Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьляпая Расея. Як армія Пуціна прайграе спадарожнікавую вайну


Карэспандэнты Радыё Свабода Сяргей Дабрынін і Марк Крутаў вывучылі адкрытыя крыніцы і паразмаўлялі з экспэртамі, каб зразумець, як адставаньне Расеі ў касьмічнай галіне паўплывала на яе ваенныя няўдачы ва Ўкраіне.

У расейскіх сілаў падчас вайны з Украінай узьніклі праблемы ня толькі з абароненай сувязьзю і каардынацыяй паміж рознымі родамі войскаў, пра што Радыё Свабода падрабязна пісала раней. Акрамя таго, што расейскія самалёты практычна ня здольныя зьнішчаць цэлі, якія перамяшчаюцца зь месца на месца, яны таксама адчуваюць праблемы з цэлеўказаньнем, калі гаворка ідзе пра стацыянарныя аб’екты. Гэта ж тычыцца і пяхоты: сярод захопленых украінскім войскам трафэяў можна ўбачыць мапы 30-гадовай даўнасьці, якія выкарыстоўваюць сыстэму каардынатаў, распрацаваную яшчэ ў 1942 годзе.

Праблемы з цэлеўказаньнем і арыентацыяй на мясцовасьці маглі б вырашыцца з дапамогай актуальных спадарожнікавых здымкаў высокага разрозьненьня — такія ж, якія могуць апэратыўна атрымліваць ЗША і якімі яны, магчыма, дзеляцца з украінскай выведкай. Аднак у Расеі засталося ўсяго некалькі спадарожнікаў аптычнага назіраньня, дый тыя блізкія да заканчэньня свайго тэрміну службы — а стварэньне і запуск новых ускладняюцца санкцыямі, уведзенымі адносна расейскіх кампаній яшчэ пасьля анэксіі Крыму і вайны 2014 году на Данбасе.

Як сьведчаць украінскія вайскоўцы, расейцы шмат у чым змушаныя спадзявацца на інфармацыю з адкрытых крыніц: напрыклад, вывучаць фатаграфіі і відэа, якія ўкраінскія відавочцы выкладваюць зь месца ракетных удараў і нападаў расейскай авіяцыі, карэктуючы такім чынам цэлі. З гэтай прычыны ўкраінскія ўлады настойліва просяць сваіх грамадзян не публікаваць ніякай інфармацыі пра абʼекты, што пацярпелі ад расейскіх нападаў.

Разбураны расейскім ракетным ударам дом у Барадзянцы, Кіеўская вобласьць, 7 красавіка 2022
Разбураны расейскім ракетным ударам дом у Барадзянцы, Кіеўская вобласьць, 7 красавіка 2022

Ня вельмі добра ідуць справ

ы і з ГЛОНАСС, расейскім аналягам сыстэмы глябальнага пазыцыянаваньня (GPS). Маскве становіцца ўсё цяжэй падтрымліваць у працоўным стане такую колькасьць спадарожнікаў, якая забясьпечвала б дакладную і бесьперабойную працу сыстэмы.

Яшчэ адна сфэра, у якой Расея мае праблемы, — спадарожнікавая сувязь. Як паказваюць перахопленыя ўкраінскімі спэцслужбамі і валянтэрамі перамовы вайскоўцаў, сучасныя мабільныя тэрміналы такой сувязі, «Аурига 1.2В», працуюць зь перабоямі, прымушаючы салдат і афіцэраў пераходзіць на неабароненыя каналы камунікацыі і мімаволі раскрываць зьмест сваіх перамоваў праціўніку.

Расея, магчыма, усьведамляе слабасьць сваёй спадарожнікавай групоўкі і спрабуе кампэнсаваць яе іншымі мэтадамі. Так, 24 лютага, у дзень расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, невядомыя хакеры атакавалі кампанію Viasat, аднаго з найбуйнейшых правайдэраў спадарожнікавага інтэрнэту ў сьвеце. Як паказала незалежнае расьсьледаваньне, за гэтым нападам можа стаяць Расея. Дапамога Ўкраіне ў забесьпячэньні бесьперабойным інтэрнэтам як мінімум вайскоўцаў і дзяржаўных чыноўнікаў прыйшла зь нечаканай крыніцы: бізнэсовец Ілан Маск пачаў і працягвае пастаўкі ва Ўкраіну абсталяваньня, каб падлучацца да спадарожнікавага інтэрнэту Starlink.

Касьмічныя вочы

Згодна з адкрытай базай дадзеных, цяпер расейская групоўка вайсковых спадарожнікаў і спадарожнікаў падвойнага прызначэньня налічвае каля ста апаратаў. 19 зь іх складальнікі базы фармальна адносяць да спадарожнікаў ДЗЗ — дыстанцыйнага зандаваньня зямлі (як у аптычным, так і ў радыёдыяпазоне), але насамрэч да выведных можна аднесьці толькі частку зь іх. Гэта два спадарожнікі «Барс-М», адзін «Кондор», пяць спадарожнікаў тыпу «Лотос», адзін «Пион-НКС», два спадарожнікі «Персона».

«Кондор» — малы радыёлякацыйны спадарожнік з досыць нізкім разрозьненьнем (больш як адзін квадратны мэтар на піксэль). Спадарожнікі «Барс-М», запушчаныя ў 2015–2016 гадах, таксама маюць разрозьненьне больш як 1 мэтар на піксэль і былі задуманыя галоўным чынам для вайсковай картаграфіі. Будавалася шэсьць спадарожнікаў «Барс», але на арбіце аказаліся толькі два, і абодва, відаць, ужо перавысілі гарантыйны тэрмін службы.

Астатнія спадарожнікі і ёсьць асноўныя «вайсковыя шпіёны». «Лотосы» і «Пион» складаюць сыстэму «Лиана». «Персоны» — адзіныя аптычныя «вочы» Расіі, але і тыя ў любы момант могуць асьлепнуць.

«Наколькі я ведаю, у Расеі цяпер на арбіце знаходзяцца два вайсковыя аптычныя выведныя спадарожнікі „Персона“. Іх запусьцілі ў 2013–2015 гадах, — кажа Барт Гендрыкс, амэрыканскі аналітык у галіне савецкіх і расейскіх касьмічных праграм. — Мы ня ведаем дакладна, які закладзены іх вытворцам тэрмін актыўнай працы. Напэўна, 5–7 гадоў. Верагодна, яны гэты тэрмін ужо перавысілі і могуць адмовіць у любы момант. Ніякіх добрых цывільных спадарожнікаў дыстанцыйнага зандаваньня Зямлі (ДЗЗ) у Расеі таксама на арбіце не засталося. У 2021 годзе гэта прызнаў нават гендырэктар РКЦ „Прагрэс“. Наступныя такія спадарожнікі будуць запушчаныя не раней за 2023 год. У прынцыпе, Расея цяпер на арбіце ўжо практычна сьляпая».

4 красавіка кіраўнік карпарацыі «Роскосмос» Дзьмітрый Рагозін апублікаваў спадарожнікавы здымак высокага разрозьненьня, на якім відаць штаб-кватэра NATO, і напісаў: «Хлопцы, мы за вамі назіраем. Майце на ўвазе». На здымку, аднак, напісана, што ён зроблены спадарожнікам «Рэсурс-П» два гады таму, 28 сакавіка 2020 году. У наступным допісе Рагозін адказвае на просьбу камэнтатара паказаць «больш актуальныя здымкі»: «Не магу. Усе зьвесткі з раёнаў правядзеньня спэцыяльнай ваеннай апэрацыі перадаюцца ў рэжыме рэальнага часу нашым вайскоўцам. І больш нікому».

Зрэшты, «Персоны», якія перавысілі гарантыйны тэрмін службы, відаць, працуюць — такую выснову можна зрабіць са зьвестак аб рэгулярнай карэкцыі іх арбіт, за якімі сочаць амэрыканскія вайскоўцы. Дакладныя парамэтры расейскіх вайсковых спадарожнікаў не публікуюцца ў адкрытым друку, але, на думку Гендрыкса, разрозьненьне «Персон» складае каля 50 сантымэтраў на піксэль. Для параўнаньня: разрозьненьне найлепшага амэрыканскага спадарожніка-шпіёна Keyhole-11 (12) ацэньваецца прыкладна ў 5 сантымэтраў на піксэль, гэта значыць на парадак вышэй, чым у расейскіх «Персон».

«Персоны» хутчэй параўнальныя не з сучаснымі амэрыканскімі касьмічнымі разьведчыкамі, а з магчымасьцямі камэрцыйнай кампаніі Maxar, спадарожнікавыя здымкі якой газэта The New York Times выкарыстоўвала, каб паказаць, што целы загінулых на Яблонскай вуліцы ў Бучы зьявіліся яшчэ ў сярэдзіне сакавіка.

Буча, 31 сакавіка 2022 г., здымак Maxar
Буча, 31 сакавіка 2022 г., здымак Maxar

Сурʼёзна адстае Расея і ў колькасьці спадарожнікаў. «У амэрыканцаў ёсьць як мінімум пяць спадарожнікаў Keyhole-12, у італьянцаў, французаў і гішпанцаў ёсьць свае спадарожнікі, усяго іх на парадак больш», — кажа Гендрыкс.

Ці здольныя «Персоны» ў рэжыме рэальнага часу сачыць за ваенным канфліктам ва Ўкраіне? Па словах Гендрыкса, кожны з двух спадарожнікаў пасьпявае праляцець над тэрыторыяй Украіны 2–3 разы на дзень у ранішнія гадзіны, ахопліваючы пры гэтым, паводле неафіцыйных зьвестак, палосы ў 730 кілямэтраў справа і зьлева ад пункту, што проста пад спадарожнікам. Пры гэтым чым далей ад гэтага пункту абʼект, здымак якога вы хочаце атрымаць, тым горш ён будзе відаць. Гэта так званая паласа агляду, тэрыторыя, якую апарат здольны ахапіць на працягу аднаго пралёту па арбіце, зрушваючы камэру.

Але ў рэчаіснасьці шырыня кадра, які робіць спадарожнік (паласа здымкі) нашмат вузейшая: у цывільных «Ресурс-П» яна складае 32 кілямэтры, у «Персон» яна можа быць прыкладна ўдвая меншая (дакладныя зьвесткі ў адкрытым доступе не публікаваліся). Для таго каб адсачыць перамяшчэньне аднаго вайсковага абʼекта на працягу дня, гэтага недастаткова, асабліва з улікам абмежаваньняў, якія накладае надворʼе.

Яшчэ адна праблема — апрацоўка дадзеных. Па словах старшага навуковага супрацоўніка Інстытуту ААН па дасьледаваньні праблем раззбраеньня ў Жэнэве Паўла Подвіга, здольнасьць той ці іншай краіны эфэктыўна выкарыстоўваць спадарожнікавую выведку не вызначаецца адной толькі колькасьцю спадарожнікаў і іх характарыстыкамі:

«Адна рэч мець спадарожнікі, іншая — умець імі карыстацца. Патрэбна сыстэма, якая дазволіць вам апэратыўна перадаваць інфармацыю са спадарожнікаў патрэбным людзям, якія будуць яе апрацоўваць і перадаваць людзям, якія адказваюць, напрыклад, за цэлеўказаньне. Тое, што нейкія спадарожнікі ў Расеі яшчэ лётаюць, ня значыць, што такая сыстэма ёсьць, а калі яна ёсьць, у выпадку з Расеяй складана сказаць, наколькі яна добрая ці дрэнная.

Уявіце сабе, напрыклад, што ў вас ёсьць доступ да ўсіх спадарожнікаў кампаніі Maxar. Інфармацыі там вельмі шмат. Вы можаце знайсьці свой дом і нават фатаграфію таго, як вы вакол яго ходзіце. Але гэта ня значыць, што вы можаце гэтую інфармацыю ўзяць і некуды перадаць. Ня проста перадаць, а зразумець, клясыфікаваць і гэтак далей.

У мяне ёсьць падазрэньне, што з гэтым у Расеі ўсё ня вельмі проста, таму што нават амэрыканцы з гэтай задачай спраўляюцца не заўсёды. Сьведчаньняў таго, што Расеяй гэтая задача ў вайне з Украінай вырашаецца пасьпяхова, я пакуль ня бачу», — кажа Подвіг.

Ці можа Ўкраіна скарыстацца слабасьцю расейскай спадарожнікавай групоўкі, атрымаўшы зьвесткі ад лідэра ў гэтай сфэры, ЗША? Нягледзячы на тое, што Злучаныя Штаты афіцыйна заяўлялі, што дзеляцца з Украінай выведнымі зьвесткамі ў рэжыме рэальнага часу, Барт Гендрыкс ня лічыць, што гэтыя зьвесткі ўключаюць у сябе непасрэдна спадарожнікавыя здымкі. ЗША адмовіліся даваць іх нават суду, які расьсьледуе справу аб крушэньні «Боінга» Малайзійскіх авіяліній пад Данецкам. Здымак, які нібыта зафіксаваў пуск расейскай ракеты, якая зьбіла «Боінг», яны паказалі толькі прадстаўніку пракуратуры Нідэрляндаў.

«Я ня думаю, што Пэнтагон гатовы дзяліцца з Украінай такой далікатнай інфармацыяй. Да таго ж Украіна нядаўна паведамляла, што хоча купіць камэрцыйныя спадарожнікавыя здымкі, у тым ліку ня толькі аптычныя, але і радарныя здымкі. Магчыма, ЗША кажуць украінцам, што менавіта яны бачаць на фатаграфіях са сваіх спадарожнікаў, але самімі здымкамі яны наўрад ці зь імі дзеляцца. Яны так ніколі ня робяць, толькі Дональд Трамп у 2019 годзе выпадкова апублікаваў фатаграфіі з амэрыканскага спадарожніка-шпіёна, калі пісаў пра выбух іранскай ракеты „Сафір“», — кажа Гендрыкс.

Здымак, зроблены амэрыканскім спадарожнікам і апублікаваны на афіцыйнай старонцы ў Twitter тагачаснага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў жніўні 2019 году
Здымак, зроблены амэрыканскім спадарожнікам і апублікаваны на афіцыйнай старонцы ў Twitter тагачаснага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў жніўні 2019 году

Касьмічныя вушы

У адрозьненьне ад аптычных спадарожнікаў, такіх як «Персона», спадарожнікі радыёэлектроннай выведкі не залежаць ад умоў надворʼя, а калі яны абсталяваныя лякатарамі, дык могуць ня толькі вызначаць радыёвыпраменьвальныя пункты на паверхні, але і фармаваць досыць дакладны малюнак гэтай паверхні.

У СССР за радыёэлектронную выведку на моры адказвала сыстэма «Легенда» з адным актыўным спадарожнікам УС-А, а на сушы — пасіўныя спадарожнікі сэрыі «Целина». У Расеі цяпер працуе сыстэма «Лиана», спадкаемца «Легенды». «Лиана» здольная, паводле афіцыйных зьвестак, праводзіць выведку і на сушы. Таксама ёсьць згаданы раней малы спадарожнік «Кондор», які нясе актыўны радыёлякатар з разрозьненьнем парадку 1–2 мэтры.

«Кондор» быў запушчаны ў 2014 годзе, тэрмін яго меркаванага актыўнага існаваньня — 5 гадоў, так што ён, хутчэй за ўсё, або ўжо перастаў працаваць, або перастане ў найбліжэйшай будучыні. Аднак магчыма, што зусім нядаўна на зьмену яму на арбіту выйшаў новы расейскі апарат.

«На пачатку лютага быў запушчаны спадарожнік „Космос-2553“. Афіцыйна пра мэты яго запуску нічога не паведамлялася, але мы ведаем, што насамрэч гэты спадарожнік называецца „Нейтрон“, вайсковы індэкс 14Ф01, ён быў распрацаваны маскоўскім навукова-вытворчым абʼяднаньнем „Машиностроение“, а яны спэцыялізуюцца менавіта на радарных спадарожніках. Калі „Нейтрон“ — гэта радарны спадарожнік, то гэта першы такі запуск амаль за 10 гадоў», — кажа Барт Гендрыкс.

Сапраўды, расейскія ведамствы расказвалі пра новы «Космос-2553» вельмі абцякальна, заяўляючы, што «спадарожнік абсталяваны нанава распрацаванымі бартавымі прыборамі і сыстэмамі для іх адпрацоўкі ва ўмовах узьдзеяньня радыяцыі і цяжкіх зараджаных часьцінак».

Амэрыканскія назіральнікі ўпэўненыя, што гэты апарат пабудаваны на плятформе выведнага «Кондора», які ствараўся ў тым жа НВА «Машиностроение». «Нейтрон» яшчэ не пасьпеў трапіць у базу зьвестак пра дзейныя спадарожнікі, спасылку на якую Радыё Свабода прыводзіла вышэй.

Што да сыстэмы «Лиана», то гэта адзін з самых вядомых расейскіх касьмічных «даўгабудаў». Яна пачала распрацоўвацца яшчэ ў 1993 годзе як патэнцыйная замена савецкай сыстэме «Легенда», якая спыніла існаваньне. Групоўку плянавалася разгарнуць ужо на пачатку 2000-х гадоў, але праз праблемы зь фінансаваньнем і неаднаразовы перагляд тэхнічных патрабаваньняў першы спадарожнік будучай «Лианы», «Лотос-С1», адправіўся на арбіту толькі ў 2009-м.

Пачаць нармальна працу ён так і ня змог, і наступны, мадэрнізаваны «Лотос» быў запушчаны толькі ў 2014 годзе. Потым, да 2018 году, былі выведзены на арбіту яшчэ два аналягічныя спадарожнікі. Як і «Легенда», сыстэма «Лиана» мелася ўключаць у сябе і пасіўныя, і актыўныя апараты. Абсталяваны актыўным радыёлякатарам «Пион-НКС» пасьпяхова стартаваў летам 2021 году. Такім чынам, «Лиана» была разгорнутая — хоць і ў мінімальным варыянце. Дакладныя тэрміны службы спадарожнікаў «Лотос» і «Пион» невядомыя, вытворца абмежаваўся фармулёўкай «больш за 3 гады». Калі абапірацца на тэрміны службы іншых сучасных вайсковых спадарожнікаў, як мінімум «Лотос», запушчаны ў 2014 годзе, ужо перавысіў гарантыйны тэрмін службы.

Падрыхтоўка да запуску расейскага вайсковага спадарожніка на касмадроме ў Плясецку, 29 сакавіка 2018 году
Падрыхтоўка да запуску расейскага вайсковага спадарожніка на касмадроме ў Плясецку, 29 сакавіка 2018 году

Мяркуецца, што, у адрозьненьне ад «Легенды», «Лиана» можа выкарыстоўвацца для цэлеўказаньня сучасных крылатых ракет марскога базаваньня («Калибр», «Кинжал», «Оникс») ня толькі на моры, але і на сушы.

Ня выключана, што «Лиана» выкарыстоўваецца для расейскіх нападаў крылатымі ракетамі на ўкраінскія абʼекты. 31 сакавіка 2022 году Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала чарговы пакет санкцый у дачыненьні да расейскіх тэхналягічных кампаній. У прыватнасьці, абʼектам санкцый стала пецярбурскае акцыянэрнае таварыства «Навукова-дасьледчы інстытут „Вектор“». У дакумэнце Мінфіну ЗША падкрэсьліваецца, што «Вектор» падпаў пад санкцыі менавіта за ўдзел у працы над сыстэмай «Лиана». «Спадарожнікавая групоўка «Лиана» радыёэлектроннай выведкі, верагодна, выкарыстоўвалася для адсочваньня караблёў, самалётаў і бранятэхнікі падчас незаконнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну», — гаворыцца ў дакумэнце.

Барт Гендрыкс лічыць, што і ў радыёэлектроннай спадарожнікавай выведцы Расея значна саступае Захаду. «У радарных спадарожніках Расея таксама адстае ад NATO на парадак», — сказаў экспэрт у гутарцы з Радыё Свабода.

Касьмічная навігацыя

Спадарожнікі-шпіёны патэнцыйна вельмі карысныя для цэлеўказаньня, плянаваньня апэрацый і ацэнкі шкоды, але нашмат мацней расейскае войска залежыць ад касьмічнай навігацыі. Спадарожнікавая групоўка сыстэмы ГЛОНАСС цяпер складаецца з 23 спадарожнікаў — і гэта ўжо на адзін спадарожнік менш, чым патрабуецца для паўнавартаснай працы.

Праблемы ГЛОНАСС таксама зьвязаныя з санкцыямі. Асноўныя спадарожнікі сыстэмы, «Глонасс-М», а таксама спадарожнікі наступнага пакаленьня, «Глонасс-К1», прыкладна на 90% выкарыстоўваюць імпартныя радыяцыйна ўстойлівыя электронныя кампанэнты. Уведзеныя ў 2014 годзе абмежаваньні на экспарт у Расею электронікі падвойнага прызначэньня зрабілі далейшае стварэньне такіх спадарожнікаў немагчымым. На зьмену «Глонасс-М» і «Глонасс-К1» павінен быў прыйсьці «цалкам расейскі» «Глонасс-К2», які пры амаль тых жа характарыстыках атрымаўся ўдвая цяжэйшы — менавіта праз электроніку. «Глонасс-К2» дагэтуль так і не запушчаны на арбіту.

Спадарожнік «Глонасс-М» выкарыстоўвае ў асноўным імпартаваную электроніку
Спадарожнік «Глонасс-М» выкарыстоўвае ў асноўным імпартаваную электроніку

Гарантыйны тэрмін службы «Глонасс-М» складае 7 гадоў, «Глонасс-К1» — 10 гадоў. З 2014 году было запушчана дзесяць спадарожнікаў «Глонасс-М» і тры спадарожнікі «Глонасс-К1». Толькі гэтыя трынаццаць апаратаў пакуль не перавысілі свайго гарантыйнага тэрміну службы. Іх ня хопіць нават для паўнавартаснай навігацыі на тэрыторыі Расеі.

«Палова спадарожнікаў ГЛОНАСС можа адваліцца ў любы момант. У прынцыпе, адмова першых 3–4 адабʼецца проста на зьмяншэньні дакладнасьці ў нейкай зоне. Але для нармальнага пакрыцьця тэрыторыі Расеі трэба каля 18 штук. ГЛОНАСС балянсуе на мяжы працаздольнасьці, і сытуацыя робіцца толькі горшай, — лічыць суразмоўца Радыё Свабода, які працаваў у расейскай і эўрапейскай аэракасьмічнай сфэры і папрасіў не называць ягонага імя. — Калі ня будзе кардынальна зьменены трэнд запуску, сыстэма ГЛОНАСС разваліцца на працягу найбліжэйшых некалькіх гадоў. Нейкі запас гатовых спадарожнікаў „Глонасс-М“ застаецца на складах, але што будзе далей — вялікае пытаньне».

Без імпартазамяшчэньня

Праблемы з вайсковымі спадарожнікамі прызнавалі і ў расейскім урадзе. У 2019 годзе расейскі віцэ-прэмʼер Юрый Барысаў расказваў, што сытуацыяй заклапочаны асабіста прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін. «У сьнежні на сочынскіх нарадах, дзе мы сурʼёзна абмяркоўвалі стан касьмічнай групоўкі ў інтарэсах Мінабароны, была вельмі жорсткая, сурʼёзная размова», — сказаў Барысаў у эфіры тэлеканалу «Россия-24», дадаўшы, што Пуцін даручыў стварыць камісію, каб высьветліць прычыны затрымак у абнаўленьні вайсковай касьмічнай групоўкі.

Адной з прычын павольнага абнаўленьня спадарожнікаў, асабліва калі параўноўваць з савецкім пэрыядам, на думку экспэртаў, сталі праблемы зь цяжкай ракетай «Ангара-А5», якая павінна была стаць асноўным «працоўным конікам» для вайсковых запускаў. На сёньня «Ангара» стартавала ўсяго тры разы, у 2014, 2020 і 2021 гадах, і выводзіла на арбіты толькі макеты касьмічных апаратаў.

Расейскія вайскоўцы пасьля тэставага запуску ракеты «Ангара-А5» у сьнежні 2020 году
Расейскія вайскоўцы пасьля тэставага запуску ракеты «Ангара-А5» у сьнежні 2020 году

У 2017 годзе «Роскосмос» расказаў пра пляны стварэньня расейскай глябальнай шматфункцыянальнай інфакамунікацыйнай спадарожнікавай сыстэмы «Сфера». Меркавалася, што яна ўключыць у сябе некалькі сотняў спадарожнікаў рознага прызначэньня, у тым ліку амаль 250 апаратаў ДЗЗ.

З тых часоў гэтыя пляны ніяк ня рушылі наперад. Дагэтуль нават ня вызначаны задачы і склад пэрспэктыўнай групоўкі. Уладзімір Пуцін крытыкуе «Роскосмос» за зрыў плянаў па спадарожніках, у тым ліку па ГЛОНАСС і па «Сферы», практычна штогод.

«„Сфера“ — гэта наогул „расьпілоўваньне“ ў чыстым выглядзе. У гэтага праекту ёсьць адна-адзіная мэта — атрымаць вельмі шмат бюджэтных грошай. Мэтавае прызначэньне гэтых меркаваных сотняў спадарожнікаў некалькі разоў мянялася, яго цалкам перапрыдумлялі. „Роскосмосу“ проста патрэбныя грошы. Тое ж самае Ілан Маск робіць са Starlink — яго стварылі, каб быў якарны заказчык для Space X. Рагозін спрабуе зрабіць тое ж самае са „Сферай“, ён будзе прыдумляць любыя прызначэньні спадарожнікаў, проста каб забясьпечыць вялікую колькасьць пускаў», — тлумачыць суразмоўца Радыё Свабода з аэракасьмічнай галіны.

Расейская спадарожнікавая групоўка патрабуе сталага абнаўленьня з прычыны малых тэрмінаў службы апаратаў. «Мэтавы тэрмін службы расейскіх спадарожнікаў у сярэднім удвая меншы, чым у амэрыканскіх. Прычына — электроніка. У Расеі фактычна так і не зьявілася свая касьмічная электроніка, добрай заходняй нам ніколі не пастаўлялі, а зараз, пад санкцыямі, яе тым больш ня будзе. Пасьля 2014 году, калі былі ўведзеныя папярэднія санкцыі, касьмічнае імпартазамяшчэньне так і не ўдалося арганізаваць», — тлумачыць экспэрт.

Нават калі цяжкая «Ангара-А5» зможа стабільна ажыцьцяўляць запускі, невядома, ці знойдзецца тое, што яна будзе выводзіць на арбіту. На зьмену аптычным выведнікам «Персона», якія вось-вось выйдуць са строю, павінны ўжо ў найбліжэйшыя гады прыйсьці спадарожнікі «Разбег» і «Раздан» — пабудаваць іх у новых санкцыйных умовах будзе вельмі складана.

«Санкцыі, якія былі ўведзеныя супраць Расеі пасьля пачатку вайны з Украінай (у тым ліку новыя абмежаваньні на экспарт высокатэхналягічнай прадукцыі), ня будуць садзейнічаць скарачэньню разрыву ў разьвіцьці спадарожнікавых тэхналёгій паміж Расеяй і краінамі Захаду. Зрэшты, расейскае адставаньне ў гэтай сфэры было наканавана яшчэ папярэднімі абмежавальнымі захадамі, уведзенымі ў дачыненьні да Расеі ў 2014 годзе. Гэтыя санкцыі тлумачаць, чаму многія запускі расейскіх спадарожнікаў так доўга адкладаюцца, а расейская вайсковая арбітальная групоўка знаходзіцца ў зародкавым стане», — лічыць Барт Гендрыкс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG