Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прапаганда паўтарае за расейскай, што забойствы цывільных у Бучы — «фэйк»


Буча пасьля расейскіх абстрэлаў
Буча пасьля расейскіх абстрэлаў

Свабода перачытала і пераслухала выказваньні беларускіх прапагандыстаў пра забойствы цывільных людзей у Бучы, што пад Кіевам. Усьлед за расейскімі СМІ яны гавораць пра «змову» і «пастаноўку» і заніжаюць якасьць здымкаў, якія даступныя ў сеціве ў высокім разрозьненьні.

Украіна пачала расьсьледаваньне ваенных злачынстваў у Бучы пасьля таго, як горад пакінулі расейскія вайскоўцы. У Бучы знайшлі мноства целаў мірных жыхароў, некалькі дзясяткаў ляжалі проста на вуліцы. Паводле папярэдніх зьвестак, гаворка ідзе больш як пра 300 забітых.

Ужо два дні супрацоўнікі мясцовай рытуальнай службы зьбіраюць целы. Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў, камэнтуючы тое, што адбылося ў Бучы, заявіў, што там была зроблена «інсцэніроўка». Такія ж заявы гучаць у расейскіх афіцыйных СМІ. Іх паўтараюць і беларускія дзяржаўныя СМІ.

З калёнкі прапагандыста Андрэя Мукавозчыка ў «СБ», дзе аўтар устаўляе ў арыгінальны тэкст на расейскай беларускія словы ў нэгатыўнай афарбоўцы і карыстаецца тымі самымі канструкцыямі, што і расейскія прапагандысцкія тг-каналы:

«Тым, хто мае звычайны здаровы розум, няма патрэбы даказваць пастаноўку ва ўкраінскай Бучы. Вось расейскія войскі рыхтуюцца да плянавага адыходу (30 сакавіка) — не да кіданьня ўсяго, не да ўцёкаў, а спакойна, на загад, пакідаюць пазыцыі. Дзе ў іх у тыле ўвесь гэты час па вуліцах валяліся непрыбраныя трупы? Або камандзір, пакідаючы пасёлак і бачачы ляндшафт, махнуў рукой, маўляў, ат, няхай ляжаць? Прыдуркаватых там няма. Пасьля вулічных баёў у Бучы ў ход пайшоў галоўны калібар — інфармацыйны...

А ва Ўкраіне — досыць. Галава пасёлку радасна рапартуе (31 сакавіка), як ён яго «адбіў», — і ні слова пра трупы на вуліцах. Украдэпутат Жан Белянюк, увасабленьне мультыкультуралізму, здымае гераічнае відэа з самім сабой на «франтавой перадавой» — і зноў ані слоўца. Як, скажы ты, няма там ніякіх нябожчыкаў. Потым у пасёлак прыходзіць тэрабарона. І зноў нічога! Першыя кадры з трупамі, якія зручна паклалі галоўку на бардзюрчык, зьяўляюцца днём 2 красавіка...

Што яшчэ трэба даказваць? Хіба дадаць: гэта субота. Да выніковых нядзельных выпускаў навін ва ўсіх сусьветных тэлеканалаў градус гістэрыі ўзьняты да такой ступені, што яго вельмі цяжка праігнараваць. Ну, а ў панядзелак выйдуць газэты — і на ўвесь тыдзень у эўрапейцаў і англасаксаў будзе сфармаваны патрэбны настрой».

У відэа з Бучы рэдакцыя «СБ» апублікавала свае подпісы, дзе задаецца пытаньнем, ці ня «фэйк» гэта ад «украінскай прапаганды».

Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Аўдонін у этэры ток-шоў «Будни» на «Альфа Радыё» і «СБ ТБ» выказаў перакананьне, што «ніхто ніякіх разбораў праводзіць ня будзе».

«Самая галоўная мэта — актыўна падняць інфармацыйную, прапагандысцкую хвалю супраць Расеі. Мы бачым, гэта была правакацыя, ніякіх карцінак жахлівых, як яны малявалі, няма. Гэта пастаноўка, арыентаваная выключна на заходнюю аўдыторыю, і самамэта гэтай пастаноўкі і правакацыі — чарговая хваля санкцый супраць РФ. Яны заяўляюць аб тым, што трэба правесьці ваенны трыбунал і прывесьці да адказнасьці расейскае кіраўніцтва. Зразумела, што яны дзейнічаюць у сваім жа ключы, арыентаваным на тое, каб рабіць шоў, як гэта было і ў Сырыі з газавымі атакамі і „белымі каскамі“, але для заходняй аўдыторыі, якая не ангажаваная і глядзіць толькі гэтыя карцінкі, колькасьць раскіданых так званых трупаў па дарозе, калі едзе транспартны сродак, яно выклікае нейкі эмацыйны шок.

Якраз менавіта на гэта ўсё і разьлічана. Нічога агульнага зь нейкай рэальнай сытуацыяй, спробай разабрацца і зразумець, што такія ж, умоўна, але страшнейшыя бедзтвы былі на Данбасе, пачынаючы з 2014 году, і чамусьці ніякае ні CNN, ні BBC, іншыя заходнія каналы не асьвятлялі гэтага і не паказвалі, як зьвярэюць украінскія нацыяналісты. Бучу вельмі моцна раскручваюць, мала таго, некаторыя экспэрты зьвярнулі ўвагу, чаму была выбраная менавіта Буча: бо калі перакласьці з ангельскай, „butcher“ — гэта мясьнік», — сказаў Аўдонін.

Іншы тэлеканал беларускіх прапагандыстаў — АНТ — таксама абвінавачвае ў фэйках украінскі бок.

«Ва ўкраінскіх тэлеграм-каналах зьявіліся фатаздымкі расейскіх салдат, якія ўчынілі „генацыд у Бучы“. Вось толькі ўкраінскія каналы вырашылі выкарыстоўваць фатаграфіі якуцкіх салдат тэрміновай службы, якія знайшлі ў сацсетках. Насамрэч хлопцы дэмабілізаваліся яшчэ год таму. Цяпер ім параілі схаваць свае вайсковыя фота, каб не засьвяціцца ва ўкраінскіх фэйках.

Нагадаем, што частка ахвяр у Бучы — гэта людзі, зьнішчаныя тэрабаронай. Гэта пацьвярджаецца самімі ўкраінцамі. Астатнія целы — наступствы артабстрэлаў, якія вялі Ўзброеныя сілы Ўкраіны пасьля сыходу расейскіх войскаў — на гэта паказвае вялікая колькасьць варонак ад артудараў на відэа».

Тэлеграм-канал «Ваши Сливы», які спэцыялізуецца на абразах апазыцыйных актывістаў, незалежных журналістаў і вядзе агрэсіўную антыўкраінскую прапаганду, апублікаваў «выкрыцьцё» з параўнаньнем фатаздымкаў, зробленых нібыта на адной вуліцы з двух розных яе канцоў.

Аднак якасьць здымкаў не дазваляе дакладна вызначыць, ці сапраўды гэта тое самае месца з розных бакоў. Як і ў відэа пра трупы, якія нібыта варушацца, прарасейская прапаганда моцна заніжае якасьць фота- і відэаматэрыялаў.

У той жа час на здымках, зробленых Reuters і AFP у высокай якасьці, відаць і знакі, і машына, і целы, якія ляжаць на дарозе.

Нябожчыкі ў вызваленай Бучы. На здымках Reuters і AFP, зробленых у высокай якасьці, целы відаць і з аднаго, і з другога канца вуліцы. На беларускіх дзяржаўных СМІ якасьць здымкаў рэзка заніжаная
Нябожчыкі ў вызваленай Бучы. На здымках Reuters і AFP, зробленых у высокай якасьці, целы відаць і з аднаго, і з другога канца вуліцы. На беларускіх дзяржаўных СМІ якасьць здымкаў рэзка заніжаная
Адсюль бачныя і знакі, і частка машыны, і яміна на дарозе
Адсюль бачныя і знакі, і частка машыны, і яміна на дарозе

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG