Асабістая гісторыя Аксаны Астапчук у асноўных рысах даволі тыповая для цяперашняй долі ўкраінскіх жанчын, вымушаных ратаваць сваё жыцьцё і жыцьцё сваіх дзяцей уцёкамі за мяжу.
«Мяне завуць Аксана Астапчук, я замужам, маю сына. Мне 38 гадоў, сыну 9 гадоў, — расказвае Аксана. — Да вайны я жыла ў Івана-Франкоўску і працавала ў салёне прыгажосьці. Як пачалася вайна, а ў нашым горадзе падарвалі аэрапорт, мы зь сястрой вырашылі ехаць. Але, на жаль, спачатку мы ня ведалі, куды ехаць».
На Закарпацьці
Аксана ўзяла з сабою сына і сястру Ірэну зь яе дзьвюма дочкамі, якім 10 і 19 гадоў, і яны паехалі на аўтамабілі ў бок Закарпацьця. Першапачатковы плян у жанчын быў такі, каб паехаць у Босьнію і Герцагавіну — у Аксаны там жывуць добрыя знаёмыя, харвацкая сям’я, з часу, калі яна цягам сямі гадоў езьдзіла ў гэтую краіну зь пілігрымкамі ў Мэджугор’е. Штогод больш за мільён хрысьціян з усяго сьвету зьдзяйсьняюць пілігрымку ў невялікае мястэчка Мэджугор’е ў Босьніі і Герцагавіне, верачы, што там у другой палове ХХ стагодзьдзя аб’явілася Божая Маці.
«Дзякаваць Богу, у мяне ў Закарпацьці ёсьць сябры, а сярод іх сьвятар, айцец Тарас Бурлак, які жыве каля Вінаградава, — расказвае Аксана. — Я зьвярнулася да яго і папрасіла дапамогі. У яго быў знаёмы, грэка-каталіцкі сьвятар, які дазволіў нам пераначаваць у сябе ў першую ноч».
На Закарпацьці Аксана зь сястрой і дзецьмі заставаліся пяць дзён, жывучы ў айца Тараса і спрабуючы прыдумаць, што ім рабіць далей. Ваенная сытуацыя рабілася ўсё больш складанай, і жанчыны ўрэшце вырашылі падацца далей. Разам зь імі рушыла і жонка сьвятара з дваімі маленькімі дзецьмі — усе яны вырашылі перасекчы ўкраінска-вугорскую мяжу. Аўтамабіль Аксаны і большая частка рэчаў, якія Аксана забрала з сабою з Івана-Франкоўску, засталіся ў айца Тараса.
Пешы пераход
«На ўкраінска-вугорскай мяжы на пераходах для машын стаялі вялікія чэргі, трэба было чакаць некалькі дзён. Але мы ведалі, што на гэтай мяжы ёсьць і пешыя пераходы. Мы выбралі пераход Вілак, айцец Тарас падвёз нас усіх туды на машыне, мы ўзялі з сабой толькі самыя неабходныя рэчы і перайшлі мяжу», — кажа Аксана.
«Мы ўсе мелі замежныя пашпарты, але мая сястра вярнулася дахаты, бо ў Івана-Франкоўску заставалася наша 87-гадовая бабуля, якой трэба было апекавацца. Сястра пакінула на маю адказнасьць сваіх дзяцей, і мы зь імі ды жонкай сьвятара і яе дзецьмі перасеклі мяжу. Насамрэч ніхто на мяжы не правяраў нашых пашпартоў, але ў нас усе патрэбныя дакумэнты і дазволы на перасячэньне мяжы былі. Мы пераехалі за Будапэшт, а потым у Браціславу, дзе жыла сястра айца Тараса, якая прытуліла нас на адзін дзень. Пані Мар’яна, жонка айца Тараса, таксама вярнулася ва Ўкраіну, бо там у яе, акрамя мужа, заставаліся мама і бабуля».
З Браціславы ў Прагу
Аксана ў Браціславе зразумела, што да Босьніі і Герцагавіны, дзе жывуць яе знаёмыя, дабрацца ёй будзе вельмі складана — гэта каля паўтары тысячы кілямэтраў. Таму яна вырашыла паехаць у Чэхію, дзе ў Празе жывуць і працуюць яе маці і муж, які выехаў у Чэхію за паўтара месяца да нападу Расеі на Ўкраіну. Мама і муж дапамаглі ёй купіць квіткі на аўтобус з Браціславы ў Прагу, і Аксана, яе сын і дзьве пляменьніцы шчасьліва даехалі на вакзал Флорэнц у Празе. На вакзале іх чакаў знаёмы Аксанінай мамы, які завёз усіх у прадмесьце Прагі, дзе мужаў працадаўца даў ім пакой для пражываньня ў інтэрнаце для работнікаў.
«Я вельмі ўдзячная за дапамогу айцу Тарасу, які неаднаразова нас суправаджаў у выездах да Мэджугор’я, — кажа Аксана. — Дзякуючы яму мы ў дарозе мелі ўсё, што нам было трэба, і адчувалі сябе як дома. Ніхто ніякіх грошай з нас ня браў. На жаль, сям’я айца Тараса таксама разьдзеленая — дзеці ў Браціславе, а бацькі на Закарпацьці».
Сястра
Сястра Аксаны, Ірэна, вярнулася ў Івана-Франкоўск, дзе ў яе муж і бабуля, якая патрабуе дагляду і апекі. Сястра працуе ў дзяржаўнай кампаніі «Укртелеком». У абставінах ваеннага часу сястра абавязана быць штодзень і пунктуальна на працы, нейкія прагулы ці спазьненьні пагражаюць ёй звальненьнем, адзначае Аксана. Ірэна па-за прафэсійнай працай стала валянтэркай — дапамагае жанчынам зь дзецьмі, якія ўцякаюць з усходу краіны на захад і едуць да польскай мяжы. Нейкі час у яе доме пражывалі пяць уцякачак з Кіева.
Добра ў Празе, але дома лепш
«Я добра разумею, што мне ў Празе нашмат лягчэй, чым большасьці маіх суродзічаў, якія ў Чэхіі ня маюць ні сям’і, ні знаёмых, — кажа Аксана. — У мяне тут і муж, і мама. Іншыя добрыя людзі дапамаглі і зь ежай, і з адзеньнем. У вас тут крыху халадней, а ў нас у Івана-Франкоўску сьнегу не было, таму мы ня бралі нейкай зімовай вопраткі. Ну і спачатку мы думалі ехаць у Босьнію, таму і адзеньне бралі лёгкае. Адзеньне нам тут адразу прынесьлі, маем дзе спаць, маем што есьці, і дзеці нарэшце сьпяць спакойна».
Што далей? Якія пляны на найбліжэйшую будучыню?
«Мы зарэгістраваліся ў Чэхіі, мы тут зусім легальна. Мой біямэтрычны пашпарт дазваляе мне пабыць тут 90 дзён. Але я папраўдзе спадзяюся, што праз два тыдні, максымум празь месяц, вярнуся дадому ва Ўкраіну, — адзначае Аксана Ткачук. — Мы спадзяёмся, што ўсё хутка закончыцца і я вярнуся ў Івана-Франкоўск. Калі мне было 18 гадоў, я ўжо была тут, у Чэхіі, і магла, з увагі на ўзьяднаньне сям’і, жыць тут з мамай і паступіць у інстытут. Але Ўкраіна гэта Ўкраіна. Я па нацыянальнасьці ўкраінка і хачу жыць у сваёй дзяржаве».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.