Расейскім дзяржаўным СМІ цяпер забаронена разьмяшчаць рэкляму або манэтызаваць фэйсбук «у любым пункце сьвету». Пра гэта паведаміў кіраўнік аддзела палітыкі бясьпекі Facebook Натаніэл Глейчар.
Ён дадаў, што яшчэ большая колькасьць расейскіх дзяржаўных СМІ будуць прамаркіраваныя спэцыяльнай пазнакай у сацсетцы.
Раскамнагляд 25 лютага аб’явіў аб пачатку частковага абмежаваныя доступу да Facebook, а вечарам паведаміў, што пачаў запаволеньне трафіку сацсеткі «ў сувязі з цэнзурай расейскіх СМІ на плятформе».
У тлумачэньні да рашэньня гаворыцца, што 24 лютага сацыяльная сетка абмежавала акаўнты чатырох расейскіх СМІ: тэлеканала «Звезда», інфармацыйнага агенцтва «РИА Новости», выданьняў «Лента.ру» і «Газета.ру».
Генпракуратурай Расеі па ўзгадненьні з МЗС 25 лютага было прынятае рашэньне аб прызнаньні сацсеткі «датычнай да парушэньня асноўных правоў і свабод чалавека, а таксама правоў і свабод грамадзян Расеі». Раскамнагляд з 25 лютага 2022 года пачаў прымаць захады па частковым абмежаваньні доступу, гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Пазьней у гэты ж дзень, 25 лютага, віцэ-прэзыдэнт кампаніі Meta, якой належыць Facebook, Нік Клег напісаў, што патрабаваньняў расейскіх уладаў кампанія выконваць ня будзе:
«Учора расейскія ўлады загадалі нам спыніць незалежны факт-чэкінг і разьмяшчэньне паметак у пастах Facebook чатырох мэдыя, якія належаць дзяржаве. Мы адмовіліся. У выніку яны абвясьцілі, што маюць намер абмежаваць доступ да нашых сэрвісаў». Клег дадаў, што звычайныя расейцы карыстаюцца сэрвісамі Meta, каб выказвацца: «Мы жадаем, каб іхныя галасы былі па-ранейшаму чутныя».