Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Зяленскі раскрытыкаваў Нямеччыну за супрацу з Расеяй: «Паўночны паток – 2» — зброя і падрыхтоўка да новай вайны

Уладзімір Зяленскі падчас онлайн-выступу перад дэпутатамі нямецкага Бундэстагу
Уладзімір Зяленскі падчас онлайн-выступу перад дэпутатамі нямецкага Бундэстагу

Зьвяртаючыся да дэпутатаў Бундэстагу, Зяленскі адзначыў, што расейскае ўварваньне ва Ўкраіну зноў будуе «сьцяну» ў Эўропе. Ён заклікаў да большай падтрымкі з боку Бэрліну.

Уварваўшыся ва Ўкраіну, Расея зноў будуе праз Эўропу «сьцяну», якой Нямеччына не заўважае. Такую думку выказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падчас выступу ў Бундэстагу 17 сакавіка. Ён заклікаў Бэрлін аказваць больш падтрымкі Ўкраіне, бо, зацягваючы гэта і працягваючы эканамічныя сувязі з Расеяй, Нямеччына, здаецца, зноў «за сьцяной», піша Deutsche Welle.

«Не ў Бэрліне, а пасярод Эўропы. Паміж свабодай і рабствам. І гэтая сьцяна становіцца мацнейшай з кожнай бомбай, якая падае на Ўкраіну; з кожным рашэньнем, якое прымаецца не дзеля міру; не прымаецца, хоць можа дапамагчы», — сказаў Зяленскі.

Ён раскрытыкаваў Нямеччыну за тое, што яна не разумее, што сёньня перажываюць украінцы, і сказаў, што ад таго, што дзяржава не заўважае гэтай «сьцяны», некаторыя заакіянскія краіны сталі бліжэйшымі да Ўкраіны, чым Нямеччына. Ён заклікаў Бэрлін падтрымаць імкненьне Ўкраіны стаць сябрам Эўразьвязу. Бо, як сказаў прэзыдэнт, прамаруджаньне — «камень новага муру».

Зяленскі таксама раскрытыкаваў Нямеччыну за адтэрміноўку спыненьня «Паўночнага патоку – 2», назваўшы газаправод «зброяй і падрыхтоўкай да новай вялікай вайны». Паводле яго, шматлікія заклікі Ўкраіны адмовіцца ад гэтага сумеснага з Расеяй праекту напярэдадні ўварваньня былі адхіленыя, у Нямеччыне тлумачылі, што газаправод мае «выключна эканамічны характар».

У той жа час Зяленскі падзякаваў тым, хто падтрымлівае Ўкраіну.

«Звычайныя немцы, якія шчыра дапамагаюць украінцам у вашай краіне. Журналісты, якія сумленна робяць сваю працу, паказваючы ўсё зло, якое прынесла нам Расея. Дзякуй нямецкаму бізнэсу, які паставіў мараль і чалавечнасьць вышэй, і я ўдзячны палітыкам, якія спрабуюць разбурыць гэтую сьцяну».

У канцы сваёй прамовы кіраўнік Украіны нагадаў заяву прэзыдэнта ЗША Рональда Рэйгана, а таксама заклікаў канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца «зьнесьці гэтую сьцяну».

«Дайце Нямеччыне лідэрства, якога вы заслугоўваеце і чым будуць ганарыцца вашы нашчадкі. Падтрымайце нас, падтрымайце мір, падтрымайце кожнага ўкраінца, спыніце вайну, дапамажыце нам спыніць яе», — заклікаў Зяленскі. Нямецкія дэпутаты авацыямі зрэагавалі на гэтыя словы.

Напярэдадні Зяленскі выступіў перад Кангрэсам ЗША і канадзкім парлямэнтам. А 8 сакавіка прэзыдэнт Украіны стаў першым замежным лідэрам, які выступіў у брытанскім парлямэнце. Выступы Зяленскага паўсюль сустракалі аплядысмэнтамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG