Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта масавая зьява, не адзін нацыянал-здраднік». Вайскоўцы з 17 гарадоў Расеі адмаўляюцца ехаць на вайну ва Ўкраіну


Ілюстрацыйнае фота. Зьнішчаны расейскі танк у Кіеўскай вобласьці, 20 сакавіка 2022 году
Ілюстрацыйнае фота. Зьнішчаны расейскі танк у Кіеўскай вобласьці, 20 сакавіка 2022 году

Ва Ўкраіне ваююць ня толькі расейскія кантрактнікі і салдаты тэрміновай службы, але і «добраахвотнікі»: на гэтым тыдні «атрад» такіх вайскоўцаў адправілі ва Ўкраіну з самага беднага расейскага рэгіёну, Тывы (Тувы). У той жа час расьце колькасьць вайскоўцаў, якія ня хочуць удзельнічаць у вайне ва Ўкраіне.

Кіраўнік праваабарончай групы «Агора» Павел Чыкаў распавёў тэлеканалу «Настоящее время», што па дапамогу да іх ужо зьвярнуліся вайскоўцы і расгвардзейцы з 17 расейскіх гарадоў. Яны адмаўляюцца выконваць загад і ехаць ва Ўкраіну, за што, паводле адвакатаў, іх звальняюць, аказваюць на іх ціск і пагражаюць крымінальнымі справамі.

Апошнім гучным выпадкам адмовы стаў той, калі па дадзеных выданьня «Псковская губерния», на вайну ва Ўкраіне адмовіліся ехаць каля 60 чалавек, а 7 красавіка колькасьць «адмоўнікаў» вырасла ўжо да 100 чалавек. Частка гэтых вайскоўцаў ужо пасьпела пабываць на тэрыторыі Ўкраіны, а астатнія прымаюць рашэньне ня ехаць, даведаўшыся аб досьведзе сваіх таварышаў па службе.

«Вялікая група дэсантнікаў знаходзілася на тэрыторыі Ўкраіны ў пачатку вайны. Наколькі нам вядома, яны ўвайшлі туды з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, і па шэрагу прычын яны былі выведзеныя назад на тэрыторыю Беларусі, у тым ліку з-за таго, што ў іх скончылася правізія, — распавядае «Настоящему времени» Дзяніс Камалягін, галоўны рэдактар „Псковской губернии“. — Пасьля яны вярнуліся ў Пскоў. Я так разумею, у іх ня ўзьнікла жаданыя ў другі раз ехаць у гэтую камандзіроўку, бо першапачатковая інфармацыя была аб вучэньнях плюс былі праблемы з харчаваньнем і гаруча -змазачнымі матэрыяламі».

Афіцыйнай інфармацыі ад Мінабароны Расеі аб стратах пскоўскай дэсантна-штурмавой дывізіі не было. Але ў рэгіянальных СМІ і тэлеграм-канале «Ищи своих» дадзеныя аб загінулых з 76-й дэсантна-штурмавой дывізіі зьяўляліся.

Частку вайскоўцаў, якія адмаўляюцца ехаць ваяваць ва Ўкраіну, афіцыйна ня хочуць звальняць са службы: яны пішуць рапарты, але іх проста не падпісваюць, расказвае Дзяніс Камалягін. Дэсантнікі, якія пасьля гэтага цьвёрда жадаюць звольніцца, звычайна зьвяртаюцца ў ваенную пракуратуру. Інфармацыі аб заведзеных крымінальных справах на вайскоўцаў з пскоўскай дывізіі пакуль няма, але вядома, што ім паступалі пагрозы ад кіраўніцтва іх вайсковых частак.

«Былі звальненьні ў звычайным парадку, але некаторыя чакаюць каманды зьверху: яны пакуль ня ведаюць, што рабіць, і не падпісваюць рапарты на звальненьне, відаць, чакаюць», — расказвае Камалягін.

Паводле інфармацыі «Пскоўскай губернии», 6 красавіка ў Пскове былі прадстаўнікі Мінабароны Расеі. Яны зьбіралі дадзеныя па забесьпячэньні і правізіі ў войску, а яшчэ высьвятлялі колькасьць «адмоўнікаў» у частках.

Камалягін мяркуе, што колькасьць тых, хто будзе адмаўляцца ехаць ва Ўкраіну, будзе расьці:

«Учора гэта 60 чалавек, сёньня гэта 100, заўтра гэта 150. Гэта масавая зьява, гэта не адзін нацыянал-здраднік, як прынята ў нас удзёўбваць усім у галаву, — кажа ён. — Гэта нармальныя людзі, якія ня хочуць ісьці ваяваць на незразумелую вайну, у незразумелых умовах, у незразумелым войску».

Аналягічная сытуацыя склалася ў Хакасіі: там журналіст Міхаіл Афанасьеў даведаўся, што 11 байцоў мясцовага АМАПу адмовіліся працягваць удзельнічаць у вайне з Украінай, ужо знаходзячыся ў камандзіроўцы. Па ягоных зьвестках, гэта здарылася пасьля таго, як іх калёну разьбілі ўзброеныя сілы Ўкраіны ў Кіеўскай вобласьці.

«Іх паднялі і большай частцы проста сказалі ісьці наперад: трэба будзе захапіць тэрыторыю Ўкраіны і ўтрымліваць яе, падтрымліваць парадак. І яны пайшлі, — распавядае журналіст. — Частка пайшла на Кіеў вялікай калёнай — і на падыходзе, на пад’езьдзе да Кіева калёну пачалі зьнішчаць і ў выніку зьнішчылі. Што да хакаскага САХРу — у іх 7 чалавек параненыя, 1 прапаў бязь вестак, а колькі загінулых — яны ня ведаюць, не было калі лічыць».

Амапаўцы расказалі журналісту аб праблемах з забесьпячэньнем: яшчэ калі яны знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі падчас вучэньняў, іх не кармілі. Аб «спэцапэрацыі», па іх словах, нібыта ніхто ня ведаў да апошняга моманту — гэта значыць да перасячэньня мяжы Ўкраіны. 11 тых, хто выжыў пасьля разгрому калёны байцоў, ужо вярнуліся ў Хакасію. Усе яны, па словах Афанасьева, звольненыя са службы — «за ўчынак, які ганьбіць гонар паліцыянта».

Апошнія дадзеныя аб забітых расейскіх вайскоўцах падчас вайны Расеі з Украінай Мінабароны Расеі паведамляла 25 сакавіка: тады колькасьць загінулых, паводле афіцыйнай вэрсіі, склала 1351 чалавек. Аднак прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў 7 красавіка прызнаў, што страты расейскіх войскаў «значныя».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG