Калі хаўрусьнікі беларускага Міністэрства абароны з Расеі 25 сакавіка ўжо 10-ы раз апынуліся пад трапным абстрэлам украінскай авіяцыі ў Чарнабаеўцы, самі спэцыялісты вайсковага міністэрства разам з калегамі зь Міністэрства адукацыі і зь «Беларускім саюзам афіцэраў» ладзілі рэспубліканскі сэмінар пад назвай «Патрыятызм — маральны падмурак грамадзтва».
У гэты ж дзень, у гадавіну абвяшчэньня БНР, у Цэнтральным доме афіцэраў канцэртам адзначалі 80-ю гадавіну стварэньня 120-й гвардзейскай мэханізаванай брыгады. Імпрэза адбылася з удзелам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Аляксандра Вальфовіча і міністра абароны Віктара Хрэніна.
Вайсковая акадэмія 26 сакавіка правяла Дзень адчыненых дзьвярэй для абітурыентаў. У Менск, па падліках Міністэрства абароны, прыехалі звыш 2000 патэнцыйных курсантаў.
Тэма вайны з Украінай у беларускім грамадзтве стала вельмі балючай, а стаўленьне да яе сярод беларусаў, як сьведчаць дасьледаваньні, кардынальна адрозьніваецца ад стаўленьня расейцаў. Аднак ёсьць і такія, хто прыехаў на палігон «Берасьцейскі» — адзін з тых на поўдні краіны, дзе канцэнтраваліся расейскія войскі. І там таксама адбыўся Дзень адчыненых дзьвярэй.
У СМІ Мінабароны Беларусі не забыліся на супрацьстаяньне з «калектыўным Захадам». Часопіс «Армия» апублікаваў інтэрвію, дзе суразмоўца названая ўдзельніцаю жаночай хакерскай групы. У размове нібыта раскрываюцца дзеяньні 72-га цэнтру інфармацыйна-псыхалягічных апэрацыяў Узброеных сіл Украіны. У тэксьце — абвінавачаньні ў адрас ЗША і Вялікай Брытаніі, якія нібыта спансаруюць антырасейскую дзейнасьць.
На палігоне «Госкі» 28 сакавіка адбыўся агляд гатоўнасьці асабовага складу і ўзбраеньня да батальённых тактычных вучэньняў. На ім прысутнічаў камандзір 6-й асобнай мэханізаванай брыгады Заходняга апэратыўнага камандаваньня гвардыі палкоўнік Аляксандар Лаўрэнаў. На наступны дзень гэтыя вучэньні пачаліся.
У той жа дзень Вайсковая акадэмія падпісала з Інстытутам гісторыі НАН мэмарандум аб супрацоўніцтве. Кіраўнік Інстытуту гісторыі Вадзім Лакіза перадаў бібліятэцы навучальнай установы, сярод іншых, кнігі пра гісторыю Полацкага княства.
29 сакавіка, калі расейская ракета ўдарыла ў будынак Мікалаеўскай абласной адміністрацыі, у Беларусі ў 11-й асобнай гвардзейскай мэханізаванай брыгадзе стартавалі спаборніцтвы на лепшага снайпэра.
30 сакавіка Міністэрства абароны, Генэральны штаб і Ўзброеныя сілы пачалі спаборніцтвы ў стральбе са штатнай зброі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.