Адключэньне Расеі ад SWIFT «абмяркоўваецца», — францускі міністар

Міністар фінансаў Францыі Бруно Лё Мэр 25 лютага заявіў, што пытаньне аб адключэньні Расеі ад сусьветнай міжбанкаўскай платнай сыстэмы SWIFT разглядаецца, але гэта «апошняя інстанцыя».

«Гэта крайняя мера, SWIFT, але гэта адзін з варыянтаў, які надалей абмяркоўваецца», — сказаў Лё Мэр журналістам перад сустрэчай у Парыжы з сваімі калегамі з эўразоны, піша Reuters.

У сваю чаргу прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн напярэдадні, 24 лютага, заявіў, што ЗША і ЭЗ наўрад ці адключаць Расею ад SWIFT.

Пры гэтым ён адзначыў, што да пытаньня можна вярнуцца.

Акрамя таго, старшыня Эўрапейскай рады Шарль Мішэль заклікаў сусьветную супольнасьць падтрымаць Украіну. Ён таксама абвясьціў аб другой хвалі санкцый ЭЗ.

«Я размаўляў з прэзыдэнтам Зяленскім, калі расейскія войскі працягваюць атакаваць Кіеў. Я заклікаю Крэмль неадкладна спыніць гвалт», — сказаў ён.

Міністры замежных справаў 27 краін Эўразьвязу сустракаюцца 25 лютага для тэрміновых перамоваў аб маштабным уварваньні Расеі ва Ўкраіну.

Зяленскі заклікаў Пуціна «сесьці за стол перамоваў, каб спыніць гібель людзей».

25 лютага прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заклікаў ЭЗ прыняць больш жорсткія захады супраць Расеі.

Украінскія ўлады патрабуюць адключыць Расею ад SWIFT, пераважнай сыстэмы глябальных фінансавых апэрацыяў. Латвія, Эстонія і Літва таксама заклікаюць да неадкладнага выключэньня Расіі, але пэўныя краіны ЭЗ перасьцерагаюць ад гэтага кроку.

Тым часам, паводле расейскіх СМІ, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што Крэмль гатовы да перамоваў на высокім узроўні з Украінай. Крэмль афіцыйна не пацьвярджае гэтага, а яго вэб-сайт пакуль не працуе.

​
XS
SM
MD
LG