Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сядзім у бамбасховішчы, а ў мяне булачка з цынамонам». Як Маляваныч чытае казкі для беларускіх дзетак з Украіны


У бомбасховішчы ў мястэчку Пушча-Вадзіца пад Кіевам, 6 сакавіка. Ілюстратыўнае фота
У бомбасховішчы ў мястэчку Пушча-Вадзіца пад Кіевам, 6 сакавіка. Ілюстратыўнае фота

Штодня актор Аляксандар Ждановіч, былы вядоўца «Калыханкі», гадзіну размаўляе зь беларускімі дзеткамі, якія былі вымушаныя разам з бацькамі выехаць з Украіны ад вайны.

Разам з настаўнікам дзеці чытаюць казкі, абмяркоўваюць іх, дзеляцца апошнімі навінамі.

«І я дапамагаю ім, і яны мне»

Гутаркі адбываюцца ў рамках беларускай онлайн-школы, якую стварыла сьпявачка і актрыса Анастасія Шпакоўская, калі была вымушаная пераехаць ва Ўкраіну.

«Наста — вялікая малайчынка, я схіляю галаву перад тым, што яна робіць, вельмі ёй удзячны. Яна мне патэлефанавала і сказала, што ёсьць такая ідэя — проста зьбірацца разам зь дзеткамі і размаўляць. Ёсьць клясная кніга францускага пісьменьніка Эрыка-Эманюэля Шміта „Оскар і ружовая дама“. Там апавядаецца, як старая жанчына дапамагала хлопчыку, што паміраў ад раку, прыдумляла для яго розныя гісторыі. Канчаецца кніга сьмерцю хлопчыка, і жанчына піша: „Я думала, што падтрымліваю яго, а насамрэч ён падтрымліваў мяне“. Нешта падобнае і тут: і я дапамагаю ім, і яны мне».

Некаторыя дзеці разам з бацькамі да апошняга знаходзіліся ва Ўкраіне. Аляксандар расказвае пра хлопчыка Ваню, які выехаў з Кіева толькі ў сярэдзіне сакавіка. Ён расказваў гісторыі, як даводзілася спускацца ў мэтро, калі чулі сырэны. Кожны занятак пачынаецца з навінаў ад дзетак за апошнія дзень.

Актор Аляксандар Ждановіч. Архіўнае фота
Актор Аляксандар Ждановіч. Архіўнае фота

«У дзяцей ёсьць свой чат. Калі ўсё пачалося, то мяне гэта проста заварожвала. Яны пішуць вельмі проста і сьцісла: «А нас бамбяць». Гэта такая сумесь узрушэньня, страху і дзіцячай цікаўнасьці. Дарослыя так ня пішуць. Пра страшныя рэчы дзеці пішуць бяз патасу, без пантоў, без эмоцый, кшталту: «Сядзім у бамбасховішчы, а ў мяне булачка з цынамонам».

«Страх ідзе разам зь цікавасьцю»

Ждановіч кажа, што пад уплывам гэтых зносін піша апавяданьне. Дзеці розных узростаў праз вайну сталі лепш камунікаваць адно з адным, хаця раней настаўнік лічыў іх рознымі галяктыкамі ва ўспрыняцьці сьвету, але ўсё нівэлявалася. І казкі выклікаюць вялікі інтарэс у такі складаны час.

«Мы чыталі з малодшай групай казку „Дзівоснае падарожжа труса Эдварда“, нядаўна скончылі. Я часта спыняў чытаньне і прапаноўваў ім паразважаць, як далей будуць разьвівацца падзеі ці што адчуваюць героі. Цяпер шляхам галасаваньня (бо ў нас дэмакратыя) выбралі кнігу Астрыд Ліндгрэн „Піпі Доўгая Панчоха“. Я вельмі люблю Ліндгрэн, зусім нядаўна даведаўся, што гэтая казка была напісаная ў 1941 годзе. Дачка пісьменьніцы хварэла на пнэўманію, і мама проста расказвала ёй гісторыі пра дзяўчынку, якая ніколі ня страчвае аптымізму, радуецца жыцьцю, нават у няпросты час».

Актор кажа, што хацеў бы рабіць нешта такое і для ўкраінскіх дзетак, якія знаходзяцца ў яшчэ больш складаных жыцьцёвых сытуацыях.

«Са страхам у дзяцей усё інакш, яны ня так перажываюць, як дарослыя. Натуральна, калі побач з табой выбухі, то нават на фізычным узроўні ўключаецца пачуцьцё самазахаваньня. Пры гэтым у дзяцей страх ідзе разам зь цікаўнасьцю. Гэта досьвед на ўсё жыцьцё застанецца зь імі — эвакуацыя, бамбаваньні. У іхных аповедах менш эмоцый, але больш фактычнай інфармацыі», — расказвае актор.

«Ува мне працягвае жыць малы хлапчук»

У 2020 годзе Маляваныч падтрымаў беларускі пратэст. За гэта спачатку адсядзеў 9 сутак у Жодзінскім СІЗА, а потым страціў працу ў Рускім драматычным тэатры імя Горкага. 20 лютага 2022 году Аляксандар Ждановіч мусіў выехаць зь Беларусі пасьля таго, як ім зноў зацікавіліся сілавыя структуры, пачалі выклікаць на допыты. Спачатку ён хацеў ехаць у Кіеў, дзе былі прапановы працы, але ў выніку выбраў Тбілісі. А празь лічаныя дні ва Ўкраіну прыйшла вайна.

«Пераезд даўся цяжка. Я ўжо дзецям казаў: «Пасееш звычку — пажнеш характар, пасееш характар — пажнеш долю. Ну праўда. Выезд быў самым сапраўдным экстрымам. Часам думаю, чаму гэта ўсё здараецца менавіта са мной, а ня з кімсьці яшчэ. І сам сабе адказваю, бо ўва мне працягвае жыць малы хлапчук, ніяк не памірае, таму мяне і кідае з боку ў бок. А мог бы ціха сядзець, як большасьць маіх калег», — расказвае Маляваныч.

Яшчэ летась у верасьні прыйшло разуменьне, што трэба ці рыхтавацца да пераезду, ці быць гатовым да таго, што жыць у Беларусі не дадуць, кажа Аляксандар Ждановіч. Былі цяжкія размовы, гутаркі зь сябрамі.

«Самае страшнае, што ты ня ведаеш, будзе гэта 15 сутак ці 15 гадоў — ніякай лёгікі і заканамернасьці ў іхных дзеяньнях няма».

Спадар Аляксандар кажа, што па прыезьдзе ў Тбілісі выдыхнуў спакойна, бо ў Беларусі заўсёды адчуваў напружанасьць.

«Я разумеў, што ў кожны момант можа быць званок у дзьверы, ужо нават перастаеш тузацца. Гэта, безумоўна, час выпрабаваньняў і стратаў. Але і час знаходак. Пры гэтым я нядаўна падумаў, што нічога новага не адбываецца, людзі гэта праходзілі раней — і Шэксьпір, і Мандэльштам, і Быкаў, і Пушкін, і шмат хто яшчэ. І яны ўсе пераможцы! Хоць Быкаў быў выганьньнікам, Мандэльштама закатавалі, але яны перамаглі, бо ня здрадзілі сваім ідэалам. А вось Мікіта Міхалкоў не перамог, хоць быў клясным рэжысэрам, але стаў прыстасаванцам. І апошнія ягоныя фільмы — гэта дзікунства. Калі мастак страчвае сябе, то ён перастае быць мастаком», — кажа Аляксандр Ждановіч.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG