Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць палітычныя аглядальнікі Радыё Свабода Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч
- Апошнім часам Лукашэнка і Пуцін часта размаўлялі праз тэлефон. Раптам Лукашэнка едзе ў Маскву. Гледзячы па ўсім, там ідзе вострая спрэчка, калі трэба сустракацца сам-насам.
- Адзінае пытаньне, якое магло запатрабаваць паездкі Лукашэнкі ў Маскву, — гэта больш актыўны ўдзел Беларусі ў вайне ва Ўкраіне. Гледзячы па ўсім, Пуцін хацеў бы гэтага.
- Сёньня былі абнародаваныя зьвесткі, што нібыта 16 тысячаў арабскіх добраахвотнікаў гатовыя паўдзельнічаць у гэтай вайне на баку Расеі. І Пуцін загадаў дазволіць ім гэты ўдзел. Гэта сьведчыць пра тое, што расейскіх войскаў не хапае.
- Дык нашто шукаць на Блізкім Усходзе, калі побач ёсьць саюзьнік?
- І Лукашэнка як бы абгрунтоўваў беларускі ўдзел у вайне, маўляў, украінцы зьбіраліся напасьці на Беларусь. І гэтае пытаньне застаецца адкрытым — ці здолее Пуцін уламаць Лукашэнку?
- Лукашэнка адбіваецца аргумэнтамі, што калі Беларусь будзе наўпрост удзельнічаць у вайне з Украінай, то аголіць заходні кірунак.
- Я не выключаю, што Лукашэнка пагодзіцца на ўдзел беларускага войска ў вайне. Магчыма, будуць абраныя нейкія прамежкавыя формы — скажам, беларускія войскі ў расейскай форме, ці ў складзе расейскіх падразьдзяленьняў, ці ў выглядзе «міратворцаў» для абароны Чарнобыльскай АЭС.
- Беларусь на мяжы дэфолту. Ад Расеі залежыць, ці ўратуецца Беларусь ад гэтага.
- Лідэры краінаў ЭАЭС і АДКБ мо ў Маскву і прыедуць, а вось падтрымаць Расею ў яе вайне — наўрад ці. Падчас галасаваньня ў ААН супраць асуджэньня РФ за агрэсію прагаласавала толькі сама Расея і Беларусь, больш ніхто з чальцоў ЭАЭС і АДКБ.
- Лукашэнка аказаўся адзіным саюзьнікам Расеі ў гэтай вайне. Ён і раней гэтыя аб’яднаньні падштурхоўваў у антызаходнім кірунку, хоць і безь вялікага плёну.
- Лукашэнка на фоне ненадзейных саюзьнікаў спрабуе паказаць, што ён надзейны.
Цыганкоў
- Лукашэнка можа казаць усё што заўгодна, любую лухту. У яго ўжо няма праблемы рэпутацыі. Асабліва пасьля пачатку вайны ён ужо шмат разоў казаў абсалютна супрацьлеглыя рэчы.
- Мэсыдж Лукашэнкі — вы, расейцы, малайцы, вы ўсё правільна робіце, але толькі бяз нас.
- Лукашэнка сапраўды ў інтэрвію Салаўёву казаў, што ў выпадку канфлікту з Украінай беларускае войска будзе рабіць тое ж, што і расейскае.
- Напэўна, ён думаў гэтак жа, як і многія ў Маскве — што вайна скончыцца паразай Украіны праз 3–4 дні. І, магчыма, Лукашэнка разьлічваў зьняць «вяршкі» хуткай перамогі, каб беларускія палкі ўвайшлі ў Кіеў.
- У першыя дні вайны Лукашэнка называў Зяленскага «напалеончыкам», а ўкраінскіх вайскоўцаў — «мярзотнікамі». І як гэта зьмянілася ў апошнія дні, калі стала відавочным, што бліцкрыг праваліўся. Украіна змагаецца і, можа, нават пачынае перамагаць. І ўдзел беларускага войска ў вайне не прынясе перамогі, а толькі праблемы Беларусі і самому Лукашэнку.
- Паводле ўскосных зьвестак, у беларускім войску вялікае нежаданьне ваяваць ва Ўкраіне. І гэта таксама чыньнік, чаму Лукашэнка дагэтуль не паслаў войска на вайну.
- Лукашэнка кажа расейцам, што абараняе мяжу з Польшчай і Літвой і што нельга агаляць яе, што ён не дае магчымасьці нанесьці ўдар у сьпіну Расеі.
- Лукашэнка заклікаў да салідарнасьці краінаў ЭАЭС і АДКБ з Расеяй, бо самому Пуціну казаць пра гэта было няёмка.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Ад пачатку паўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіне загінулі як найменей 34 беларусы, якія змагаюцца за яе незалежнасьць.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- Паводле звестак ААН, у выніку паўнамаштабнай вайны каля 8 мільёнаў жыхароў Украіны сталі ўцекачамі.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- За шэсьць месяцаў вайны Расея змагла акупаваць каля 20% украінскай тэрыторыі. У сакавіку 2022 году плошча акупаваных зямель даходзіла да 30%. Аднак у канцы месяца расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, а таксама з большай часткі Харкаўскай вобласьці. На канец жніўня цалкам акупаванымі былі Крым, Луганская і Херсонская вобласьці. А таксама 50% тэрыторыі Данецкай вобласьці, каля 70% Запароскай, прыкладна 30% Харкаўскай.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў.
- Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка даў інтэрвію расейскай прапагандыстцы Вользе Скабеевай, зь якога вынікала, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 1 жніўня Лукашэнка сказаў, што больш як палова тактычнай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць на беларускай тэрыторыі, ужо «завезена і разгрупавана» па краіне. Ён ня раз заяўляў, што ўжыве ядзерную зброю ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі.
- У чэрвені 2023 году ўкраінскія войскі пачалі контранаступальныя апэрацыі на ўсходзе і поўдні краіны. Расейскія войскі падрыхтавалі добра ўмацаваныя лініі абароны, таму прасоўваньне контранаступу ішло са значнымі стратамі.
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў