Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол КНР у Кіеве: «Кітай ніколі ня будзе нападаць на Ўкраіну, мы будзем дапамагаць»


Ілюстрацыйная выява
Ілюстрацыйная выява

Кітай накіраваў украінскаму народу дзьве партыі гуманітарнай дапамогі. У чацьвер, 17 сакавіка, чакаецца пастаўка трэцяй. Пра гэта паведаміў падчас сустрэчы з начальнікам Львоўскай абласной ваеннай адміністрацыі Максімам Казіцкім Надзвычайны і Паўнамоцны пасол КНР ва Ўкраіне Фань Сяньжун.

Аб дэталях сустрэчы гаворыцца на сайце Львоўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі.

Пасол КНР падкрэсьліў, што Кітай і Ўкраіна — стратэгічныя партнэры.

«Кітай — дружалюбная дзяржава для ўкраінскага народу. Я як пасол магу з адказнасьцю сказаць, што Кітай назаўжды будзе добрай сілай для Ўкраіны і ў эканамічным, і ў палітычным пляне. Мы заўсёды будзем паважаць вашу дзяржаву, разьвіваць адносіны на аснове роўнасьці і ўзаемавыгады. Мы будзем паважаць той шлях, які выбіраюць украінцы, бо гэта сувэрэннае права кожнага народу», — зазначыў Фань Сяньжун.

Таксама ён паведаміў, што кітайскае пасольства пераехала з Кіева ў Львоў і застаецца тут працаваць.

«Кітай ніколі ня будзе нападаць на Ўкраіну, мы будзем дапамагаць, у прыватнасьці ў эканамічным кірунку. Наша краіна за адзін год імпартуе тавары з усяго сьвету на больш як тры трыльёны даляраў. Мы гатовы дапамагчы вам разьвівацца. У гэтай сытуацыі, якая цяпер у вас, будзем рабіць адказна. Мы ўбачылі, наколькі вялікае адзінства ўкраінскага народу, а гэта сьведчыць і пра яго сілу», — дадаў ён.

Раней амэрыканскія СМІ са спасылкай на неназваныя крыніцы заявілі, што Расея папрасіла Кітай падтрымаць яе ўварваньне ва Украіну. Афіцыйныя асобы РФ і КНР гэтую інфармацыю адмаўляюць.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG