Адэсе: „Едзь у Беларусь да нас, хай цябе сын прывязе“. Не разумеюць, што ідзе сапраўдная вайна. Яны не павераць ані ўва што, пакуль ім ня скажуць гэта па тэлевізары. Потым яны будуць казаць: „Мы не вінаватыя. Нам нічога ў тэлевізары такога не паказвалі“. Бо яны ня здолеюць прызнаць, што былі свалачамі», — лічыць беларуска.