Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч
- Першы мэсыдж у інтэрвію Лукашэнкі японскаму тэлеканалу — Беларусь не ваюе ва Ўкраіне.
- Другі — Украіна нібыта сама дэманструе агрэсіўнасьць адносна Беларусі. І гэта — індульгенцыя на магчымы ўдзел Беларусі ў гэтым канфлікце.
- Трэці мэсыдж — Захад спрабуе ўцягнуць Беларусь у гэты канфлікт. Але, крый Божа, не Расея.
- І традыцыйнае для Лукашэнкі пасланьне — мы за мір, мы за перамовы.
- І, паводле Лукашэнкі, Украіна альбо прымае расейскі праект міру, альбо капітулюе.
- Лукашэнка склаў усе яйкі ў адзін кошык. Уся яго стратэгія будуецца на тым, што Расея пераможа ў гэтай вайне. І Беларусь атрымае ўсе дывідэнды пераможцы.
- Масква ня цалкам задаволеная паводзінамі Лукашэнкі. Для Масквы ідэальны варыянт — гэта паўтарэньне «міратворчай» апэрацыі ў Казахстане, калі ўсе чальцы АДКБ, хай і сымбалічна, увялі ў Казахстан свае падразьдзяленьні.
- Тое, што з усіх чальцоў арганізацыі падтрымала толькі Беларусь, дый то толькі тым, што дазволіла скарыстаць сваю тэрыторыю, — гэта не зусім тое, чаго хацела Масква. Яны хацелі б запэцкаць у гэтай вайне і Лукашэнку, і Беларусь, і беларусаў.
- Калі цяпер ідзе размова пра прыцягненьне «добраахвотнікаў» з Блізкага Ўсходу, значыць, не хапае чалавечага рэсурсу для вайны. І для Масквы, зразумела, было б лепш, каб у вайне ўдзельнічалі беларусы, чым арабскія «добраахвотнікі». Так што пэўны ціск на Лукашэнку ёсьць.
- Украінскае кіраўніцтва ўстрымліваецца ад крокаў, якія маглі б справакаваць удзел беларускіх войскаў у вайне. У Расеі, як вядома, грамадзтва падтрымлівае гэтую вайну. І калі нават уявіць сабе, што Пуцін сыходзіць са сваёй пасады, на думку Кіева, гэта можа і не памяняць стратэгію Расеі адносна Ўкраіны.
- Ва Ўкраіне ўпэўненыя, што большасьць беларускага грамадзтва не падтрымлівае Лукашэнку. І там думаюць пра стасункі з постлукашэнкаўскай Беларусьсю. Таму і рознае стаўленьне да Расеі і Беларусі, да будучых адносінаў зь імі ў будучыні.
Цыганкоў
- Масква ўзяла Лукашэнку за яйцы і паклала іх у свой кошык. Калі зь беларускай зямлі адбываецца агрэсія супраць Украіны, яму дазволеная роля «добрага паліцэйскага». Крэмль — «кепскі», а Лукашэнка падае тую ж пазыцыю, толькі больш лагодна.
- Што тычыцца яго адказнасьці ў сьвеце, калі Расея атрымае паразу, калі не ваенную, то палітычную. Лукашэнка з улікам гэтага варыянту падсьцілае сябе саломку, маўляў, Беларусь жа не ваявала. Потым ён будзе расказваць, як Крэмль ціснуў на яго, а ён усё ж вытрымаў.
- А не дазволіць расейцам нападаць на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі ён ніяк ня мог. І ён адпаўзае ад гэтай магчымай будучай адказнасьці. Мяркую, што ён трымае розныя варыянты ў галаве.
- Нядаўна аднавіўся расейскі шавіністычны тэлеграм-канал «Бульба престолов». Зараз ён дадаў у назву літару Z — сымбаль расейскага нападу на Ўкраіну. І там працягваюцца думкі пра тое, што Лукашэнка недастаткова ляяльны Расеі, што ён выкручваецца, і што ўступленьне Беларусі ў вайну зрабіла б немагчымымі ўсе хістаньні Лукашэнкі ў бок шматвэктарнасьці.
- Рэакцыя і Арастовіча, і Падаляка паказвае мудрасьць гэтых прадстаўнікоў украінскага кіраўніцтва. У першыя дні вайны рабіліся больш эмацыйныя заявы ўкраінскіх блогераў і аглядальнікаў пра беларусаў. Чым далей, тым больш адэкватнасьці мы бачым.
- Першая прычына — прагматычная, каб не падштурхнуць Лукашэнку да прамога ўдзелу ў вайне. Гэтаму адпавядае і інфармацыйная палітыка. Мы бачым, колькі зьяўляецца паведамленьняў пра тое, што беларускае войска ня хоча ваяваць.
- І ёсьць сацыялягічныя зьвесткі пра тое, што беларускае грамадзтва не падтрымлівае ўдзел краіны ў вайне. За гэта — толькі 3%.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
- Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў