Як паведаміла DW, за першы дзень пасьля ўварваньня расейскіх войскаў ва Ўкраіну багацьце найбагацейшых людзей Расеі, паводле Bloomberg, паменшылася на 39 мільярдаў даляраў. Гэта больш, чым іх страты ад пачатку году, паведамляе агенцтва.
Страты нанесеныя ўва ўсіх катэгорыях актываў, адзначае Bloomberg. Так, у выніку таргоў 24 лютага індэкс Маскоўскай біржы ўпаў больш чым на 33%, РТС — амаль на 40%. Курс амэрыканскага даляра падскочыў да рэкорднага ўзроўню 89,60 рубля, а эўра — 99,99 рубля.
Сярод бізнэсоўцаў найбольшыя страты адчуў прэзыдэнт «Лукойла» Вагіт Алекпераў: ягоныя актывы, паводле інфармацыі Bloomberg, скараціліся на 6,2 мільярда даляраў — да 13 мільярдаў. Акцыі нафтаздабыўнай кампаніі ўпалі ў чацьвер прыкладна на 33 працэнты.
Кіраўнік мэталюргічнай кампаніі «Северсталь» Аляксей Мардашоў страціў 4,2 мільярда даляраў, у выніку яго багацьце скарацілася да 23 мільярдаў. Найбагацейшы, як падлічыў Bloomberg, чалавек у Расеі, прэзыдэнт «Нарыльскага нікелю» Ўладзімір Патанін, страціў 3 мільярды даляраў.