Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ці маем мы права замаўчаць, бо баімся перасьледу?». Як Вікіпэдыя і вікіпэдысты сталі ворагамі беларускага рэжыму


Аўтары Вікіпэдыі Павал Пернікаў, Марк Берштэйн
Аўтары Вікіпэдыі Павал Пернікаў, Марк Берштэйн

У сакавіку 2022 году грамадзкасьць дазналася пра затрыманьні адразу двух беларускіх аўтараў Вікіпэдыі — Паўла Пернікава і Марка Бернштэйна.

Жыхара Берасьця Паўла Пернікава асудзілі на два гады зьняволеньня паводле артыкулу 369-1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь». У артыкул «Сьпіс загінулых падчас акцый пратэсту ў Беларусі (2020–2021)» ён дадаў зьвесткі пра Генадзя Шутава, які быў паранены 11 жніўня 2020-га ў Берасьці, а 19 жніўня памёр у шпіталі Міністэрства абароны.

Што тычыцца менчука Марка Бернштэйна, то інфармацыя пра яго зьявілася 10 сакавіка ў афіляваным з расейскімі спэцслужбамі тэлеграм-канале «Мракоборец» (пазьней гэты канал быў выдалены). У паведамленьні гаварылася, што Марк парушае расейскае заканадаўства аб публікацыі фэйкавых навін.

Літаральна на наступны дзень па яго прыйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіКу. Спачатку Бернштэйну прысудзілі 15 дзён адміністрацыйнага арышту. Пасьля яму выставілі абвінавачаньне паводле артыкулу 342 КК «Арганізацыя ці падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак».

Ці сьведчаць гэтыя выпадкі пра тое, што ўлады ўсур’ёз заняліся публікацыямі на Вікіпэдыі? Спыталі пра гэта ў адміністратараў беларускай вэрсіі электроннай энцыкляпэдыі.

Што такое Вікіпэдыя?

Гэта шматмоўная, агульнадаступная інтэрнэт-энцыкляпэдыя, якая была запачаткаваная яшчэ ў 2001 годзе. У літаральным перакладзе Wiki — «хутка» на гавайскай мове, «пэдыя» — «вывучэньне» з старажытнагрэцкай.

Артыкулы ствараюцца добраахвотнікамі па ўсім сьвеце. Існуе 298 вэрсій Вікіпэдыі.

Беларуская Вікіпэдыя ствараецца ў двух варыянтах: клясычным і афіцыйным правапісам. Артыкулаў афіцыйным правапісам створана болей (217 тысяч), чым клясычным (77 тысяч), актыўных аўтараў таксама больш — 276 на 138.

Хто такі Марк Бернштэйн?

Яму 56 гадоў, ён родам зь Менску. Апошнім часам працаваў начальнікам аддзелу суправаджэньня і падтрымкі праграмнага забесьпячэньня кампаніі QIWI (гэта адмысловая электронная аплатная сыстэма).

Марк Бернштэйн
Марк Бернштэйн

Марк выкладаў у фэйсбуку здымкі з акцый 1990-х гадоў на плошчы Незалежнасьці (тады Леніна), дзе ён у майцы «Беларускі народны фронт». Цяпер ён сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Ад 2008 году Бернштэйн — актыўны аўтар расейскамоўнай Вікіпэдыі. Уваходзіў у топ-50 найлепшых яе рэдактараў. Зрэдку пісаў і ў беларускамоўную Вікіпэдыю. Пры гэтым ён быў часткай беларускай вікі-супольнасьці, хадзіў на сумесныя сустрэчы.

Агулам за сваю дзейнасьць у Вікіпэдыі Бернштэйн унёс 212 тысяч правак. Шмат пісаў аб Галакосьце, гісторыі СССР, найноўшай гісторыі Беларусі.

У сакавіку 2022 году быў сярод тых, хто шмат правіў у артыкуле «Вторжение Росии на Украину». Меў нік Pessimist2006.

Хто такі Павал Пернікаў?

Жыхар Берасьця, 30 гадоў. Вучыўся на юрыдычным факультэце Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

На Вікіпэдыі зарэгістраваўся ў жніўні 2014 году. Асабліва шмат увагі ўдзяляў тэмам беларускай музыкі і недзяржаўных СМІ. Пісаў пад псэўданімам Pr12402. У агульных сустрэчах аўтараў Вікіпэдыі ўдзелу ніколі ня браў.

Калі Пернікава затрымалі, дакладна невядома, але ў Вікіпэдыі ён перастаў быць актыўным зь лістападу 2021 году. У сьнежні зь ягонага акаўнту рабіліся вельмі дзіўныя праўкі ў артыкулах на расейскай і беларускай мовах. Літаральна празь дзень яго заблякавалі.

У сакавіку 2022-га Сьледчы камітэт распаўсюдзіў прэс-рэліз аб ягоным затрыманьні, а 7 красавіка мужчыну асудзілі на 2 гады зьняволеньня. І Бернштэйна, і Пернікава прызналі палітвязьнямі.

«Актыўнасьць не зьмяншаецца; часьцей сталі прыходзіць украінцы»

Рэдактары беларускай Вікіпэдыі расказалі Свабодзе аб сытуацыі зь Пернікавым. Яны лічаць, што першапачаткова затрыманьне магло быць не зьвязана з ягонай дзейнасьцю ў Вікіпэдыі.

«Пра арышт Пернікава мы даведаліся толькі праз колькі месяцаў пасьля затрыманьня, бо ён жыў у Берасьці і не кантактаваў з асноўнай масай вікіпэдыстаў. Мы прыйшлі да высновы, што затрымалі яго ня столькі за Вікіпэдыю, колькі за іншую публічную дзейнасьць, а пра рэдагаваньне ў нашым праекце сілавікі даведаліся толькі з захопленага кампутара, нават спрабавалі пазабаўляцца ад імя ягонага акаўнта, але мы гэта хутка заўважылі і заблякавалі ўдзельніка», — кажуць ад імя супольнасьці беларускіх вікіпэдыстаў некалькі рэдактараў, якія пажадалі захаваць ананімнасьць зь меркаваньняў бясьпекі.

Па словах рэдактараў, асаблівых зьменаў у працы аўтараў Вікіпэдыі пасьля гэтых арыштаў не адбылося.

«Падыходы не зьмяніліся, паколькі правілы Вікіпэдыі заклікаюць да нэўтральнасьці і выкарыстаньня рознапалярных крыніц. Мы мусім карыстацца практыкай, калі праблема апісваецца з розных бакоў. Але дапускаю, што некаторыя ня пішуць цяпер на вострыя тэмы з асноўных акаўнтаў, а зрабілі сабе дадатковыя. Тым ня менш зьніжэньня актыўнасьці мы ня бачым, наадварот, у статыстыцы новых артыкулаў ёсьць нават нейкае павелічэньне. Відаць, што ўкраінцы прыходзяць да нас, правяць нешта ў артыкулах на ваенную тэму, напэўна, спрабуюць пашырыць зьвесткі пра сытуацыю як мага больш», — расказваюць рэдактары Вікіпэдыі.

«Ня маем права замаўчаць»

Разам з тым зьмяніліся некаторыя налады бясьпекі для аўтараў праекту. Напрыклад, рэдактары раяць цяпер рабіць праўкі ананімна, а не з зарэгістраваных акаўнтаў, бо ў такім выпадку добра відаць IP-адрас карыстальніка.

«Як бы дзіўна ні было, але пры рэгістрацыі вы абароненыя больш. Мы зрабілі запыт да вікіпраграмістаў з просьбай цэнтралізавана схаваць гісторыі артыкулаў на пратэставыя і ваенныя тэмы, але такія масавыя закрыцьці дадзеных разыходзяцца з палітыкай Wikimedia Foundation у ахове аўтарскага права. Пры гэтым, калі чалавек зарэгістраваны, то ягоныя пэрсанальныя дадзеныя атрымаць дастаткова складана, толькі некаторыя карыстальнікі маюць такія тэхнічныя правы, і цяпер у Беларусі нікога зь іх няма. На мясцовым узроўні мы, дзе змаглі, схавалі гісторыі правак „балючых“ артыкулаў з надзеяй, што гэта хоць крыху абароніць нашых удзельнікаў», — апавядаюць рэдактары Вікіпэдыі.

Яны кажуць, што ніколі не сутыкаліся з цэнтралізаванымі просьбамі з боку ўладаў выдаліць той ці іншы артыкул альбо адрэдагаваць нешта. Ды і офісу Вікіпэдыі ў Беларусі няма. Ня робяць такіх спробаў улады і самастойна.

«Жыць у Беларусі і пісаць нешта хоць куды, нават у сацсеткі, — ужо рызыка, але гэта наш абавязак. Шматгадовыя апытаньні прадстаўнікоў сусьветнай вікісупольнасьці паказваюць, што большасьць з нас матываваныя менавіта ідэяй распаўсюду як мага больш нэўтральнай энцыкляпэдычнай інфармацыі. Нашы калегі ва Ўкраіне цяпер нават пад абстрэламі ходзяць і фатаграфуюць разбурэньні, каб зафіксаваць іх для энцыкляпэдычнага выкарыстаньня; яны пішуць артыкулы пра баявыя дзеяньні і пашкоджаньні значных аб’ектаў ледзь ня зь лініі фронту. Калегі з Расеі таксама пад пагрозай блякаваньня Вікіпэдыі ў сваёй краіне імкнуцца не спыняць працу. Ці маем мы права замаўчаць, бо баімся перасьледу?» — адказалі прадстаўнікі вікі-супольнасьці ў камэнтары Свабодзе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
  • Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
  • У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы правялі некалькі масавых абстрэлаў украінскіх гарадоў, у Дніпры, Кіеве, Харкаве і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстраляў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG