Украінскія генэралы, якія адказваюць за абарону Кіева, расказалі ВВС, як іх сілы змагаюцца, каб стрымаць расейскую артылерыю, і патлумачылі моцныя бакі гораду ў вайне супраць расейскіх войскаў.
Кіеў усё больш адчувае жорсткасьць вайны і разбурэньняў ад нападаў расейскіх войскаў. Раніцай у панядзелак расейская ракета трапіла ў дзевяціпавярховы жылы дом — загінуў як мінімум адзін чалавек, разбураны сам будынак і дзясяткі ўкраінцаў засталіся бяз даху над галавой.
На шчасьце, многія жыхары былі ў сховішчах, інакш ахвяр было б значна больш. 15 сакавіка зноў быў абстрэл шматпавярховікаў — двое загінулі.
Цэнтар Кіева і многія яго прыгарады расейскія атакі пакуль не закранулі, а вось іншыя ўкраінскія гарады зазнаюць масіраваны артылерыйскі абстрэл, ёсьць шмат ахвяр.
Мэр Кіева Віталь Клічко абвясьціў двухдзённую камэнданцкую гадзіну да раніцы 17 сакавіка, а таксама заклікаў кіяўлян-мужчын вярнуцца для абароны сталіцы. Вядома, што захоп сталіцы Ўкраіны — адна з галоўных мэтаў расейскага ўварваньня.
Рэкі і тарфянікі дапамагаюць у абароне
Генэралы, адказныя за абарону Кіева, заявілі, што робяць усё магчымае, каб стрымаць расейскую артылерыю, але прызналі, што сталіца ўразьлівая для ракет.
Аднак рэльеф гораду і мясцовасьці граюць на руку ўкраінскім сілам, сказаў генэрал Андрэй Крышчанка. Горад вялікі і прасторны. Яго перасякаюць рэкі, прычым ня толькі магутны Дняпро, які дзеліць Кіеў на дзьве часткі, але і яго прытокі.
«З аднаго боку, цяжка абараняцца, улічваючы, што Кіеў вельмі вялікі, — сказаў ён. — Але, з другога боку, гэта плюс. Рэкі, масты на подступах да гораду. Нашы войскі будуюць абарону і ўмацаваньні».
«Вакол гораду шмат невялікіх рэк, якія ўпадаюць у Дняпро, шмат тарфяных балот, таму мясцовасьць непрыдатная для маштабнага перамяшчэньня войскаў».
Яшчэ адна перавага, па словах генэрала, — тое, што Кіеў — прамысловы горад, з майстэрнямі і фабрыкамі. Іх перапрафілявалі, каб вырабляць рэчы, неабходныя для ўмацаваньняў — бэтонныя блёкі, мяшкі зь пяском і супрацьтанкавыя загароды.
Генэралы Крышчанка і Князеў патлумачылі, што спынілі наступ ворага на двух галоўных напрамках — з усходу і з паўночнага захаду. У прыватнасьці, быў спынены рух вядомай расейскай вайсковай калёны даўжынёй 64 км, якую фіксавалі на поўнач ад Кіева ў першыя дні вайны.
Па словах генэралаў, дзякуючы атакам украінскіх Узброеных сілаў калёна распылілася па навакольных лясах і пакуль не становіць пагрозы.
У цэнтры ўвагі расейцаў па-ранейшаму застаюцца навакольлі сталіцы ў паўночна-заходнім напрамку. Генэрал Князеў паказвае на бліжэйшыя навалы сіл расейскай пяхоты на другім беразе ракі Ірпень, прыкладна за 20 км ад цэнтру Кіева.
Украінцы добра ўмацаваліся і разбурылі стратэгічна важныя масты
«Тут забалочаныя нізіны, і расейскія сілы ня могуць іх прайсьці. Калі б не ўкраінскія салдаты, яны б проста перакінулі праз раку пантонную пераправу. Але мы там і хочам іх зьнішчыць», — кажа генэрал Князеў.
Пакуль журналіст ВВС размаўляў з генэраламі, раздаўся яшчэ адзін выбух.
«Чуеце, — кажа малодшы афіцэр, — гэта наша СПА зьбіла яшчэ адну».
Украінскія ваенныя посьпехі зьдзівілі іх сяброў і ворагаў. Прэзыдэнт Зяленскі і яго камандзіры больш чым задаволеныя дзеяньнямі сваёй арміі і тысяч добраахвотнікаў. Аднак расейцы пакуль ня кінулі на ўкраінскую сталіцу ўсю сваю вайсковую моц.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.