Эманюэль Макрон на саміце NATO ў Брусэлі, 24 сакавіка 2022
Эўразьвяз рыхтуе новыя санкцыі супраць Расеі пасьля паведамленьняў аб масавых забойствах цывільнага насельніцтва ў прыгарадах Кіева.
Эўрапейская рада усклала адказнасьць за іх на Маскву.
У сувязі з гэтым прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон прапанаваў цалкам спыніць закупкі краінамі ЭЗ вугалю і нафты з Расеі.
У заяве Эўрапейскай рады, найвышэйшага палітычнага органа ЭЗ, сказана, што масавыя забойствы, зробленыя на кантраляваных Расеяй тэрыторыях Украіны, назаўжды застануцца ў гісторыі Эўропы. У тэксьце падкрэсьліваецца, што Расея нясе адказнасьць за злачынствы, учыненыя на кантраляванай ёй тэрыторыі.
Санкцыі супраць Расеі будуць абмяркоўвацца прадстаўнікамі краін ЭЗ 6 красавіка. Польскі прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заклікаў дадаткова правесьці экстраны саміт лідэраў Зьвязу. Паводле палітыка, галоўным праціўнікам новых санкцый застаецца Нямеччына, пры гэтым канцлер ФРН Оляф Шольц напярэдадні заявіў аб неабходнасьці ўзмацненьня жорсткасьці абмежаваньняў супраць Расеі ў сувязі з масавымі забойствамі ў Бучы.
Пасьля паведамленьняў аб масавых забойствах мірных жыхароў у Бучы, міністар замежных спраў Італіі Луіджы Ды Маё таксама заявіў, што падтрымае санкцыі супраць расейскага газу.
Пра гэта ён сказаў пасьля сустрэчы з калегамі з Харватыі і Славеніі ў Заграбе, паведамляе Ansa.
«Італія ня будзе накладаць вета на расейскія газавыя санкцыі», — сказаў Луіджы Ды Маё.