Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Портнікаў: Я ня буду зьневажаць беларусаў, як гэта робяць некаторыя мае суайчыньнікі

Віталь Портнікаў. Каляж
Віталь Портнікаў. Каляж

Украінскі журналіст і палітычны публіцыст Віталь Портнікаў піша пра «нацыянальную і маральную сумятню» беларусаў ды «блізарукасьць і недальнабачнасьць» украінцаў.

Я добра памятаю свой першы прыезд у Менск пасьля абраньня Аляксандра Лукашэнкі прэзыдэнтам Беларусі. Бел-чырвона-белыя сьцягі ўжо зьніклі з вуліц. Пасьля «рэфэрэндуму», праведзенага з ініцыятывы новага кіраўніка дзяржавы, савецкая, па сутнасьці, сымболіка зноў упрыгожыла адміністрацыйныя будынкі. Мае беларускія калегі былі ў жаху ад гэтага, але яны не былі большасьцю ў беларускай сталіцы. Простыя людзі былі ў захапленьні ад Лукашэнкі, і ім, відавочна, было ўсё роўна, якога колеру сьцяг над прэзыдэнцкай рэзыдэнцыяй. У горадзе было страшна — я гэта адчуў фізычна і калі скончыў усю сваю журналісцкую працу (а гэта быў чарговы бессэнсоўны саміт СНД), узяў таксі і паехаў да літоўскай мяжы.

Празь некалькі гадзін я піў каву ў Вільні. Сталіца Літвы таксама не рабіла ўражаньня багатага гораду, але я там быў як дома. Зьмянілася літаральна ўсё — ад сьцягоў да атмасфэры. Я адчайна думаў, што ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі Беларусь, якая ў свой час была часткай агульнай цывілізацыйнай прасторы зь Літвой, наўрад ці будзе нагадваць Літву. І я меў рацыю.

Пасьля гэтай паездкі я быў у Беларусі яшчэ некалькі разоў — і кожны раз назіраў, як краіна ўсё больш і больш пагружаецца ў Савецкі Саюз, у жудасны анабіёз. Я бачыў, як маладая Беларусь супрацьстаіць гэтай безвыходнасьці — і як яе літаральна закатываюць пад асфальт. Як людзі адварочваюцца ад тых, хто хоча, каб Беларусь была Беларусьсю. Хто хоча, каб Беларусь была Эўропай.

Калі беларусы апамяталіся, было позна. А што значыць — апамятайся. Ня ведаю, ці трэба цяпер тлумачыць, што прэзыдэнцкія выбары ў 2020 годзе былі клясычнай расейскай спэцаперацыяй па запалохваньні непакорнага беларускага дыктатара. Бо ў той час з палітычнай прасторы краіны былі ачышчаныя амаль усе, хто марыў пра дэмакратычную эўрапейскую Беларусь. Пра Беларусь, якая будзе размаўляць не на скажонай рускай, а на прыгожай беларускай мове. Пра Беларусь, за якую мне ня сорамна. (…)

Пасьля фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў беларусы выйшлі на вуліцу не за кандыдатаў у прэзыдэнты, а за свой гонар. І адразу высьветлілася, што гэты гонар несумяшчальны з фальшывымі чырвона-зялёнымі транспарантамі рэжыму, з усім рэквізытам, якім Лукашэнка дзесяцігодзьдзямі спрабаваў замяніць беларускую дзяржаўнасьць.

Менавіта ў гэты момант Лукашэнка і Пуцін — якія, вядома, ненавідзяць адзін аднаго — назаўжды сталі саюзьнікамі. Скіданьне дыктатара паўсталым народам — кашмар і для Лукашэнкі, і для Пуціна. Абодва добра ўсьведамляюць, што любыя сумленныя выбары зьнішчаць мафіёзныя чалавеканенавісьніцкія рэжымы, якія кіруюць абедзьвюма краінамі на працягу дзесяцігодзьдзяў. Пуціну стала не да гульняў з Лукашэнкам. Больш за тое, пасьля здушэньня паўстаньня беларускі дыктатар стаў яго ўгодлівым васалам — спэцапэрацыя ўсё ж удалася, хоць і вельмі высокай цаной. А цяпер адзін нябожчык цягне другога на вайну. А той цягне свой народ на вайну.

Беларусы маглі б пазьбегнуць усяго гэтага кашмару, калі б не пражылі дзесяцігодзьдзяў у нацыянальнай і маральнай сумятні, калі б не падтрымлівалі крыважэрнага бандыта, які ніколі асабліва не хаваў сваёй сутнасьці. Але я ня буду зьневажаць іх, як гэта робяць некаторыя мае суайчыньнікі.

Бо я дакладна ведаю: калі б мы не зрабілі столькі нацыянальных памылак за тры дзесяцігодзьдзі нашай незалежнасьці, то маглі б пазьбегнуць і Кучмы, і Януковіча, і акупацыі Данбасу, і Крыму, і цяперашняй страшнай вайны.

Сёньня ўкраінцы плацяць за свае памылкі, за сваю моцную блізарукасьць і недальнабачнасьць значна большую цану, чым беларусы.

Арыгінал тут.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG