Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кожны пяты забіты на вайне расеец, чыя сьмерць прызнаная ў самой Расеі, — афіцэр

Пахаваньне аднаго з расейскіх вайскоўцаў, які загінуў ва Ўкраіне, сакавік 2022
Пахаваньне аднаго з расейскіх вайскоўцаў, які загінуў ва Ўкраіне, сакавік 2022

У Расеі кожны дзень хаваюць вайскоўцаў, якія загінулі ва Ўкраіне. Па падліках расейскай службы ВВС, 20% загінулых, аб якіх паведамляюць расейскія рэгіёны, — гэта афіцэры.

Апошні раз Мінабароны Расеі рабіла справаздачу аб сваіх стратах у вайне супраць Украіны 25 сакавіка, паведаміўшы аб гібелі 1351 вайскоўца. Узброеныя сілы Ўкраіны называюць куды большую лічбу — 18,3 тысячы чалавек, піша BBC.

Па стане на 5 красавіка ў афіцыйных крыніцах РФ апублікаваны імёны як мінімум 1083 загінулых расейскіх вайскоўцаў. Часьцей за ўсё пра іх паведамляюць кіраўнікі рэгіёнаў ці раёнаў, а таксама мясцовыя СМІ. 217 з 1083 устаноўленых асобаў нябожчыкаў — афіцэры ад малодшага лейтэнанта да генэрала. Гэта 20% ад ліку ўсіх вайскоўцаў у сьпісе пацьверджаных стратаў расейскага войска.

Такая высокая колькасьць афіцэраў у сьпісах устаноўленых страт не азначае, што кожны пяты загінулы на полі бою расеец быў афіцэрам. Па традыцыі целы мёртвых камандзіраў у расейскім войску імкнуцца адправіць дадому ў прыярытэтным парадку, і пра іх сьмерць часьцей абвяшчаюць публічна, адзначае Самуэль Крэні-Эванс з брытанскага Каралеўскага інстытуту дасьледаваньняў у галіне абароны і бясьпекі.

Цяпер у сьпісах стратаў — 10 палкоўнікаў (уключна з адным капітанам першага рангу), 20 падпалкоўнікаў, 31 маёр і 155 малодшых афіцэраў (рангам ад малодшага лейтэнанта да капітана).

Украіна сьцьвярджае, што загінулі ўжо сем расейскіх генэралаў, але Расея прызнала толькі сьмерць генэрал-маёра Андрэя Сухавецкага.

Пры вывучэньні сьпісу пацьверджаных Расеяй страт прыкметная яшчэ адна тэндэнцыя: каля 15% усіх устаноўленых загінулых служылі ў паветрана-дэсантных войсках.

Апытаныя ВВС экспэрты адзначаюць, што расейскія дэсантнікі шырока выкарыстоўваюцца для рашэньня тых задач, на якія, па ідэі, можна было б паслаць звычайную пяхоту. Але расейскія ваеначальнікі аддаюць перавагу выкарыстаньню паветрана-дэсантных войскаў, бо гэтыя падразьдзяленьні, як правіла, значна лепш падрыхтаваныя як фізычна, так і маральна.

Многіх расейскіх вайскоўцаў, як адзначае выданьне, дастаўляюць на радзіму толькі празь некалькі тыдняў.

Часьцей за ўсё пра палеглых ва Ўкраіне сярод расейскіх рэгіёнаў паведамлялі ў Дагестане — там вядома пра 93 пахаваных вайскоўцаў. У гонар іх называюць школы і нават пераназываюць вуліцы. Але «груз 200» прыходзіць ня толькі ў Расею, але і ў іншыя краіны, дзе знайшліся людзі, якія падпісалі кантракт з расейскім войскам.

Пахаваньні тых, хто загінуў ва Ўкраіне, ужо прайшлі ў Кіргізстане, Таджыкістане і частцы Грузіі — Паўднёвай Асэтыі, якая пры падтрымцы Расеі пасьля вайны 2008 году абвясьціла пра сваю незалежнасьць, якой ніхто не прызнае.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG