Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ста грамаў „Навічка“ хопіць, каб зьнішчыць Лёндан». Што такое хімічная зброя і якія наступствы яе выкарыстаньня


У цэху чэбаксарскага аб'яднаньня «Химпром», дзе выраблялася хімічная зброя, бяруць пробы паветра. 1993 год
У цэху чэбаксарскага аб'яднаньня «Химпром», дзе выраблялася хімічная зброя, бяруць пробы паветра. 1993 год

Што такое хімічная зброя, як яна дзейнічае і якія наступствы яе выкарыстаньня?

Улады ЗША мяркуюць, што Расея можа прымяніць ва Ўкраіне хімічную зброю. Вашынгтон бачыць такую небясьпеку ў тым, што расейская прапаганда актыўна распаўсюджвае фэйкі пра існаваньне біялябараторый ва Ўкраіне. Гэтым самым Расея сама рыхтуе глебу для выкарыстаньня такой зброі, лічыць прэс-сакратарка Белага дому Джэн Псакі.

У ААН заяўляюць, што нічога ня ведаюць пра існаваньне зброі масавага паражэньня ва Ўкраіне.

Расея заяўляе, што ўсю хімічную зброю зьнішчыла

На сайце Арганізацыі забароны хімічнай зброі (АЗХЗ) даецца такое азначэньне: хімічная зброя — гэта любое хімічнае рэчыва, якое накіравана на сьмяротнае паражэньне ці адмысловую шкоду за кошт ягоных таксычных уласьцівасьцяў.

У 2013 годзе АЗХЗ стала ляўрэатам Нобэлеўскай прэміі ў галіне міру, краінамі — удзельніцамі арганізацыі зьяўляюцца ў тым ліку Расея і Беларусь.

Офіс Арганізацыі забароны хімічнай зброі ў Гаазе. Архіўнае фота
Офіс Арганізацыі забароны хімічнай зброі ў Гаазе. Архіўнае фота

У 1993 годзе ў Парыжы была падпісаная міжнародная канвэнцыя аб забароне хімічнай зброі. Апроч гэтага, краіны-падпісанты абавязаліся ня толькі не ствараць новую зброю, але і зьнішчаць старую.

Па афіцыйных зьвестках, хімічную зброю мелі ня так шмат краін. Альбанія і Індыя афіцыйна заявілі, што зьнішчылі ўсе запасы. Яшчэ адна краіна, якая афіцыйна не называецца, але мяркуецца, што гэта Паўднёвая Карэя, таксама адрапартавалася аб поўнай ліквідацыі запасаў. ЗША на гэты момант зьнішчылі 75% запасаў. Ірак і Сырыя пакуль не пачалі ліквідацыі.

У 2017 годзе Расея афіцыйна заявіла, што і ў яе не засталося хімічнай зброі, на зьнішчэньне якой краінамі Захаду было выдзелена каля 2 мільярдаў даляраў. Гэтая зброя дасталася Расеі ў спадчыну ад СССР, у іншых рэспубліках Савецкага Саюзу хімічнай зброі не было.

Якія ёсьць тыпы хімічнай зброі

Вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін расказвае, што хімічная зброя шырока выкарыстоўвалася ў часе Першай сусьветнай вайны — гэта хлёр, іпрыт, фасген і іншыя. Вялікую шкоду наносілі міны, начыненыя дыфасгенам.

Брытанскія войскі на вучэньнях падчас Першай сусьветнай вайны
Брытанскія войскі на вучэньнях падчас Першай сусьветнай вайны

«Наступствы выкарыстаньня былі настолькі цяжкімі, што ў Другую сусьветную вайны, як бы бакі не ненавідзелі адзін аднаго, але не выкарыстоўвалі больш хімічнай зброі, хаця яе было вельмі шмат і ў тых, і ў другіх», — расказвае Алесін.

Існуе некалькі тыпаў хімічнай зброі, але асноўнымі зьяўляюцца два — нэрвова-паралітычныя рэчывы і скурна-нарыўныя.

«Нэрвова-паралітычныя зброя выклікае спыненьне сэрца, паралюш усіх органаў і ў выніку сьмерць. Скурна-нарыўная зброя пры трапляньні на скуру выклікае страшныя язвы, затым пранікае праз аголенае мяса ў арганізм, у выніку адбываецца сьмерць ці ад болевага шоку, ці ад атручэньня, якое пранікае ў арганізм праз крывяносную сыстэму», — кажа экспэрт.

Да першага тыпу адносяцца такія рэчывы як зарын, заман, «Навічок», да другога — іпрыт, люізыт.

Радыюс паражэньня залежыць ад ветру

Хімічная зброя можа пераносіцца праз авіяцыйныя бомбы, артылерыйскія снарады буйнога калібру, артылерыйскія міны, а таксама хімічныя фугасы, тлумачыць Алесін.

Па ягоных словах, радыюс паражэньня ў такіх бомбаў ці снарадаў залежыць ад некалькіх фактараў — адсутнасьці ці наяўнасьці ветру, тэмпэратуры паветра, памяшканьне гэта ці адкрытая прастора, віду ўзбраеньня.

«Напрыклад, радыюс паражэньня хлёру ня вельмі вялікі, бо ён цяжэйшы за паветра, але ён добра залазіць у розныя ямкі, бліндажы. Увогуле радыюс паражэньня — гэта дзясяткі, сотні мэтраў; калі няўдалая „ружа вятроў“, то могуць былі і кілямэтры», — кажа аналітык.

«Звычайны адгазьнік ня выратуе»

Алесін падкрэсьлівае, што сучасная хімічная зброя фактычна не пакідае шанцаў на выжываньне для непадрыхтаванага чалавека.

«У войсках розных краін маецца хімкамплект, у які ўваходзіць камбінэзон, панчохі, рукавіцы, адмысловы адгазьнік. Звычайны цывільны адгазьнік ГП-5 не выратоўвае, неабходны адмысловы».

Нягледзячы на забароны і падпісаныя канвэнцыі, хімічная зброя ўжываецца час ад часу і па сёньня. Напрыклад, падчас грамадзянскай вайны ў Сырыі абодва бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў гэтым. Садам Хусэйн у пачатку XXI стагодзьдзя выкарыстоўваў хімічную зброю супраць курдзкіх паўстанцаў. Абодва бакі прымянялі яе падчас ірана-ірацкай вайны (1980–1988).

«У апошнім выпадку гэта адбывалася пры дапамозе ракет „Скад“ савецкай вытворчасьці, хімічнымі рэчывамі начыняліся боегалоўкі. У СССР прадугледжваліся носьбіты хімічнай зброі, той жа славуты „Скад“, гарматы буйнога калібру, яны маглі несьці хімічную зброю», — працягвае Алесін.

Падчас акцыі пратэсту ў сталіцы Вялікабрытаніі супраць рэжыму Башара аль-Асада ў Сырыі і рэжыму Уладзіміра Пуціна ў Расеі. На плякаце — выява двух «хімічных братоў» Асада і Пуціна. Лёндан, 17 сакавіка 2018 года
Падчас акцыі пратэсту ў сталіцы Вялікабрытаніі супраць рэжыму Башара аль-Асада ў Сырыі і рэжыму Уладзіміра Пуціна ў Расеі. На плякаце — выява двух «хімічных братоў» Асада і Пуціна. Лёндан, 17 сакавіка 2018 года

«„Навічок“ эквівалентны ядзернай зброі»

У апошнія гады пра хімічную зброю часта гавораць у кантэксьце атрутных рэчываў тыпу «Навічок». Прыходзяць паведамленьні, што менавіта з дапамогай «Навічка» расейскія ўлады спрабуюць зьнішчыць сваіх апанэнтаў ці няўгодных асобаў. Вядомыя выпадкі сям’і Скрыпалёў і Аляксея Навальнага.

Распрацоўка «Навічка» савецкімі навукоўцамі вялася ад 1970-х гадоў. Пра наяўнасьць такой зброі стала вядома толькі ў пачатку 1990-х дзякуючы некаторым навукоўцам-дысыдэнтам. І СССР, і Расея захоўвалі ў сакрэце распрацоўку гэтай групы рэчываў.

Лічыцца, што агенты групы «Навічок» зьяўляюцца аднымі з самых таксычных атрутных рэчываў у сьвеце.

«Навічок» — гэта супэрхімічная зброя, практычна эквівалентная ядзернай зброі малой магутнасьці. Дастаткова некалькіх грамаў «Навічка», каб атруціць увесь раён гораду, а 100 грамамі можна лёгка зьнішчыць такі горад, як Лёндан. Гэта настолькі страшная зброя, што яе выпрабоўвалі ў Расеі на палігоне 400 на 400 кілямэтраў у тундры, каб нікога не забіць. Вядома, «Навічок» можна выкарыстоўваць у бомбах, снарадах«, — кажа Алесін.

Расейскія ўлады рапартуюць, што ня толькі спынілі распрацоўку «Навічка», але і зьнішчылі ўсе запасы. Тым ня менш Bellingcat, The Insider і Der Spiegel у сваім расьсьледаваньні за 2020 год гавораць, што Расея працягвае распрацоўваць атрутныя рэчывы «Навічок».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG