Тэрытарыяльная абарона Кіева рыхтуецца да баёў, 9 сакавіка
Намесьнік кіраўніка Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі Валянцін Мандрыеўскі заявіў аб інтэнсіўнай падрыхтоўцы сталіцы на выпадак блякады расейскім войскам.
«Асноўная задача сталічнай улады — забясьпечыць усім неабходным кожнага кіяўляніна і не дапусьціць гуманітарнай катастрофы ў Кіеве. Далучыўшы да працэсу ўсе гарадзкія службы, замежных партнэраў і ўкраінскі бізнэс, мы сфармавалі неабходныя патрэбы і ўжо падрыхтаваліся да магчымых дзеяньняў на выпадак блякады. Тыя 2 мільёны кіеўлян, якія не пакінулі сваіх дамоў, не застануцца сам-насам пры пагаршэньні сытуацыі», — заявіў Валянцін Мандрыеўскі.
Цяпер у сталіцы Ўкраіны працуе камунальны транспарт, банкі, запраўкі і аўтасэрвісы.
Кіеў застаецца галоўнай мэтай расейскіх войскаў. Асобнымі нападамі на навакольныя паселішчы расейцы спрабуюць горад заблякаваць і адрэзаць яго ад галоўных крыніц забесьпячэньня цывільнага і вайсковага сэктару. Раніцай 12 сакавіка расейская артылерыя абстраляла два склады з харчамі пад Браварамі, а зь іншага боку ўкраінскай сталіцы, у Васількове, зьнішчылі склад боепрыпасаў і нафтабазу.
Першы намесьнік старшыні Кіеўскай гарадзкой дзяржаўнай адміністрацыі Мікола Паварозьнік заклікаў кіяўлян дакладна выконваць патрабаваньні на блёк-пастах.
«Таму з разуменьнем стаўцеся да патрабаваньняў вайскоўцаў, паказвайце дакумэнты, паводзьце сябе спакойна. Гэта дазволіць пазьбегнуць канфліктных сытуацый».
Апошнія некалькі дзён узмацніліся баявыя дзеяньні ў так званым «залатым поясе» Кіева — пад Бучай, Барадзянкай, Кухарамі, Андрэеўкай, Матыжыным і Гарэнічамі.
Адначасова расейскія войскі спрабуюць прарвацца на Кіеў у чарнігаўскім і сумскім напрамках, пэрыядычна праводзячы, як сьцьвярджае Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны, наступальныя апэрацыі, а на асобных участках нават часткова пасьпяхова.