Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімір Зяленскі расказаў пра перамовы з Расеяй: «Яны ідуць дастаткова складана»

Уладзімір Зяленскі, Кіеў, 16 сакавіка 2022
Уладзімір Зяленскі, Кіеў, 16 сакавіка 2022

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у інтэрвію тэлекампаніі NBC, што перамовы з Расеяй ідуць складана. Паводле яго, любы ўзброены канфлікт «можна спыніць за сталом перамоваў».

«Перш за ўсё, перамовы працягваюцца. Яны ідуць дастаткова складана», — адзначыў Зяленскі.

Ён назваў прыярытэтныя пытаньні для Ўкраіны на перамовах з Расеяй: завяршэньне вайны, гарантыі бясьпекі для Ўкраіны, сувэрэнітэт краіны і аднаўленьне яе тэрытарыяльнай цэласнасьці.

Раней украінскі лідэр паведамляў, што пазыцыі Ўкраіны і Расеі на перамовах аб урэгуляваньні ўзброенага канфлікту сталі «больш рэалістычнымі». «Але яшчэ патрэбен час, каб рашэньні былі ў інтарэсах менавіта Ўкраіны», — сказаў прэзыдэнт у сваім відэазвароце ў Telegram, адзначыўшы, што гэта «цяжка, але важна».

Дэлегацыі Расеі і Ўкраіны правялі ўжо чатыры раўнды перамоваў: першыя тры прайшлі ў Беларусі, апошні праходзіў у відэафармаце. Прадстаўнікі як украінскай, так і расейскай дэлегацый заяўлялі, што на перамовах намеціўся некаторы прагрэс, аднак не прыводзілі дэталяў.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк заяўляў, што на перамовах з Расеяй вядзецца падрыхтоўка дакумэнтаў, якія пазьней абмяркуюць і падпішуць прэзыдэнты Ўладзімір Пуцін і Ўладзімір Зяленскі.

«Адзіны спосаб скончыць гэтую вайну — гэта прамыя перамовы паміж двума прэзыдэнтамі. Гэта тое, над чым мы працуем з дапамогай гэтых мірных перамоваў. Мы працуем над дакумэнтамі, якія прэзыдэнты змогуць у далейшым абмеркаваць і падпісаць», — сказаў Падаляк тэлеканалу PBS. Фрагмэнт апублікаваны ў Twitter.

Прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў паведаміў, што кіраўнікі дзяржаў павінны сустракацца не для абмеркаваньняў, а фіксацыі дамоўленасьцяў.

Financial Times раней пісала аб «значным прагрэсе» ў перамовах Расеі і Ўкраіны ў 15 пунктах «мірнага пляну» з вывадам войскаў і спыненьнем агню, калі Кіеў аб’явіць аб «нэўтралітэце» і пагодзіцца на некаторыя абмежаваньні ва ўзброеных сілах.

Паводле інфармацыі трох суразмоўцаў, якія ўдзельнічаюць у перамовах, мова ідзе аб адмове ад сяброўства ў NATO, а таксама аб абяцаньні не разьмяшчаць на тэрыторыі Ўкраіны замежныя вайсковыя базы ЗША, Брытаніі і Турэчыны.

Вялікай перашкодай у дамоўленасьцях застаецца статус так званых «ДНР» і «ЛНР» і Крыму, якія Расея акупавала ў 2014 годзе, адзначае газэта.

Міхаіл Падаляк у камэнтары выданьню заявіў, што любое пагадненьне будзе ўключаць тое, што «войскі РФ у любым выпадку пакідаюць тэрыторыю Ўкраіны», якую яны захапілі з пачатку ўварваньня 24 лютага, а менавіта паўднёвыя раёны ўздоўж Азоўскага і Чорнага мораў і тэрыторыю на ўсход і на поўнач ад Кіева. Украіна захавае свае войскі, але будзе абавязаная заставацца па-за ваеннымі хаўрусамі, такімі як NATO, і будзе ўстрымлівацца ад разьмяшчэньня замежных вайсковых базаў.

Двое суразмоўцаў таксама адказалі, што дамоўленасьці ўключаюць палажэньне аб замацаваньні правоў расейскай мовы ва Ўкраіне.

Расейскі бок на перамовах выступае за «ператварэньне Ўкраіны ў мірную і нэўтральную дзяржаву, якая не зьяўляецца пляцдармам NATO», заявіў кіраўнік дэлегацыі РФ, памочнік прэзыдэнта РФ Уладзімір Мядзінскі. Паводле яго, Кіеў на перамовах прапануе стварыць ва Ўкраіне аўстрыйскі або швэдзкі варыянт дэмілітарызаванай дзяржавы, якая мае ўласную армію.

«Захаваньне і разьвіцьцё нэўтральнага статусу Ўкраіны, дэмілітарызацыя Ўкраіны — абмяркоўваецца цэлы комплекс пытаньняў, зьвязаных з памерам украінскай арміі. Украіна прапануе аўстрыйскі, швэдзкі варыянт нэўтральнай дэмілітарызаванай дзяржавы, але пры гэтым дзяржавы, якая мае ўласную армію і ваенна-марскія сілы. Усе гэтыя пытаньні абмяркоўваюцца на ўзроўні кіраўніцтва міністэрстваў абароны Расеі і Ўкраіны», — сказаў Мядзінскі.

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў таксама сьцьвярджаў, што перамовы Масквы і Кіева накіраваны на забесьпячэньне нэўтральнага ваеннага статусу Ўкраіны, «каб зь яе тэрыторыі ніякіх пагроз Расеі ніколі не зыходзіла».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG