У Расеі стартуе замена заблякаванаму Instagram

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З 28 сакавіка ў Расеі пачынае працаваць новая расейская сацыяльная сетка Rossgram.

Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт праекту.

Адзначаецца, што ад сёньня сацыяльная сетка будзе даступная партнэрам — сродкам інфармацыі, спонсарам, інвэстарам, а затым пашырыць сваю працу для блогераў і звычайных карыстальнікаў.

У апісаньні ўдакладняюць, што ў Rossgram прадугледжаныя «ўсе магчымасьці для зносін, бізнэсу, вядзеньня блога, публікацыі навін або стварэньня ўласнага праекту». Праграма будзе працаваць на базе iOS і Android.

Раней паведамлялі, што аўтарам Rossgram быў інтэрнэт-маркетоляг Аляксандар Зубаў, які называе сябе аднакурсьнікам аўтара Telegram Паўла Дурава.

Пра хуткі запуск новай сацыяльнай сеткі абвясьцілі 14 сакавіка, калі расейскія ўлады заблякавалі Instagram.

Раней Цьвярскі раённы суд Масквы задаволіў пазоў Генэральнай пракуратуры і Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі аб прызнаньні экстрэмісцкай арганізацыяй амэрыканскае кампаніі Meta, матчынай кампаніі Facebook, Instagram і WhatsApp (забарона Генпракуратуры ня тычыцца карыстаньня гэтым мэсэнджарам).

Аднак выкарыстаньне Фэйсбуку і Інстаграму грамадзянамі Расеі — не правапарушэньне, нягледзячы на прызнаньне іх уладальнікаў экстрэмісцкай арганізацыяй.

​
XS
SM
MD
LG