Палітзьняволеная Натальля Хершэ выйшла на волю. Яна ўжо пакінула Беларусь і вяртаецца ў Швайцарыю

Натальля Хершэ (у цэнтры) пасьля вызваленьня
Натальля Хершэ (у цэнтры) пасьля вызваленьня

Палітзьняволеную грамадзянку Швайцарыі Натальлю Хершэ вызвалілі, паведаміў 18 лютага прэзыдэнт Швайцарскай Канфэдэрацыі Іньяцыё Касіс.

«Натальля Хершэ выйшла на волю сёньня пасьля 17 месяцаў знаходжаньня ў беларускай турме», — напісаў ён у сваім твітары.

Яе сустрэлі брат і амбасадарка Швайцарыі ў Беларусі. Натальля Хершэ ўжо пакінула Беларусь і вяртаецца ў Швайцарыю, паведаміла амбасада Швайцарыі ў Беларусі.

«Я рады, што дыпляматычныя намаганьні Швайцарыі акупіліся. Мы з пасольствам Швайцарыі ў Беларусі працягваем заклікаць да вызваленьня ўсіх арыштаваных за ажыцьцяўленьне іх палітычных і грамадзянскіх правоў», — дадаў Касіс.

Нядаўна Швайцарыя накіравала ў Беларусь новага амбасадара Крыстынэ Гонэгер Залатухін, яна ўжо ўручыла даверчыя лісты міністру замежных спраў Уладзіміру Макею і пачала працу ў Беларусі.

У аэрапорт Натальлю прывезьлі ў турэмнай робе

Вызваленьне Натальлі і сустрэчу зь ёй пракамэнтаваў «Нашай ніве» яе брат Генадзь:

«Яна паляцела ў Швайцарыю праз Стамбул — там яе сустрэне швайцарскі консул і пасадзіць на самалёт у Цюрых, — кажа Генадзь. — Пра тое, што Наташу вызвалілі і мы едзем у аэрапорт, я даведаўся ў 8:30, калі прыехаў у амбасаду.

Мяне павіншавалі з вызваленьнем сястры і сказалі, што праз 15 хвілін выяжджаем на машыне ў аэрапорт у VIP-залю. Туды ў бусіку прывезьлі Натальлю ў турэмнай робе.

Мы каля 40 хвілін прасядзелі ў зале чаканьня, праўда, у прысутнасьці службовых асобаў. Натальля вельмі худая, настолькі тонкая... Усе валасы сівыя, толькі кончыкі бялявыя засталіся. Казала, што траціна валасоў выпала. Але нават так яна выглядае добра. Настрой пазытыўны. Вытрымала.

У Швайцарыі яе будзе сустракаць паралямэнтарка Барбара Гізі, якая стала хроснай ёй, і былы амбасадар Клод Альтрэмат, які доўгі час кантактаваў з Натальляй. Таксама дачка і сын. На жаль, Робэрт на гэты момант у Пэру знаходзіцца, але ён вельмі хацеў таксама сустрэць. Наташа дала згоду, каб і Робэрт быў, я яе ўгаварыў.
Я не рыхтаваўся. Нават чамадан не сабраў, ніякіх рэчаў не прывёз Натальлі. Толькі дакумэнты».

​
XS
SM
MD
LG