Уцекачоў з Украіны ад расейскай агрэсіі ўжо больш за 4 млн чалавек

Украінскія ўцекачы на чыгуначным вакзале ў Польшчы
Украінскія ўцекачы на чыгуначным вакзале ў Польшчы

Найбольш уцекачоў з Украіны прыняла Польшча. Краіны сьвету прымаюць новыя праграмы дапамогі пацярпелым ад вайны.

Колькасьць уцекачоў з Украіны, паводле абноўленых зьвестак офісу Высокага камісара ААН у справах уцекачоў, ад пачатку расейскай агрэсіі склала 4 019 287 чалавек.

Найбольш прыняла Польшча — 2 336 799 чалавек, 608 936 перш паехалі ў Румынію, 387 151 у Малдову, 364 804 у Вугоршчыну, 350 632 у Расею, 281 172 у Славаччыну.

На 7-м месцы ў сьпісе Беларусь, у яе пасьля разьвязанай расейцамі вайны прыехалі 10 902 украінцы.

Як адзначаюць у Кіеве, у Расею многіх украінцаў вывезьлі прымусова. Раней Міністэрства замежных справаў Украіны заклікала ўкраінцаў, якіх прымусова вывезьлі ў Расею, зьвяртацца ў амбасады Ўкраіны ў іншых краінах сьвету.

Кантакты амбасадаў разьмешчаныя ў тэлеграм-канале МЗС Украіны.

«У сувязі з масавым прымусовым вывазам расейскімі вайскоўцамі грамадзян Украіны на тэрыторыю Расеі рэкамэндуем суайчыньнікам, якія сталі ахвярамі такіх незаконных дзеяньняў расейскага рэжыму і хочуць вярнуцца ва Ўкраіну, паведаміць зьвесткі пра сябе бліжэйшай амбасадзе Ўкраіны ў суседніх дзяржавах або дзяржавах магчымага транзытнага праезду», — паведамілі ў МЗС Украіны.

​
XS
SM
MD
LG