Дзесяць мільёнаў чалавек — каля чвэрці насельніцтва — пакінулі свае дамы ва Ўкраіне з прычыны расейскага ўварваньня, заявіў 20 сакавіка Вярхоўны камісар ААН па справах уцекачоў Філіпа Грандзі.
«Яшяэ адна адказнасьць тых, хто вядзе вайну — пакуты мірных жыхароў, якія вымушаныя пакінуць свае дамы», — напісаў Грандзі ў твітэры.
«Вайна ва Ўкраіне настолькі разбуральная, што 10 мільёнаў чалавек зьбеглі: альбо ўнутрана перамешчаныя, альбо ўцяклі за мяжу», — дадаў ён.
Паводле дадзеных ААН, больш за 3,4 мільёна ўкраінцаў, у асноўным жанчыны і дзеці, пакінулі краіну з моманту ўварваньня Расеі 24 лютага.
Украінскія мужчыны ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў ня могуць выехаць з прычыны абвешчанай мабілізацыі.
Як найменей 902 мірных жыхара былі забітыя і 1459 параненыя пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, паведаміла таксама Ўпраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
Большасьць зафіксаваных сьмерцяў былі выкліканыя прымяненьнем выбуховай зброі шырокага спэктру ўзьдзеяньня, уключаючы абстрэлы зь цяжкай артылерыі і рэактыўных сыстэм залпавага агню, а таксама ракетныя і авіяцыйныя ўдары.
Агенцтва ААН па справах дзяцей (ЮНІСЕФ) паведамляе, што больш за 1,5 мільёна дзяцей выехалі за мяжу.
Бежанцы едуць у суседнія заходнія краіны, такія як Польшча, Румынія, Славакія, Вугоршчына і Малдова.
ЭЗ даў украінцам, якія бягуць ад вайны, права заставацца і працаваць ва ўсіх 27 краінах зьвязу на тэрмін да трох гадоў.