У Расеі суд прызнаў амэрыканскую кампанію Meta экстрэмісцкай арганізацыяй

Цьвярскі раённы суд Масквы задаволіў пазоў Генэральнай пракуратуры і Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі аб прызнаньні экстрэмісцкай арганізацыяй амэрыканскай кампаніі Meta, матчынай кампаніі Facebook, Instagram і WhatsApp.

«Дзейнасьць Meta накіраваная супраць Расеі і яе Ўзброеных сіл. Просім забараніць дзейнасьць Meta і абавязаць яе неадкладна выканаць гэтае рашэньне», — заявіў у судзе прэс-сакратар ФСБ Ігар Кавалеўскі.

Генпракуратура патрабуе забараніць у Расеі толькі Facebook і Instagram, але не WhatsApp. Пры гэтым пракуратура патрабуе ад суду забараніць амэрыканскай кампаніі Meta камэрцыйную дзейнасьць у Расеі.

Прадстаўнік Генпракуратуры ўдакладніў, што грамадзян ня будуць прыцягваць да адказнасьці за выкарыстаньне Facebook і Instagram.

У той жа час юрыст і праваабаронца Павел Чыкаў папярэдзіў, што дзяржава ня зможа гарантаваць бясьпеку грамадзян пры прызнаньні кампаніі Meta экстрэмісцкай арганізацыяй. Паводле яго, да адказнасьці змогуць прыцягваць, напрыклад, за любую дэманстрацыю сымболікі — на сайце, на дзьвярах крамы ці кавярні, у сацыяльных сетках, а заказ рэклямы ў Facebook і Instagram змогуць кваліфікаваць як фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці.

Генпракуратура і ФСБ зьвярнуліся ў суд з такім пазовам пасьля публікацыі Reuters аб тым, што Facebook і Instagram на тле расейскага ўварваньня ва Ўкраіну зьменяць правілы і часова ня будуць выдаляць з плятформаў публікацыі з пажаданьнем сьмерці або з заклікам да гвалту над Пуціным, Лукашэнкам і расейскімі вайскоўцамі.

​
XS
SM
MD
LG