Анастасія, жыхарка невялікага горада Гарадня, што ў Чарнігаўскай вобласьці, размясьціла ў сетцы пост, дзе просіць дапамагчы знайсьці свайго маладога чалавека, 29-гадовага Міхаіла Дудко. Дзяўчына расказвае, што яе хлопец — электрамантэр, разам са сваёй брыгадай паехаў у мясцовую вёску Ільмаўка. Адтуль да беларускай мяжы, як паказваюць карты Google, усяго два кілямэтры.
«Яны паехалі туды а 10 гадзіне раніцы 27 лютага, і каля 12:00 іхныя тэлефоны ўжо былі адключаныя, больш яны не выходзілі на сувязь. Стараста сельсавета ўвечары падчас камэнданцкага часу праходзіла міма і быццам бачыла, што яны сядзелі ў школе ці клюбе ў Ільмаўцы. Іх трымалі пад наглядам [вайскоўцаў], яны не рабілі на лініях, як павінны былі. Я тэлефанавала нашаму мэру, а ён ужо мне расказваў, што яны там сядзяць і іх не выпусьцяць у той жа дзень», — апісвае Анастасія.
Анастасія даслала сьпіс тых, хто быў у брыгадзе і прапаў.
У сьпісе восем мужчын, самы малады — 1998 году нараджэньня. Раніцай 28 лютага некалькі іхных маці разам з прадстаўнікамі гарадзкіх уладаў Гарадні езьдзілі ў Ільмаўку прасіць вайскоўцаў вызваліць іх. Але ні саміх вайскоўцаў, ні зьніклых мужчын у вёсцы ўжо не было.