Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў: ва Ўкраіне загінулі 11 генэралаў і палкоўнікаў Расеі. Масква маўчыць, але рэгіянальныя СМІ РФ пацьвярджаюць сьмерці


Забіты на вайне расейскі генэрал-маёр Андрэй Сухавецкі
Забіты на вайне расейскі генэрал-маёр Андрэй Сухавецкі

У Цэнтры супрацьдзеяньня дэзынфармацыі, які працуе пры Радзе нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, сьцьвярджаюць, што ад пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны ў баях на ўкраінскай тэрыторыі загінулі 11 высокіх военачальнікаў Расеі.

У прыватнасьці, сьцьвярджаюць, што ў баях пад Гастомелем загінуў генэрал-маёр Магамед Тушаеў, камандзір 141-га матарызаванага палку Нацыянальнай гвардыі Чачэніі. Але ў Чачэніі ягонай гібелі не пацьвердзілі.

Пад Харкавам загінуў першы намесьнік 41-й агульнавайсковай арміі Цэнтральнай вайсковай акругі, генэрал-маёр Віталій Герасімаў, які неаднаразова выконваў баявыя заданьні ў Сырыі. Афіцыйна Расея не прызнала ягонай гібелі. Ён стаў першым расейскім генэралам, пра сьмерць якога ва Ўкраіне стала вядома.

11 сакавіка загінуў камандуючы 29-й агульнавайсковай арміі Ўсходняй вайсковай акругі, генэрал-маёр Андрэй Калесьнікаў. Ён рыхтаваў войскі да апэратыўна-тактычных манэўраў «Усход-2022». Расея пакуль не прызнала факту ягонай гібелі ва Ўкраіне.

9-10 сакавіка пад Кіевам загінуў камандзір 6-га палку 90-й танкавай дывізіі Цэнтральнай вайсковай акругі палкоўнік Андрэй Захараў. З боку Расеі няма афіцыйнага пацьвярджэньня гэтага факту.

14 сакавіка стала вядома пра гібель камандзіра 12-й асобнай гвардзейскай інжынэрнай брыгады Цэнтральнай вайсковай акругі Сяргея Парахні. Аб гэтым паведаміў старшыня Башкірскага рэгіянальнага аддзяленьня Расейскага саюзу вэтэранаў Афганістана Дзьмітры Глушко. Але ў прэсавай службе Цэнтральнай вайсковай акругі ад камэнтароў адмовіліся.

15 сакавіка пад Харкавам загінуў камандзір 252-га мотастралковага полку 3-й мотастралковай дывізіі палкоўнік Ігар Нікалаеў.

Гібель камандзіра 33-га мотастралковага полку падпалкоўніка Юрыя Агаркова пацьвердзіла выданьне рэгіёну, дзе дыслякуецца полк. Падпалкоўнік загінуў 8 сакавіка.

Гібель 6 сакавіка пад Харкавам намесьніка камандзіра брыгады марской пяхоты Дзьмітрыя Сафронава таксама паведамілі мясцовыя СМІ са спасылкай на прадстаўнікоў улады.

Падрабязнасьці гібелі камандзіра дывізіёну вайсковай часткі 12776 падпалкоўніка Міхаіла Ярмоліна ў Кіеве не ўдакладняюць. У Расеі таксама няма афіцыйных зьвестак пра ягоную гібель.

28 лютага пад Марыюпалем загінуў намесьнік камандуючага 41-й агульнавайсковай арміі Цэнтральнай вайсковай акругі генэрал-маёр Андрэй Сухавецкі. І гэта фактычна адзіны выпадак, які пацьвердзілі расейскія ўлады. Сухавецкі ўдзельнічаў у баявых дзеяньнях на Паўночным Каўказе, у Абхазіі, у Сырыі і быў узнагароджаны за ўдзел у анэксіі Крыму.

У пачатку сакавіка загінуў палкоўнік Віктар Ісайкін. Гэты факт пацьвердзіў кіраўнік Мардоўскай Рэспублікі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG