Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая палітзьняволеная Натальля Хершэ: «Я спынюся, калі выйдзе апошні палітвязень»


Натальля Хершэ пасьля вызваленьня
Натальля Хершэ пасьля вызваленьня

Былая палітзьняволеная Натальля Хершэ — пра турэмны дзёньнік, герояў і злачынцаў, амапаўца, зь якога сарвала балаклаву, былога грамадзянскага мужа, турэмныя рэфлексы і сваю грамадзкую дзейнасьць, якую будзе весьці, пакуль ня выйдзе на свабоду апошні палітвязень у Беларусі.

Глядзець размову на відэа цалкам

Натальлю Хершэ вызвалілі сёлета 18 лютага пасьля 17 месяцаў зьняволеньня. Пасьля вызваленьня яна вярнулася ў Швайцарыю. Хершэ асудзілі на 2,5 года калёніі за тое, што ў 2020 годзе на жаночым маршы яна сарвала з амапаўца балаклаву. У верасьні 2021 году ёй зьмянілі ўмовы рэжыму, перавялі з калёніі ў турму: у калёніі яна адмаўлялася шыць форму для сілавікоў.

Сьцісла

  • Я вяла дзёньнік ва ўсіх месцах зьняволеньня. Паўсюль яго ў мяне забіралі. У Гомельскай калёніі скралі, у Магілёўскай турме адабралі адноўлены, некалькі разоў перапісаны дзёньнік. Але я нічога не забуду. Кожны дзень аднаўляю ўсе падзеі.
  • Гэта быў час і для таго, каб прачытаць Салжаніцына. Гэта стала для мяне адкрыцьцём. Я знайшла шмат паралеляў таго часу і цяперашняга, пазнала ў яго творах як сябе, так і супрацьлеглы бок.
  • Спачатку ў мяне было пачуцьцё неразуменьня — вайна ў ХХІ стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы?! Потым маё сэрца напоўнілася яшчэ большай нянавісьцю да рэжыму Пуціна—Лукашэнкі.
  • Калёнія Гомля — сапраўдная ізаляцыя, у тым ліку інфармацыйная. Гэта найгоршае месца майго зьняволеньня яшчэ і таму, што кожная хвіліна знаходжаньня там — неймаверны стрэс.
  • Я ўспамінала Мікалая Віктаравіча Статкевіча, калі мне патрэбная была цьвёрдасьць, каб не падпісаць прашэньне аб памілаваньні. Калі я галадала, я згадвала Ігара Лосіка, які трымаў галадоўку 42 дні.

«На трэці тыдзень на свабодзе я ўсьвядоміла, што ўсё яшчэ па-турэмнаму запраўляю ложак»

— Як ваша здароўе, самаадчуваньне пасьля 17 месяцаў фактычна катаваньняў за кратамі?

Былая палітзьняволеная Натальля Хершэ пасьля вызваленьня
Былая палітзьняволеная Натальля Хершэ пасьля вызваленьня

— З кожным днём усё лепей. Фізычна я яшчэ не зусім аднавілася. Была ўжо ў лекара. Што да маральнага стану... Неўзабаве сустрэнуся з псыхолягам. Думаю, што ўсё добра будзе.

— Некалькі гадоў таму я рабіла інтэрвію з украінскім журналістам Станіславам Асеевым, які два з паловай гады правёў у расейскім палоне ў Данецку, у турме, якую ён называў «данецкім Дахаў». Мы размаўлялі амаль праз два месяцы пасьля вызваленьня, і журналіст казаў, што дагэтуль яму цяжка спаць з выключаным сьвятлом і ён аўтаматычна намагаецца ўстаць, калі нехта заходзіць у пакой. У канцлягеры, тлумачыў Асееў, спалі з уключаным сьвятлом, і кожны раз, калі ў камэру заходзілі супрацоўнікі адміністрацыі, зьняволеныя мусілі адразу ўскокваць, адварочвацца тварам да акна і надзяваць на галаву пакет. Ці засталіся ў вас падобныя турэмныя рэфлексы?

— На трэці тыдзень на свабодзе я ўсьвядоміла, што па-турэмнаму запраўляю ложак — складаю коўдру і засоўваю пад падушку. Дачка зрабіла заўвагу, і я ўсьвядоміла, што гэта засталося з турэмнага жыцьця, ад якога трэба пазбаўляцца. Са сном таксама ёсьць яшчэ праблемы.

За кратамі сьвятло ўначы не выключалі, але яно было ня моцна яркае. У Магілёўскай турме, дзе было вельмі халодна, я накрывалася коўдрай з галавой. Так было цяплей, і сьвятло не перашкаджала.

«Немагчыма было ўявіць, што ў ХХІ стагодзьдзі ў сярэдзіне Эўропы адбываецца вайна»

— Я так разумею, што вы мала ведалі пра тое, што адбывалася ў краіне, калі сядзелі. Тым ня менш што вас найбольш уразіла, абурыла, а мо і парадавала?

— У турме ад Кацярыны Андрэевай я даведалася пра сьмерць Рамана Бандарэнкі, гэтая жахлівая навіна мяне агаломшыла. Наступным узрушэньнем была пасадка самалёту і гісторыя з Раманам Пратасевічам. Але найбольш мяне ўзрушылі падзеі, якія адбыліся ўжо пасьля майго вызваленьня. Гэта быў пачатак вайны. Раней я не магла ўявіць, што калі-небудзь траплю ў турму, але абсалютна немагчыма было ўявіць, што ў ХХІ стагодзьдзі ў сярэдзіне Эўропы адбываецца вайна, якая забірае жыцьці людзей, жыцьці дзяцей. Для мяне гэта стала ўзрушэньнем, зь якім дагэтуль не магу справіцца. Звыш маіх сілаў зразумець прычыны, якія могуць выклікаць такія дзеяньні прэзыдэнта Расеі.

— Якая была рэакцыя швайцарцаў на вашы расказы пра беларускую турму, пра карцары, пра фактычна ўмовы гулагу?

— Усе былі шакаваныя. Шакаваныя нават такімі рэчамі, якія для нас падаваліся б дробязямі. Напрыклад, адсутнасьцю гарачай вады. Вада была ня проста халоднай, а ледзяной. Калі я давала інтэрвію адной з швайцарскіх газэтаў пра ўсе жахі майго зьняволеньня, казала пра кухонны ручнік у карцары. Карэспандэнт мяне пачуў, але не ўспрыняў гэта як рэальнасьць. Ён прыслаў паглядзець тэкст перад публікацыяй, і там было напісана пра лазьневы ручнік. Я тлумачу, што гэта кухонны ручнік, а ён адказвае, што ня мог уявіць, як можна такім малым ручніком накрывацца. А я ім і накрывалася ў карцары — ці адну руку, ці адну нагу. Што заставалася рабіць?

Я пра гэта ўсё напішу ў сваім дзёньніку, аднаўлю кожную дробязь, кожнае перажываньне. Спадзяюся, што і швайцарцам, і беларусам будзе важна даведацца пра ўмовы ўтрыманьня. Я вяла дзёньнік ва ўсіх месцах зьняволеньня. Паўсюль яго ў мяне забіралі — у Гомельскай калёніі скралі, у Магілёўскай турме адабралі адноўлены, некалькі разоў перапісаны дзёньнік. Але я нічога не забуду. Цяпер у мяне ні дня без радку. Я аднаўляю ўсе падзеі. Людзі павінны прачытаць гэта.

«Мой маральны настрой быў на барацьбу, дзякуючы гэтаму я вытрымала ўсё»

— Нічога не забудзеце. Магчыма, ёсьць тое, што абавязкова будзеце трымаць у памяці?

— Мне не аказвалі мэдычную дапамогу за кратамі. Я лічу гэта катаваньнем. Чаму я павінна гэта забыць? Не хачу гэта забываць. Мой маральны настрой быў на барацьбу, дзякуючы гэтаму я вытрымала ўсё. І таму час прайшоў для мяне вельмі хутка. Але гэта маё жыцьцё. З майго жыцьця паўтара года вырвалі. Я іх пражыла, перажыла, магчыма, нават зь нейкім станоўчым эфэктам, бо шмат усьвядоміла ў жыцьці розных рэчаў. Але я была пазбаўленая грамадзтва.

— Нічога не забудзеце, нічога не даруеце?

— Дараваць? Калісьці так, напэўна. Я яшчэ павінна працаваць у гэтым кірунку. Не зусім усё адназначна і проста.

— Ці былі за 17 месяцаў вашых выпрабаваньняў людзі ў пагонах, судзейскія, турэмнікі, якія ставіліся да вас з павагай, выказвалі падтрымку, дапамагалі вам? Ці засталіся ў гэтай сыстэме людзі, а ня толькі выканаўцы загадаў?

— Безумоўна, ёсьць людзі, якія ляяльна ставяцца. Згадваю сустрэчу з адным з прадстаўніком абласнога аддзелу пэнітэнцыярнай сыстэмы Гомельскай вобласьці. У мяне быў модус супрацьстаяньня ў Гомельскай калёніі. Там я мусіла кожны раз называць сваё прозьвішча, імя, імя па бацьку і артыкул. Я дакладвала гэта вельмі павольна, гэта іх усіх вельмі раздражняла. А тут супрацоўнік апэратыўнага аддзелу раптам сказаў: «Я такога спосабу барацьбы яшчэ ня бачыў. Мая павага, рэспэкт». Было прыемна. Я зразумела, што і там людзі ацэньваюць маю пазыцыю як моцную.

— Ці вытрымалі б вы без падтрымкі брата Генадзя? Ці ўяўляеце, што ён перажыў? Хто яшчэ з вашай сям’і ў Беларусі вам дапамагаў?

— Не магу сказаць, што я ня вытрымала б безь яго падтрымкі, але яна адыграла велізарную ролю. Генадзь вельмі шмат для мяне зрабіў. З такім братам нічога ня страшна. Яшчэ адзін мой брат па бацьку з Пружанаў мяне маральна і матэрыяльна моцна падтрымліваў. Мы адна сям’я. І ня толькі браты дапамагалі. Я вельмі ўдзячная ўсім людзям за іх падтрымку і ўдзел у маім лёсе.

— Я мадэрую у фэйсбуку суполку «Толькі жанчыны», і там было вельмі бурнае абмеркаваньне таго, што ваш грамадзянскі муж ня вытрымаў і вырашыў расстацца з вамі. Вы вельмі мужна і годна прынялі гэтае рашэньне. Ці вы кантактуеце зь ім пасьля вызваленьня? Ці далі б гэтаму ўчынку такія рэзкія ацэнкі, які многія беларускія жанчыны, калі пра гэта даведаліся?

Натальля Хершэ пасьля вызваленьня
Натальля Хершэ пасьля вызваленьня

— Калі б мяне запыталі, ці я хачу, каб маё асабістае жыцьцё публічна абмяркоўвалі, я б не пагадзілася. Гэта ўсё ж асабістае жыцьцё. Але паколькі гэта стала вядома грамадзкасьці, скажу, што я прыняла гэта мужна, наколькі магла. Робэрт зрабіў для мяне вельмі шмат, я яго разумею і ўдзячная яму за ўсю дапамогу, за ўсё, што ён рабіў для мяне. Мы не засталіся ворагамі, але нашы кантакты мінімальныя.

«За кратамі я адкрыла для сябе вершы Пастэрнака, вучыла іх напамяць»

— Вы казалі пра пэўны станоўчы эфэкт, бо шмат чаго ўсьвядомілі ў няволі. А што можа быць станоўчым за кратамі?

— Зь цяплом я ўспамінаю маіх паплечніц. Мы падтрымлівалі адна адну з палітзьняволенай Вольгай Класкоўскай, гэта дадавала нам сілы і ўпэўненасьці. Абменьваліся навінамі пасьля візытаў адвакатаў ці пасьля амбасадара Швайцарыі. Гэта быў час і для таго, каб прачытаць Салжаніцына. Гэта стала для мяне адкрыцьцём. Я знайшла шмат паралеляў таго часу і цяперашняга, пазнала ў яго творах там як сябе, так і супрацьлеглы бок. Я зразумела і я згодная з Салжаніцыным, што нашаму грамадзтву належыць усьведаміць апошняе стагодзьдзе. Мы павінны асудзіць дзеяньні рэжыму — як сталінскага, так і лукашэнкаўскага. Мы павінны асудзіць і канкрэтных асобаў, а калі іх ужо няма, то іх дзеяньні, і тады ў беларускага грамадзтва зьявіцца магчымасьць уступіць у новую фазу разьвіцьця. За кратамі я адкрыла для сябе вершы Пастэрнака, вучыла іх напамяць.

— Калі вы пакідалі Беларусь, напэўна, гэта былі апошні дні, калі можна было вылецець адтуль. Цяпер краіна ў вялікай ізаляцыі праз удзел у вайне Расеі супраць Украіны. Як вы перажылі больш за месяц вайны, калі расейскія ракеты ляцяць з вашай радзімы?

Былая палітзьняволеная Натальля Хершэ на антываеным маршы
Былая палітзьняволеная Натальля Хершэ на антываеным маршы

— Спачатку ў мяне было пачуцьцё неразуменьня — вайна ў ХХІ стагодзьдзі ў цэнтры Эўропы?! Потым маё сэрца напоўнілася яшчэ большай нянавісьцю да рэжыму Пуціна—Лукашэнкі. Яны здольныя на самыя радыкальныя крокі для ўтрыманьня ўлады, асабістага ўзбагачэньня, задавальненьня нейкіх палітычных амбіцыяў. Тэрор і забойствы былі і раней, але зараз гэта дасягнула свайго апагею, яны павінны панесьці адказнасьць за свае жахлівыя злачынствы супраць чалавецтва. Беларусь, якая сама перажыла Другую сусьветную вайну, дзякуючы рэжыму Лукашэнкі аказалася ўцягнутай у вайну супраць блізкага нам украінскага народу! Гэтаму ня можа быць ніякага апраўданьня!

Ніводная прычына ня можа быць паважлівай. Ведаючы ўсю ілжывасьць таталітарнай сыстэмы, робіцца крыўдна за людзей, якія пакорліва прымаюць іхную прапаганду за праўду. Тут, у Эўропе, праходзяць шматлікія антываенныя дэманстрацыі і мітынгі, дабрачынныя акцыі ў падтрымку Ўкраіны. Увесь сьвет на баку братняга ўкраінскага народу. Украінцы, якія паказваюць подзьвігі самаадданасьці, абараняючы сваю Радзіму, вартыя павагі і падтрымкі ўсёй прагрэсіўнай супольнасьці.

«У Гомельскай калёніі цалкам адсутнічае прыватная сфэра, нават калі ідзеш у прыбіральню, яе проста няма»

— Вы на свабодзе, а больш за 150 жанчын-палітзьняволеных у турме. Як і мужчынаў, колькасьць палітвязьняў у Беларусі расьце кожны дзень. Вельмі важна, каб на фоне вайны не забыліся пра пакуты палітвязьняў. Паспрабуйце апісаць, як праходзіць дзень палітзьняволенай — у СІЗА, калёніі, турме, карцары, на этапе...

— У СІЗА крыху лягчэй. Хаця твая свабода абмежаваная камэрай, але ёсьць зносіны з роднымі, перадачы даволі часта атрымліваеш, не адчуваеш моцнай ізаляцыі. А калёнія Гомля — гэта сапраўдная ізаляцыя, у тым ліку інфармацыйная. Гомельская калёнія — найгоршае месца майго зьняволеньня яшчэ і таму, што кожная хвіліна знаходжаньня там — гэта неймаверны стрэс. Там у цябе цалкам адсутнічае прыватная сфэра, нават калі ідзеш у прыбіральню, яе проста няма. Гэтага не заўважаеш у СІЗА ці турме, але ў Гомлі, калі з табой побач у атрадзе 120 чалавек, гэта асабліва заўважна. Праз гэты стрэс я нават з пэўнай радасьцю ўспрымала час маёй ізаляцыі ў ШЫЗА, бо я там была адмежаваная ад яго.

— Як шмат у атрадзе было «палітычных», тых, хто вам спачуваў, падтрымліваў, разумеў?

— Нават звычайныя зьняволеныя падтрымлівалі апазыцыйны бок. Праўда, адміністрацыя іх выкарыстоўвала для маральнага ўзьдзеяньня на мяне. Але пераважная колькасьць зьняволеных былі супраць рэжыму, асабліва жанчыны, асуджаныя паводле артыкула 328.

«Я закончу з гэтай тэмай толькі тады, калі выйдзе апошні палітвязень у Беларусі»

— Вы нядаўна сустракаліся з дэмакратычнай лідэркай Сьвяланай Ціханоўскай. Пра што вы дамовіліся? Ці вы будзеце надалей у грамадзкім, палітычным жыцьці? Ці мо варта зрабіць паўзу? А магчыма, і вярнуцца да нармальнага жыцьця?

— Гэта была прыватная сустрэча. Сьвятлана мяне вельмі ўразіла сілай духу і тым, што яна робіць для зьмены сёньняшняй сытуацыі. Мы гаварылі пра маё зьняволеньне. Я казала, што цяпер мая мэта — сьведчыць пра тое, што я перажыла. Сьвятлана мяне падтрымлівае ў гэтым. Думаю, што тое, што я перажыла, — ня самае цяжкае. Калі надыдзе час, калі выйдуць усе палітвязьні, ім будзе больш чаго сказаць, іхныя сьведчаньні будуць яшчэ больш прыгнятальныя, чым мае. Я — грамадзянка замежнай дзяржавы, яны баяліся ўжыць да мяне нейкія сур’ёзныя меры ўзьдзеяньня.

Думаю, што закончу з гэтай тэмай толькі тады, калі выйдзе апошні палітвязень у Беларусі. Тады я буду вольная і займуся асабістымі задачамі і плянамі.

— Чаго вы жадаеце амапаўцу, зь якога сарвалі балаклаву?

— Да яго я зьвярталася пасьля агалошваньня прысуду. Ня ведаю, ці пачуў ён мяне цалкам, бо хутка выйшаў з залі суду. Я хачу яшчэ раз сказаць: спадар Кончык, я жадаю, каб тое, што вы зрабілі, не засталося ў вас на душы чорнай плямай на ўсё жыцьцё, каб вы змаглі гэта прапрацаваць, знайсьці ў сабе сілы ці папрасіць прабачэньня.

— Як вы думаеце, ці ён зможа гэта зрабіць?

— Думаю, так. Ён хоць і малады, але ж ён чалавек. Яму трэба шмат перажыць яшчэ, каб усё зразумець. Як мне брат казаў, амапавец сам быў шакаваны прысудам на два з паловай гады. Я думаю, што ў яго дастаткова чалавечых якасьцяў, каб усьвядоміць, чым можа абярнуцца для чалавека хлусьлівае сьведчаньне ў судзе. Былі і іншыя хлусьлівыя сьведкі. Пры рэжыме, на жаль, кругавая парука — гэта норма.

«Я адчувала падтрымку беларусаў, нават не атрымліваючы лістоў»

— Тым людзям, хто нас слухае, чытае, скажыце, як яны могуць падтрымаць палітвязьняў?

— Лісты вельмі падтрымліваюць палітвязьняў. Ня трэба спыняцца, калі вы не атрымліваеце адказаў. Магчыма, лісты проста не даходзяць. Я адчувала падтрымку беларусаў, нават не атрымліваючы лістоў. Калі я вызвалілася, мне прыслалі вялікі файл, 23 аркушы фармату А4 з копіямі лістоў, якія мне пісалі розныя людзі. Мне было вельмі прыемна гэта чытаць і перачытваць.

— Хто ваша гераіня, герой, героі?

— Усе палітвязьні — героі. Я ўспамінала часта Мікалая Віктаравіча Статкевіча, калі мне была патрэбная была цьвёрдасьць, каб не падпісаць прашэньне аб памілаваньні. Калі я галадала, я згадвала Ігара Лосіка, які трымаў галадоўку 42 дні. Я захапляюся гэтымі людзьмі. Я захапляюся Ўладзімерам Мацкевічам, Палінай Шарэндай-Панасюк і іншымі палітвязьнямі. Гэта годныя людзі, эліта нашага грамадзтва.

— Хто для вас злачынца?

— Рэжым. Лукашэнка самы галоўны.

— Калі Беларусь стане свабоднай?

— Я лічу, што ўрад Расеі падпісаў сабе сьмяротны прысуд тым, што пачаў ваенныя дзеяньні супраць Украіны. Канец вайны можа адцягвацца, але вынік вядомы ўжо цяпер. Расея ня можа выйграць. За якія ідэі змагаюцца расейскія вайскоўцы? Я разумею ўкраінскі бок, людзей, якія змагацца за сваю зямлю, за сваю радзіму. Гэта дае людзям сілу, і перамога будзе на іх баку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG