Трэцяга сакавіка Сусьветны банк апублікаваў заяву, паводле якой стала ясна, што праз уварваньне Расеі ва Ўкраіну спыніліся ўсе праграмы ў Расеі і Беларусі.
Якія праекты ў Беларусі фінансаваў Сусьветны банк?
Адукацыя
Праект «Мадэрнізацыя вышэйшай адукацыі ў Беларусі» Сусьветны банк пачаў фінансаваць у траўні 2020 году, яго заканчэньне плянавалася ў канцы 2025 году. Кошт праекта — 109,9 мільёна даляраў. Ён прадугледжваў мадэрнізацыю лябараторных памяшканьняў і іншых памяшканьняў, дзе навучаюцца студэнты, стварэньне безбар’ернага асяродзьдзя ў ВНУ, мадэрнізацыю будынкаў, каб яны былі энэргаэфэктыўнымі.
Таксама ў праграме прапісана фінансаваньне разьвіцьця навучальных праграм і інтэрналізацыя вышэйшай адукацыі ў Беларусі, каб беларускія ВНУ сталі прывабнымі для іншаземцаў.
Згодна з інфармацыяй аб праекце на старонцы Сусьветнага банку, у ім удзельнічаюць 8 унівэрсытэтаў.
Яшчэ адзін праект Сусьветнага банку ў Беларусі — мадэрнізацыя адукацыі ў школах коштам 102 мільёны даляраў. Гэты праект прадугледжваў паляпшэньне ўмоваў адукацыі для школьнікаў, пераабсталяваньне клясаў, паляпшэньне вучэбнай прасторы на вёсцы. Таксама ў ягоных мэтах прапісана паляпшэньне якасьці адукацыі. Праект быў падоўжаны да лютага 2025 году.
Мэдыцына
Яшчэ адзін праект, які Сусьветны банк фінансаваў у Беларусі, — гэта экстранае рэагаваньне на COVID-19. Яго мэты — умацаваньне патэнцыялу ўстаноў аховы здароўя, закупка мэдыцынскага абсталяваньня, мэдыцынскіх рэчаў, сродкаў індывідуальнай засьцярогі, рэагентаў.
Таксама адна з мэтаў — «паляпшэньне інфармаванасьці аб рызыках каранавірусу». У Беларусі, нагадаем, улады нават адмовіліся ад абавязковага нашэньня масак, а ўсе паседжаньні чыноўнікаў разам з Лукашэнкам праходзяць бязь іх. Кошт праекта — 100 мільёнаў даляраў, тэрмін дзеяньня — да канца 2022 году.
Камунальная гаспадарка
У камунальнай гаспадарцы Сусьветны банк фінансаваў у Беларусі адразу тры праекты. Адзін скіраваны на эфэктыўнае выкарыстаньне энэргіі для абагрэву дамоў. Ягоны кошт — 3,6 мільёна даляраў. У ягоных межах сыстэму абагрэву ў дамах пераўсталёўваюць.
Другі — больш маштабны, на 99 мільёнаў даляраў, таксама прадугледжвае пераабсталяваньне сыстэм ацяпленьня ў дамах, а таксама пераход ацяпляльнай сыстэму на ўзнаўляльную крыніцу энэргіі — драўняную біямасу.
Трэці праект, на 101 мільён даляраў, быў скіраваны на павышэньне якасьці водазабесьпячэньня і водаадвядзеньня. Адна з мэтаў гэтага праекту — паляпшэньне якасьці працы камунальных службаў за кошт фінансавай падтрымкі нацыянальных і мясцовых устаноў водазабесьпячэньня.
І яшчэ адзін кампанэнт праекту — тэхнічная дапамога ў абарачэньні цьвёрдых адходаў. Таксама ў межах праекту прапісана фінансаваньне службовых выпраў і навучаньня для групы каардынацыі праекту.
Эўразьвяз, ЗША і шэраг іншых краінаў вінавацяць Беларусь у спрыяньні расейскай агрэсіі супраць Украіны. Супраць афіцыйнага Менску ўвялі новыя пэрсанальныя і шырокія эканамічныя санкцыі.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.