«Мы заўсёды гэта заяўлялі — што мы мірная краіна»
На другі дзень нападу Расеі на Ўкраіну беларускія дзяржаўныя СМІ працягваюць адмаўляць удзел Беларусі ў агрэсіі. Выданьне «Беларусь Сегодня», акрамя некалькіх паведамленьняў пра хаду вайны, перадрукаваных з расейскіх дзяржаўных мэдыя, апублікавала расшыфроўку перадачы «Альфа Радыё» з удзелам прадзяржаўнага аналітыка Аляксея Дзерманта. Ён расказаў пра ролю Ўзброеных сілаў Беларусі ў дзеяньнях расейскай арміі.
«У нас дастаткова сучасныя Ўзброеныя сілы, нам дапамагае ў гэтым Расея, – сказаў Аляксей Дзермант. — Наша асноўная задача зараз — прыкрываць заходні флянг, гэта значыць месцы, дзе сканцэнтраваныя буйныя сілы NATO: Літва, Латвія, Польшча. Мы гэта і робім: маніторым паветраную прастору, ствараем сур'ёзны ўзброены тыл. Гэта нармальнае вайскова-палітычнае супрацоўніцтва і выкананьне саюзнага абавязку. Пры гэтым мы ня ўводзім свае войскі ва Украіну. Мы заўсёды гэта заяўлялі — што мы мірная краіна, ніякіх агрэсіўных дзеяньняў у адносінах да суседзяў не робім. Украіна сама давяла да таго, што Расея была змушаная пачаць гэтую спэцапэрацыю».
«Ваяўнічая рыторыка Зяленскага»
Тэлеканал ОНТ раніцай 25 лютага апублікаваў урывак з выступу прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага, аднак толькі тую частку, дзе Зяленскі наракае на памер дапамогі Ўкраіне ад Эўразьвязу і краін Захаду.
«Гэтай раніцай мы абараняем нашую дзяржаву ў адзіноце, як і ўчора, — цытуе Зяленскага ОНТ. — Наймагутнейшыя сілы сьвету назіраюць здалёк. Ці пераканалі Расею ўчорашнія санкцыі? Мы чуем і бачым, што гэтага недастаткова».
Акрамя гэтага, супрацоўнікі ОНТ называюць рыторыку Зяленскага «ваяўнічай«, а яго прапанову Пуціну сесьці за стол перамоваў «сыгналам», зробленым «паміж словаў».
«Апэрацыя "Дэмілітарызацыя"»
На сайце БТ галоўнай навіной у сярэдзіне дня 25 лютага было наведваньне Лукашэнкам цэнтру трансплянталёгіі. Побач таксама паведамленьне аб гатоўнасьці Зяленскага ісьці на перамовы.
«Апэрацыя "Дэмілітарызацыя"», — гаворыцца ў паведамленьні. — Расейскія Ўзброеныя сілы падчас спэцапэрацыі на тэрыторыі Украіны зьбілі 5 баявых самалётаў, 1 верталёт і 5 бесьпілётнікаў. Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства абароны».
Зьвестак пра страты расейскай арміі БТ не публікуе. Паводле афіцыйных паведамленьняў Міністэрства абароны Украіны, толькі за першы дзень украінскія жаўнеры зьліквідавалі каля 800 расейскіх салдатаў. Паводле ацэнак Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, страты Расеі ў першы дзень яе баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны склалі каля 400 чалавек.
«Разбурэньне дарог»
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА інфармуе аб афіцыйных заявах міністра замежных справаў Расеі Лаўрова і прэс-сакратара Пуціна Пяскова, у якіх яны выказваюцца аб жаданьні Ўладзіміра Зяленскага сесьці за стол перамоваў. Акрамя гэтага, БелТА інфармуе аб сытуацыі на беларуска-ўкраінскай мяжы.
«Беларускія пункты пропуску «Новая Рудня» і «Новая Гута» працягваюць функцыянаваць, аднак падʼезды да іх з тэрыторыі Украіны ўскладненыя з прычыны разбурэньня дарог і не заўсёды бясьпечныя, — паведамляе БелТА з спасылкай на Памежны камітэт. — Акрамя таго, паводле інфармацыі Міністэрства замежных справаў Беларусі, за мінулыя содні некалькі соцень чалавек перасеклі ўкраінска-беларускую мяжу ў вышэйназваных памежных пераходах. У ДПК нагадалі, што пасольства Беларусі і Галоўнае консульскае ўпраўленьне МЗС пераведзеныя на кругласуткавы рэжым працы і будуць аказваць дапамогу ў эвакуацыі, а таксама іншае спрыяньне пры неабходнасьці».
Прычынаў таго, чаму пад’езды з боку Украіны да беларускіх памежных пераходаў не заўсёды бясьпечныя, агенцтва не ўдакладняе.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.