Улады Славуціча сьцьвярджаюць, што ўкраінскія энэргетыкі пачалі аднаўляць энэргазабесьпячэньне ЧАЭС

Расейскі салдат на Чарнобыльскай АЭС, 26 лютага
Расейскі салдат на Чарнобыльскай АЭС, 26 лютага

Міністэрства энэргетыкі Беларусі раней паведаміла, што нібыта ўвяло напругу на электралінію «Мазыр — Чарнобыльская АЭС», каб забясьпечыць станцыю электрычнасьцю. У нацыянальнай кампаніі «Укренерго» абверглі гэта і назвалі правакацыяй.

Славуціцкая гарадзкая рада паведаміла са спасылкай на нацыянальную кампанію «Укренерго» аб пачатку рамонтных прац у чарнобыльскай зоне адчужэньня для аднаўленьня энэргазабесьпячэньня закрытай Чарнобыльскай АЭС і гораle Славуціча. Славуціч застаецца без электрычнасьці, але забясьпечаны вадой і цяплом.

Кампанія «Укренерго» не ўдакладняе месцы працы рамонтных брыгад. Там паведамілі, што яны намагаюцца працягваць абходы і рамонт інфраструктуры, пашкоджанай у выніку бамбардаваньняў.

Расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС 24 лютага. Увесь гэты час станцыю абслугоўвае адна зьмена, якая выйшла на працу напярэдадні. Расейцы не дазваляюць правесьці ратацыю пэрсаналу.

9 сакавіка стала вядома аб пашкоджаньні высакавольтнай лініі электраперадач, якая забясьпечвала энэргіяй усе ядзерныя аб’екты Чарнобыльскай АЭС, зоны адчужэньня і гораду Славуціча.

Расейскія войскі адмовілі ў арганізацыі «зялёнага» калідора для рамонтнай брыгады. Урэшце атамнікі вымушаныя былі ўключыць дызэль-генэратары для падтрымкі сыстэм бясьпекі Чарнобыльскай АЭС. Але паліва ў іх хопіць толькі на 48 гадзін.

10 сакавіка Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла, што ўвяло напругу на электралінію «Мазыр — Чарнобыльская АЭС», каб забясьпечыць станцыю электрычнасьцю. У нацыянальнай кампаніі «Укренерго» назвалі гэта правакацыяй і зноў запатрабавалі адкрыць «зялёны» калідор для ўкраінскіх спэцыялістаў.

Адначасова ва Ўкраіне заявілі, што падача электраэнэргіі зь Беларусі немагчымая, бо ўкраінская энэргасыстэма ўжо адключаная ад беларускай і расейскай энэргасыстэм ад пачатку агрэсіі Расеі.

Раней дзяржаўнае прадпрыемства «Енергоатом» паведаміла, што расейскія войскі, якія займаюць тэрыторыю Запароскай АЭС, замініравалі ўзьбярэжжа Кахоўскага вадасховішча. Акрамя таго, паводле ўкраінскай кампаніі, расейскія вайскоўцы на Запароскай АЭС абмяркоўваюць пляны накіраваць вырабленую ёю электраэнэргію ў Крым і акупаваную частку Данбасу.

​
XS
SM
MD
LG