Сэнат хацеў узяць пад увагу і беларусаў, але Сэйм не пагадзіўся
Закон аб дапамозе ўкраінскім уцекачам легалізуе знаходжаньне грамадзян Украіны (і іх сужэнцаў, якія ня маюць украінскага грамадзянства) у Польшчы на тэрмін 18 месяцаў ды акрэсьлівае рамкі матэрыяльнай і фінансавай дапамогі ўцекачам з боку польскай дзяржавы ў гэты пэрыяд.
Закон, аднак, не датычыць людзей, якія пакінулі Ўкраіну пасьля 24 лютага, але ня маюць украінскага грамадзянства і не зьяўляюцца сужэнцамі ўцекача з украінскім грамадзянствам. Гэта, у прыватнасьці, значыць, што асобы зь беларускім грамадзянствам, якія раней пакінулі Беларусь і пераехалі ва Ўкраіну, а цяпер перасеклі ўкраінска-польскую мяжу, ня могуць карыстацца правамі, акрэсьленымі ў гэтым заканадаўчым акце. Такую магчымасьць прадугледжвала папраўка ў закон, прапанаваная верхняй палатай польскага парлямэнту, Сэнатам, але ніжняя палата, Сэйм, яе адкінула. Закон аб дапамозе ўцекачам з Украіны набыў моц 12 сакавіка.
Што закон дае ўцекачам з украінскім грамадзянствам і іхным сужэнцам?
- права на легальнае знаходжаньне ў Польшчы цягам 18 месяцаў з часу перасячэньня мяжы;
- права выступіць пасьля 9 месяцаў пражываньня ў Польшчы з просьбай атрымаць дазвол на часовы побыт у краіне, які выдаецца на 3 гады;
- права на працу ў Польшчы і карыстаньне паслугамі сыстэмы аховы здароўя;
- права на працяг навучаньня ў польскіх школах і навучальных установах украінскім школьнікам і студэнтам;
- аднаразовую фінансавую дапамогу 300 злотых ($70) на чалавека;
- пакрыцьцё расходаў на пражываньне і харчаваньне на пэрыяд 60 дзён;
У якім статусе ў Польшчы ўцекачы-беларусы з Украіны?
У Польшчы ўвесь час дзейнічае пастанова Кабінэту міністраў пра стан эпідэміі (прынятая ў сакавіку 2020) — яна дазваляе асобам, якія падчас гэтага становішча легальна ўехалі на тэрыторыю краіны (зь візай або і бязь візы, але з рэгістрацыяй на мяжы), знаходзіцца ў Польшчы да заканчэньня гэтага становішча плюс 30 дзён. То бок усе беларускія ўцекачы з Украіны знаходзяцца цяпер у Польшчы на законнай падставе, бо становішча эпідэміі польскія ўлады пакуль не адмянялі.
Кіраўнік фонду дапамогі беларусам BY_help Аляксей Лявончык сказаў у эфіры Эўрарадыё, што, каб легалізаваць свой побыт у Польшчы на даўжэйшы час, беларускія ўцекачы з Украіны могуць і павінны падаваць заяву на атрыманьне міжнароднай абароны.
«Палякі міжнародную абарону вам дадуць. Статус уцекача яны вам не дадуць, бо яны не даюць яго амаль нікому. Гэта прынцыповая пазыцыя польскага ўраду, таму што статус уцекача ў адпаведнасьці з законам аб іншаземцах цягне за сабой куды больш правоў. Але міжнародная абарона дасьць вам магчымасьць працаваць у Польшчы», — адзначыў кіраўнік BY_help.
Аляксей Лявончык таксама прыгадаў, што ў адносінах да грамадзян Украіны, Беларусі, Расейскай Фэдэрацыі, Армэніі, Грузіі і Малдовы, калі толькі яны апынуліся ў Польшчы легальным чынам, увесь час дзейнічае спрошчаная працэдура атрыманьня дазволу на працу (у асноўным па падставе дэклярацыі працадаўцы, што ён мае ахвоту працаўладкаваць канкрэтнага іншаземца). Такая дэклярацыя дае права на працу цягам 2 гадоў, падчас якіх можна запусьціць працэс атрыманьня карты сталага побыту ў краіне.
Чаму палякі «забыліся» пра беларусаў?
Паводле Аляксея Лявончыка, стаўленьне польскага ўраду ці грамадзтва да беларусаў істотна не зьмянілася пасьля нападу Расеі на Ўкраіну. Тое, што пра беларусаў і іхную долю, пад уплывам падзей ва Ўкраіне, у Польшчы як быццам «забыліся», належыць да нармальнага парадку рэчаў у грамадзка-палітычным жыцьці любой краіны. Гэтаксама, дадаў ён, можа адбыцца ў будучыні і са стаўленьнем да ўкраінцаў.
«Калі гэты канфлікт (ва Ўкраіне. — РС) зацягнецца яшчэ два-тры месяцы, у большай часткі грамадзтва будзе не эўфарыя, а стомленасьць ад таго, што натоўпы людзей ідуць праз польскую тэрыторыю. Я гэта кажу не таму, што я, скажам, добра стаўлюся да беларусаў, а кепска — да ўкраінцаў. Я кажу так, бо я назіраў два міграцыйныя крызісы, адзін тэарэтычна, у Югаславіі ў 1990-х, другі ў 2015 годзе. (…) Тое самае здарылася зь беларусамі. Проста зьмянілася тэма. Зьявілася расейская агрэсія ва Ўкраіне. Пра беларусаў забыліся. Калі расейская агрэсія скончыцца і здарыцца яшчэ нешта, усе забудуць пра расейскую агрэсію ва Ўкраіне. Такая ўласьцівасьць чалавечай памяці», — лічыць Лявончык.
Паводле афіцыйных польскіх крыніц, у Польшчы на гэты час знаходзяцца каля паўтара мільёна ўцекачоў з Украіны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.