Ва Ўкраіне ў ноч на 15 сакавіка паветраную трывогу абвяшчалі практычна па ўсёй краіне. Ад абстрэлаў цярпяць Кіеў і Харкаў

Наступствы расейскіх абстрэлаў у Кіеве
Наступствы расейскіх абстрэлаў у Кіеве

Раніцай у трох раёнах украінскай сталіцы некалькі ракет трапілі ў жылыя будынкі.

У Асакарках, на ўскраіне Кіева, у выніку абстрэлу загарэўся двухпавярховы прыватны дом.

У Падольскім раёне ракета трапіла ў дзесяціпавярховы дом. Гэты раён ужо другі дзень пад агнём расейскіх войскаў.

Выбуховая хваля пашкодзіла фасад будынку станцыі мэтро «Лук’янівська». У часе руху цягнікі на гэтай станцыі пакуль ня будуць спыняцца.

Народны дэпутат Ўкраіны Аляксей Ганчарэнка ў сваім тэлеграм-канале паведаміў, што ў выніку ранішніх абстрэлаў Кіева шмат зруйнаваных памяшканьняў.

«Але галоўнае — няма пацярпелых. Лякацыю прылёту не ўдакладняю. Маштабы руйнаваньня вялізныя, і тое, што няма пацярпелых — шчасьце», — напісаў дэпутат.

У Кіеўскай гарадзкой адміністрацыі дадалі, што ранішнія абстрэлы пашкодзілі яшчэ два жылыя будынкі ў Сьвятошынскім раёне. Паводле папярэдніх зьвестак, у гэтым раёне Кіева загінулі 2 асобы, яшчэ 27 чалавек выратавалі.

Абстрэлы Харкава

Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў заявіў, што 14 сакавіка расейскія войскі працягвалі наносіць удары па жылых раёнах Харкава, разбураючы, у прыватнасьці, гістарычны цэнтар. Акрамя таго, працягваліся абстрэлы ў Чугуеве, Ізюме, Дзергачах. Чыноўнік паведаміў, што падчас абстрэлу захопнікі выкарыстоўвалі ракетныя комплексы «Іскандэр».

Абстрэлы, згодна з наяўнай інфармацыяй, вяліся з тэрыторыі Расеі.

На сёньня ў горадзе цалкам разбурана 600 дамоў. Тысячы жыхароў засталіся без жытла.

​
XS
SM
MD
LG