Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дзеяньні расейскай арміі — комікс, пародыя на вайну». Палкоўнік Барадач тлумачыць, чаму ва Ўкраіне загінулі так шмат расейскіх генэралаў

Зьнішчаная ўшчэнт расейская вайсковая тэхніка. Кіеўская вобласьць, 31 сакавіка 2022 г.
Зьнішчаная ўшчэнт расейская вайсковая тэхніка. Кіеўская вобласьць, 31 сакавіка 2022 г.

Чаму такая анамальная сьмяротнасьць сярод расейскага генэралітэту? Сваю вэрсію Свабодзе выклаў палкоўнік, былы камандзір мар’інагорскага спэцназу Ўладзімер Барадач, які ўдзельнічаў у войнах у Афганістане і Анголе.

Ад пачатку баявых дзеяньняў ва Ўкраіне ў 2022 годзе, паводле розных зьвестак, загінулі ўжо ад чатырох да сямі расейскіх генэралаў. Афіцыйны Крэмль прызнаў гібель толькі намесьніка камандуючага 41-й агульнавайсковай арміяй Андрэя Сухавецкага.

Уладзімер Барадач. Архіўнае фота
Уладзімер Барадач. Архіўнае фота

Журналіст-расьсьледнік Хрыста Грозеў кажа пра сьмерць шасьці генэралаў з расейскага боку. Украінцы кажуць яшчэ пра гібель чачэнскага генэрал-маёра Магамеда Тушаева.

Сьмерць афіцэра найвышэйшага зьвяна на вайне — досыць рэдкая зьява. За дзесяць гадоў вайны СССР у Афганістане загінулі трое савецкіх генэралаў. ЗША за апошнія пяцьдзясят гадоў страцілі ў розных войнах двух генэралаў.

«Камандзір брыгады не павінен бегчы паперадзе ланцуга»

Асноўная думка былога вайскоўца ў тым, што ніхто ў Расеі нават не спрабаваў рыхтаваць салдатаў і афіцэраў да вайны.

«Напярэдадні такіх кампаніяў падразьдзяленьні, часткі паўгода не павінны вылазіць з палігонаў. А ў мяне адчуваньне, што вайскоўцаў пад выглядам вучэньняў адправілі ва Ўкраіну на „вясельле ў Малінаўку“. Натуральна, што ім сталі біць морды. Кіраваньня арміяй не існуе ад верху да нізу. Расейскія салдаты ня могуць прыняць нават адзін агульнавайсковы бой. І гэта пры такой істотнай перавазе і прыкрыцьці з паветра», — кажа былы спэцназавец.

Чаму ж так шмат гіне менавіта генэралаў? Барадач лічыць, што віной таму брак сувязі, кепская каардынацыя сярод расейскіх вайскоўцаў, а таксама добрыя дзеяньні ўкраінскай выведкі.

«У Расеі ёсьць сродкі сувязі для вядзеньня бою, але пры ўваходзе ва Ўкраіну яны самі зьнішчылі вышкі, якія забясьпечвалі працу інтэрнэту і гэтай сувязі. Як можна было пазбавіць саміх сябе сродкаў сувязі?! У выніку камандзіры зьяўляюцца ў тых месцах, дзе не павінны быць. Уявіце, што камандзір брыгады бяжыць паперадзе ланцуга і падымае ў атаку салдатаў. Безумоўна, так не павінна быць».

«Гэта лёгкая спажыва для „Байрактараў“»

Барадач тлумачыць, як павінна будавацца клясычная вайсковая атака і дзе ў такіх сытуацыях знаходзяцца камандзіры.

«Ёсьць такое паняцьце, як глыбіня атакі. Камандзір узводу ідзе ў сярэдзіне ўзводу, камандзір роты яшчэ глыбей, бо камандуе трыма ўзводамі, камандзір батальёну яшчэ глыбей адносна лініі фронту — гэта элемэнтарнае вядзеньне і кіраваньне боем. Камандзір брыгады ня можа быць разам з камандзірам узводу на пярэднім краі, бо ён павінен забясьпечваць узаемадзеяньне сваіх падразьдзяленьняў.

Але бяз сродкаў сувязі ўсё блытаецца! І камандзір батальёну едзе да камандзіраў роты і ўзводу. Цягам бою яго актыўнасьць хутка заўважаюць, вызначаюць яго джып — гэта лёгкая спажыва для „Байрактараў“. Камандзіраў лёгка вылічвае выведка, і першы ўдар наносіцца па камандным пункце. Калі ж зьнішчаецца камандаваньне, то падразьдзяленьне пачынае разьбягацца ці нават страляць адзін у аднаго».

«У расейскіх салдатаў нізкі маральна-баявы дух»

Ці магчыма такое, што генэралы ўласным прыкладам спрабуюць падняць маральна-баявы дух сваіх салдатаў, таму і апынаюцца на пярэднім краі атакі?

«Асабісты прыклад патрэбны на ўзроўні камандзіра ўзводу ці роты, але таксама толькі пры пэўных умовах. Калі табе прастрэльваюць галаву, то гэта не падыме нічый дух. Без аўтарытэту немагчыма весьці ў бой салдатаў — яны проста ня будуць выконваць загады, калі ня будуць упэўненыя, што камандзір іх ня кіне.

У расейскіх салдатаў вельмі нізкі маральна-баявы дух. Адкуль той дух возьмецца, калі хлопцам кажуць — цябе будуць сустракаць хлебам-сольлю, а папраўдзе іх там забіваюць? Калі б не было вялікіх ахвяраў і стратаў, то дзеяньні Расеі можна было б падаваць як комікс, як пародыю на вайну».

«Гэта вахлакі з аўтаматамі, а не салдаты»

Вайсковец лічыць, што да вайны ў Расеі ня быў гатовы ніхто, тым больш да працяглай.

«Людзі ня могуць арганізаваць нават перамяшчэньне войскаў, забесьпячэньне арміі. Генэралы паслалі людзей у розных кірунках, але ня памятаюць, што салдатаў трэба карміць тройчы на дзень, а машына, танк ці БТР ня едзе бяз паліва. А як экіпаваная армія — гэта нейкія вахлакі з аўтаматамі, а не салдаты», — кажа спэцназавец.

Адной з асноўных праблемаў расейскай арміі Барадач называе адсутнасьць яснага разуменьня, дзеля чаго яны ваююць ва Ўкраіне.

«Ацьверазеньне адбываецца ва ўсіх афіцэраў. Яны разумеюць, што апраўданьняў іхным дзеяньням няма, калі яны бамбяць гарады і забіваюць мірных жыхароў. Салдаты таксама пачынаюць разумець, калі бачаць спаленую тэхніку, бачаць кінутыя трупы іншых вайскоўцаў, якія абгрызаюць сабакі. Фактычна салдатаў і афіцэраў прымушаюць ісьці на марадэрства. За што ім паміраць? За скрадзены ў нейкай украінкі залаты ланцужок? Гэта забівае ня толькі мараль, але і дух. З такім станам цяжка нават жыць, а ня тое што ваяваць», — упэўнены палкоўнік.

«Украінцы маюць матывацыю»

Уладзімер Барадач лічыць, што расейская армія дэградавала праз шматлікія крадзяжы і «расьпілы» грошай, якія адбываюцца ў гэтай сфэры. Як прыклад ён падае тое, што на салдатаў не хапае нават сухіх пайкоў, а тыя, што ёсьць, даўно пратэрмінаваныя.

«Уся трагедыя Расеі ў тым, што адзін псыхапат можа загубіць цэлы народ пры дапамозе зомбаскрыні і некалькіх мярзотнікаў, што ў ёй вяшчаюць. Мае сваякі ў Расеі вераць у „расьпятых хлопчыкаў“, і такіх хлопчыкаў у іхных галовах тысячы».

Што да дзеяньняў украінскай арміі, то іх вайсковец ацэньвае вельмі станоўча.

«Якасьць украінскага салдата высокая, але самае галоўнае — яны маюць матывацыю, яны абараняюць жонак і маці, свае дамы. Украінцы пачалі паважаць сябе. Народ там выйшаў з псыхалёгіі раба, яны змагаюцца за сваю свабоду», — падсумоўвае палкоўнік Уладзімер Барадач.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG