Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Садзейнічалі расейскай агрэсіі». Пад санкцыі Эўразьвязу трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў

Дзяржсакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вальфовіч трапіў пад санкцыі ЭЗ і ЗША
Дзяржсакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вальфовіч трапіў пад санкцыі ЭЗ і ЗША

Рада Эўразьвязу ўхваліла санкцыі супраць вінаватых за расейскую агрэсію супраць Украіны. У «чорным сьпісе» разам з кіраўніцтвам Расеі і дэпутатамі Дзярждумы 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў.

«Гэты напад зьяўляецца абуральным парушэннем тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Ўкраіны», — гаворыцца ў дакумэнце.

Прынятыя цяпер абмежавальныя захады — пашырэньне санкцый за анэксію Крыму, якія ЭЗ увёў супраць 21 расійскага і крымскага палітыка 17 сакавіка 2014 года.

Санкцыі прадугледжваюць забарону ўезду на тэрыторыю Эўразьвязу ці транзыту, а таксама замарозка «ўсіх сродкаў і эканамічных рэсурсаў, якія належаць, знаходзяцца ва ўласнасьці або кантралююцца гэтымі асобамі».

У цяперашнім санкцыйным сьпісе апроч прозьвішчаў Уладзіміра Пуціна, міністра замежных спраў Сяргея Лаўрова, чальцоў Савета нацыянальнай бясьпекі Расеі і дэпутатаў Дзярждумы таксама і 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў, якія «садзейнічалі расейскай ваеннай агрэсіі зь Беларусі».

  • Уладзіслаў Бруеў — начальнік Гомельскай памежнай групы
  • Алег Эйбатаў — начальнік Мазырскага памежнага атраду
  • Дзьмітры Віньнікаў — начальнік Пінскага памежнага атраду
  • Аляксандар Пашкевіч — начальнік штаба вайсковай часткі 65408 (Лунінец)
  • Аляксандр Лазіцкі — камандзір часткі в/ч 65408
  • Андрэй Лук’яновіч — намесьнік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі проціпаветранай абароны Узброеных Сіл
  • Аляксандр Крывец — камандзір 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базы (Ліда)
  • Юры Пыжык — камандзір 61-й зьнішчальнай авіяцыйнай базы (Баранавічы)
  • Уладзімір Купрыянюк — начальнік штаба — першы намесьнік камандуючага войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня
  • Андрэй Некрашэвіч — начальніка галоўнага ўпраўлньня баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл
  • Віктар Гулевіч — начальнік Генэральнага штаба УС
  • Аляксандар Вальфовіч — дзяржсакратар Савета бясьпекі
  • Андрэй Жук — намесьнік міністра абароны
  • Сяргей Сіманенка — намесьнік міністра абароны па ўзбраеньні
  • Андрэй Бурдыка — намесьнік міністра абароны па тыле
  • Мікалай Рагашчук — памочнік Лукашэнкі — інспэктар па Гомельскай вобласьці
  • Вадзім Дзенісенка — камандуючы войскамі Сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі
  • Ігар Дземідзенка — камандуючы войскамі Заходняга апэратыўнага камандаваньня
  • Юры Шулейка — старшыня Берасьцейскага аблвыканкама
  • Іван Крупко — старшыня Гомельскага аблвыканкама

ЗША таксама ўвялі санкцыі ў дачыненьні да шэрагу фізычных асоб, прадпрыемстваў і банкаў Беларусі за падтрымку рэжымам Лукашэнкі расейскай інтэрвэнцыі ва Ўкраіну. У сьпісе 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў, уключна з Аляксандрам Вальфовічам.

Аб сэктаральных і фінансавых санкцыях у дачыненьні да Расеі абвясьцілі Вялікая Брытанія, ЗША, Канада, Японія, а Чэхія, Латвія і Літва спынілі выдачу віз расейцам, акрамя гуманітарных.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG